Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі затрымалі Кастуся Жукоўскага і Натальлю Крывашэй за фатаграфаваньне міліцэйскай шыльды

абноўлена

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

У Гомелі міліцыянты Цэнтральнага РАУС затрымалі журналістаў-фрылансэраў Кастуся Жукоўскага і Натальлю Крывашэй.

Журналісты здымалі пікет лекара Яўгена Годара і ягонай жонкі Азы Годар, якія працяглы час вядуць судовыя цяжбы ў зьвязку з праблемамі жыльлёвага каапэратыву, у якім будавалі кватэру. Пасьля затрыманьня сямейнай пары журналісты рушылі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, каб даведацца пра лёс Годараў.

Натальля Крывашэй
Натальля Крывашэй

Натальля Крывашэй паведаміла зь міліцыі, што Кастусь Жукоўскі фатаграфаваў шыльду Цэнтральнага РАУСу, і міліцыянты літаральна запхнулі Кастуся ў аддзел. Саму Натальлю затрымалі як сьведку.

«Павышалі голас, лаяліся, казалі, што мы сядзем, што будуць складаць пратакол, чаго мы тут здымаем. Нібыта Кастусь наагул пагражаў міліцыянтам забойствам. Адзін з супрацоўнікаў, які назваўся Максімам Мінтусавым, дагаварыўся да таго, што Жукоўскі „здымаў ягоны будынак, каб потым выкласьці здымкі ў інтэрнэт — з тым, каб яго шукалі і потым забілі“», — апавядае Натальля.

Міліцыянты патрабавалі ад Жукоўскага пакінуць здымачную апаратуру ў камэры захоўваньня — ён пагадзіўся, калі будзе складзены пратакол на выманьне ягоных асабістых рэчаў. Міліцыянты складаць пратакол адмовіліся, але забралі флэшку памяці з фотаапарата фрылансэра.

Пасьля амаль трохгадзіннага затрыманьня журналістаў выпусьцілі з Цэнтральнага РАУСу. Перад гэтым у Кастуся Жукоўскага узялі тлумачэньне з нагоды заявы супрацоўніка міліцыі Максіма Мінтусава, які сьцьвярджаў пра пагрозы на яго адрас з боку журналіста. Тлумачэньні давала і Натальля Крывашэй, якая адзначыла, што Жукоўскі патрабаваў ад міліцыянтаў дзейнічаць адпаведна з законамі: «Калі затрымліваеце, то тлумачце, за што, калі забіраеце рэчы, то складайце пратакол. Бо калі не выконваць законы, то можа здарыцца тое, што адбылося ва Ўкраіне».

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі міліцыянты затрымліваюць Кастуся Жукоўскага і Натальлю Крывашэй. 16 ліпеня супрацоўнікі ДАІ перапынілі іх у Рэчыцкім раёне — пасьля таго як яны зьнялі сюжэт пра ўспышку хваробы сьвіней у вёсцы Першамайск.

На падставе міліцэйскіх пратаколаў суды неаднаразова штрафавалі Жукоўскага і Крывашэй за «выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі» для тэлеканалу «Белсат».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG