Васіль Аўраменка нарадзіўся ў 1958 у Мазыры. Паляшук па паходжаньні, аптыміст па нацыянальнасьці, беларус па веравызнаньні. Публіцыст, неабыякавы да беларускай гісторыі і сучаснасьці, колішні аўтар «ЛіМа», «НН», «Архэ», літаратурнага альманаху «Брама». Па прафэсіі — лекар-нэўроляг. Хобі — бардаўская песьня. Аўтар кніжкі «Нябачнае і ява. Фрагмэнты інтымнай аўтабіяграфіі» (2013). Жыве ў Магілёве.
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для ўсіх, хто чытае па-беларуску.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Зранку ў выходныя, пакуль усе сьпяць. Найлепш восеньню, найгорш летам у сьпёку.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Такая, пэўна, не напісана. Альбо я яе не прачытаў?
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Гэткі Раскольнікаў, які ў апошні момант не наважыўся апусьціць сякеру.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Найперш Мілаш, але ж і Чэхаў, Караткевіч, Быкаў (савецкага пэрыяду)...
6. Што вы цяпер чытаеце?
«Ferdydurke» Гамбровічa, перакладную містыку «Вусьцішны пакой».
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Не паліглёт, хутчэй — монаглёт. Калі не лічыць «нямецкую са слоўнікам» і «матчыну ўкраінскую» бяз слоўніка — то ніякую.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Яна пакуль адна, як і жонка ці радзіма. Таму без варыянтаў — «Нябачнае і ява».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Вялікую і тоўстую. Але не атрымаецца — ня хопіць сядучасьці, зацятасьці і таленту.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Такая ілюзія бывае ў самым пачатку новай вандроўкі альбо невядомай дарогі. А яшчэ зранку, у момант пераходу ад сну да явы. Між іншым, гэта час нараджэньня самых крэатыўных задум.