Слова «супэрфуд» язык не паварочваецца назваць тэрмінам, вытокі яго паходжаньня я нават не бяруся шукаць. Хутчэй за ўсё, яно ўзьнікла спантанна і адначасова сярод многіх англамоўных людзей і хутка разышлося ў масы. На навуковых канфэрэнцыях і ў навуковых артыкулах гэтае слова не ўжываецца. У навуковым сьвеце гаворыцца пра нутрацэўтыкі.
Слова нутрацэўтык атрымалася з ангельскіх «харчаваньне» і «фармацэўтычны», і было прыдумана ў 1989 годзе доктарам Дэ Фэлічэ. Слова гэтае тычыцца прадуктаў або іх частак, якія маюць карысьць для здароўя, у тым ліку прафіляктыкі і лячэньня захворваньняў.
Ягады — сапраўдныя супэрфуды
Ягады традыцыйна спажываюцца ва ўсім сьвеце, каб прадухіляць і лячыць розныя хваробы. У апошняе дзесяцігодзьдзе некаторыя з ягад, што традыцыйна выкарыстоўваюцца ў некаторых частках сьвету, перавандравалі на рынкавыя прылаўкі іншых частак пад маркай супэрфудаў. Добрыя таму прыклады — гэта ягады годжы ці пудра з сушаных ягад асаі. Іншы цікавы прыклад — добра вядомы нам гранат. У Злучаных Штатах ён быў увогуле невядомы да нядаўняга часу. Але, дзякуючы агрэсіўнаму маркетынгу, продаж гранатавага соку ў Злучаных Штатах павялічыўся з $ 84.507 у 2001 годзе да $ 66 млн. у 2005 годзе.
Сваімі карыснымі якасьцямі ягады і іншыя расьліны абавязаны так званым фітахімікаліям. Фітахімікаліі — гэта біялягічна актыўныя расьлінныя злучэньні, якія адказваюць за колер, водар, смак і іншыя характарыстыкі расьлін. Больш за 10.000 фітахімікаліяў вызначана на сёньняшні дзень, але вялікі працэнт да гэтага часу невядомы. У целе чалавека фітахімікаліі могуць імітаваць гармоны, дзейнічаць як антыаксыданты і, верагодна, падаўляць разьвіцьцё захворваньняў.
Абсалютна ўсе ягады нясуць вялізную карысьць для здароўя. Дзеля аб’ектыўнасьці трэба, аднак, адзначыць, што гранат і чарніцы дасьледуюцца ў клінічных умовах больш за іншыя.
Гранат і гранатавы сок: зьніжэньне халестэрыну і крывянога ціску
Сваім моцным антыаксыдантным уласьцівасьцям гранат абавязаны ўнікальнаму поліфэнольнаму комплексу, які ўключае тлустыя кіслоты, пунікалагіны, дубільныя рэчывы, элагавую кіслату і антацыяны. Поліфэнолы, дарэчы (раней вядомыя ў сукупнасьці як Вітамін Р), зьяўляюцца прадуктамі ўнутранага мэтабалізму расьлін і маюць фізыялягічна важнае значэньне для працэсаў росту, пігмэнтацыі, апыленьня і г.д. Элагітаніны зьяўляюцца асноўнымі поліфэноламі пладоў граната і ягонага соку, дзякуючы ім гранат мае такое ўмацавальнае ўзьдзеяньне на здароўе.
Цяпер актыўна вядуцца дасьледаваньні, якія вывучаюць уплыў граната на здароўе сэрца. Клінічныя выпрабаваньні паказваюць, што рэгулярнае ўжываньне граната зьніжае ўзровень «шкоднага» халестэрыну, павышае ўзровень «карыснага» халестэрыну і паніжае крывяны ціск.
Чарніцы: ахова ДНК
Чарніцы належаць да той жа сям’і верасовых, што і журавіны, азалія, горны лаўр, рададэндрон. Чарніцы і дурніцы (або яшчэ буякі) — вельмі блізкія сваячкі. У сьвеце культывуюцца некалькі гатункаў дурніцаў, а вось чарніцы растуць толькі ў лесе. З бытавых пазыцый чарніцы адрозьніваюцца тым, што пэцкаюць рукі і вопратку, а вось дурніцы не пакідаюць бачных сьлядоў. Што да пажыўнасьці і карысьці, то ўсё ніжэй напісанае будзе датычаць як чарніц, так і дурніц.
Чарніцы, таксама як і гранат — вельмі моцны антыаксыдант. Яны ўтрымліваюць прыкладна ў 3 разы больш антыаксыдантных рэчываў, чым трускаўкі або маліна.
Чарніцы, сярод іншых уласьцівасьцяў, процістаяць пашкоджаньню ДНК. Большасьць людзей уяўляе ДНК як нейкую непарушную адзінку, якую мы атрымліваем яшчэ да нашага нараджэньня і якая застаецца з намі назаўсёды. На жаль, гэта ня так. Зьмены, зьвязаныя з дысбалянсам харчаваньня і мікрафлёры кішэчніка, могуць быць перанятыя ў спадчыну і паўплываць на здароўе чалавека і яго нашчадкаў. Наша харчаваньне мае агромністы ўплыў на стан ДНК.
Шэраг клінічных экспэрымэнтаў прадэманстраваў здольнасьць чарніц процістаяць пашкоджаньню ДНК. Людзі, якія штодзённа спажываюць чарніцы ці сок з чарніц, маюць значна ніжэйшы ўзровень акісьленай ДНК, чым тыя, хто не ўжывае ягады. У спажыўцоў чарніц таксама адзначаная павышаная стойкасьць да пашкоджаньня ДНК, індукаванага акісьленьнем. Дарэчы, ахоўная функцыя чарніц назіраецца таксама і пасьля аднаразовага іх ужываньня.
Чарніцы я лічу самым сапраўдным супэрфудам. У наступным артыкуле падзялюся даступнымі прадуктамі (можам назваць іх супэрфудамі, можам нутрацэўтыкамі, а можам проста асобнымі прадуктамі), якія маюць унікальны склад і могуць істотна і пазытыўна паўплываць на самаадчуваньне.