Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: «Я ўпэўнены — мы сабралі подпісы. Бо мы плацім за іх»


Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

У чарговай перадачы сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Віктар Цярэшчанка адказвае на пытаньне, дзе ён быў 19 сьнежня, узгадвае, як сутыкнуўся з фальсыфікацыямі, і распавядае, чаму ён упэўнены, што ягоная каманда сапраўды сабрала сто тысяч подпісаў на сёлетніх выбарах.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Свабода працягвае цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Ва ўсіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы пытаемся, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію і што думаюць наконт таго, якім шляхам у Беларусь прыйдуць перамены. На выбарах 2010 году кандыдат Віктар Цярэшчанка, паводле афіцыйных дадзеных, набраў 1,19 працэнта галасоў.

Цыганкоў: Традыцыйна ў гэтай рубрыцы я пачынаю размову з тых выбараў, у якіх удзельнічаў кандыдат. Але цяпер у нас нестандартны варыянт, бо вы прэтэндэнт і на гэтых выбарах. Таму пачнём з кампаніі-2015. Ваша каманда ўжо заявіла, што сабралі неабходныя сто тысяч подпісаў. Вельмі шмат людзей ставяцца да гэтых заяваў даволі скептычна — папросту ня вераць, што гэта магчыма. Што вы адкажаце скептыкам?

Цярэшчанка: Сабраныя подпісы знаходзяцца ў рэгіёнах, прымаюцца нашым выбарчым штабам. У нас на сёньня прыкладна 128 тысяч. Чаму я ўпэўнены ў гэтых лічбах? Бо мы плацім грошы за подпісы. І грошы ня плацяцца за пустышку альбо за меркаваньне кагосьці ў нейкім артыкуле. Любыя здадзеныя подпісы мы пераправяраем, і калі заўважаем памылкі, недарэчнасьці, адразу іх выпраўляем. Амаль ніхто зь іншых прэтэндэнтаў яшчэ не здае подпісы ў выбарчыя камісіі, усе робяць праверкі на ўзроўні сваіх штабоў.

Цыганкоў: Вы прызналіся, што плаціце за подпісы — усё гэта ў рамках закону. Але лягічным будзе задаць наступнае пытаньне — ці ёсьць у вас фінансавыя спонсары, ці, можа, вы траціце на кампанію свае ўласныя грошы?

Цярэшчанка: У рамках заканадаўства і пастановаў ЦВК спонсарамі могуць быць грамадзяне Беларусі і суб’екты гаспадараньня ва ўстаноўленых памерах. Грошы могуць плаціцца ў фонд кандыдата, — а могуць быць і прамыя ахвяраваньні. Але ніхто пра гэта звычайна не гаворыць.

Цыганкоў: Прэса і грамадзтва традыцыйна даюць нейкія азначэньні кандыдатам — «прадстаўнік улады», «апазыцыя», «спарынг-партнэр». Як бы вы вызначылі сваю ролю ў гэтай кампаніі?

Цярэшчанка: Я стаўлюся да гэтага пытаньня спакойна і кажу так — хлопцы, гэта не КВЗ. Тут вылучае народ, і давайце ставіцца сур’ёзна да выбараў першай асобы дзяржавы. Людзі ня ведаюць нічога пра мяне, ня ведаюць маёй праграмы — і нешта пішуць.

Чаму мы адзін аднаму перашкаджаем і дайшлі да таго, што на сёньня няма адзінага кандыдата? Я на паседжаньні ЦВК падчас рэгістрацыі ініцыятыўных групаў зьвярнуўся да ўсіх — давайце аб’яднаем намаганьні! У кагосьці маленькія групы, у кагосьці праблемы ў зборы подпісаў — навошта нам лішнія сродкі і час марнаваць? Давайце аб’яднаем нашы ініцыятыўныя групы! Я не знайшоў падтрымкі ні ў кога.

Я быў і застаюся эканамістам. Я не прадстаўляю ніякую палітычную партыю, я хачу падняць Беларусь па эканоміцы, мы валімся ніжэй за траву. Чаму адразу спрабуюць укусіць таго чалавека, які кажа пра эканоміку? Мы дэвальвавалі свой рубель у 5 разоў пасьля 2010 году! Я быў і застаюся прыхільнікам эканомікі і гавару толькі пра эканоміку. Пяць з паловай мільёнаў сёньня жывуць у жабрацтве, хіба гэтага не відаць?

Але я быў і застаюся прыхільнікам дзяржавы. Я паўсюль пішу — нам трэба памяняць не прэзыдэнта (Іваноў, Пятроў, Лукашэнка — ня важна, хто будзе), а фэадальную сыстэму кіраваньня. Грашова-крэдытная палітыка, падатковая палітыка, матывацыя да працы.

Віктар Цярэшчанка і Рыгор Кастусёў з пасьведчаньнямі кандыдатаў у прэзыдэнты ў 2010 годзе
Віктар Цярэшчанка і Рыгор Кастусёў з пасьведчаньнямі кандыдатаў у прэзыдэнты ў 2010 годзе

Цыганкоў: Усё-ткі як бы вы сфармулявалі сваю мэту ўдзелу ў выбарах? Якая ваша звышзадача?

Цярэшчанка: Віталь, ну калі грошы будуць дэвальваваць — пра што мы можам гаварыць? Бюджэт ня можа гэта вытрымаць, мы ня можам

Сёньня нібыта наўмысна падабралі самых нікчэмных кандыдатаў, якія ня ведаюць, колькі цыцак у каровы.

прадаць свае тавары і паслугі.

Сёньня нібыта наўмысна падабралі самых нікчэмных кандыдатаў, якія ня ведаюць, колькі цыцак у каровы. Ну што мы робім з краінай — яшчэ згубіць 20 гадоў? Куды мы прыйдзем? У жабрацтва, у рабства.

Цыганкоў: Як вы ацэньваеце свой удзел у якасьці кандыдата на выбарах 2010 году? Як ён паўплываў на ваша жыцьцё?

Цярэшчанка: Як эканаміст, аналітык і практык, я бачыў, што тэндэнцыі тады вялі да абвалу нацыянальнай валюты, страты канкурэнтаздольнасьці эканомікі. Я бачыў прычынна-выніковыя мэханізмы, якія вялі краіну па крызісным шляху. Я бачыў, як Беларусі трэба выйсьці на той шлях, якім прайшла Японія і стала вядучай краінай сьвету ў кароткі тэрмін. Я ішоў на выбары зь яснай і дэталёвай праграмай, здольнай рэальна вывесьці краіну зь фінансава-эканамічнага крызісу. Усё, што я хацеў сказаць тады і што кажу сёньня — усё гэта застаецца актуальным, пачытайце маю праграму. І калі сёньня не прыняць, што я прапаную — то Беларусь абваліцца і далей.

2010 год, на жаль, ня даў уроку людзям і выканаўчай уладзе. Гэтая ўлада вядзе нас у нікуды.

Цыганкоў: Вы адзін зь нямногіх кандыдатаў, якія не заклікалі на Плошчу ў 2010 годзе. Нагадайце, як адбываліся падзеі вакол вас 19 сьнежня?

Цярэшчанка: Я быў на Плошчы прыкладна 40 хвілін, яшчэ на Кастрычніцкай плошчы. Але потым я паехаў у жывы эфір на ОНТ, дзе мяне запрасілі ў перадачу «Выбар», якую вёў Сяргей Дарафееў. Я ня ведаў, каго там яшчэ запрасілі. Калі я прыйшоў на плошчу, я бачыў людзей эмацыйных, людзей, якія спадзяваліся на рэальнае адлюстраваньне волі народа праз выбары. Яны прыйшлі сюды як на сьвята.

Але я бачыў і іншых маладых людзей, якія кідалі ўверх бутэлькі піва, і яны падалі на каток, дзе каталіся людзі. Я хачу расказаць, што было 9–10 сьнежня, за 10 дзён да выбараў. Кандыдаты сустракаліся і вырашалі, што рабіць. І я казаў — навошта ў нядзелю, у дзень выбараў ісьці на Плошчу, давайце мы пойдзем у панядзелак. Не, трэба ў нядзелю паказаць ім, дзе камар козы пасе. Я быў супраць. І я меў рацыю. Бо сёньня ўсе ўжо ведаюць, зь якога боку была арганізацыя гэтай Плошчы. Я разумеў, што эмоцыі прывядуць да хаосу, і разумеў, чым гэта можа скончыцца.

Цыганкоў: Многія людзі перакананыя, што праз выбары зьмяніць уладу ці хаця б дабіцца значных пераменаў у палітыцы немагчыма. Калі не праз выбары, то якім шляхам могуць прыйсьці перамены ў Беларусь?

Цярэшчанка: Мушу пагадзіцца з тым, што вы сказалі. У мяне таксама няма ўпэўненасьці ў тым, што выбары будуць аб’ектыўнымі і будуць адлюстроўваць волю выбарнікаў.Тры гады таму я балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў, Шаркаўшчына — Паставы —

Можа, хто і падтасуе вынікі — але Бог усё бачыць.

Браслаў. І яшчэ раз сутыкнуўся з гэтай праблемай, убачыў гэтую фальсыфікацыю. Раённая камісія мяне не зарэгістравала, ЦВК адмовіў, Вярхоўны Суд усё вярнуў, але я страціў два тыдні. Я ведаю, што Браслаўскі рэгіён галасаваў за мяне — але яны памянялі месцамі.

Вядома, няма ўпэўненасьці і тут, на прэзыдэнцкіх выбарах. Але ўсё гэта залежыць ад нас, нашых блізкіх, суседзяў, якія зьяўляюцца сябрамі камісіяў. Іншага шляху ў нас няма. Які — рэвалюцыйны? Я яго не падтрымліваю. Узьнікнуць нацыянальныя, рэлігійныя праблемы, усё, што можна — навошта нам гэта? Іншага шляху няма, трэба кандыдатам падтрымліваць адзін аднаго, не перашкаджаць данесьці сваю праграму і даць людзям пайсьці на выбары і выказаць сваю волю. Можа, хто і падтасуе вынікі — але Бог усё бачыць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG