Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Лукашэнкі


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Карнавалу пэўна ня будзе. Нават у тым значэньні, у якім ужываў гэты тэрмін Міхаіл Бахцін. Піша Аляксандар Фядута.

Мама расказвала мне, што яны адчувалі пасьля сьмерці Сталіна. Страх перад невядомым: што будзе заўтра? Ад страху і плакалі.

Маму дзяўчынкай у вайну пагналі ў Нямеччыну. І потым, калі ў 1949 годзе ёй далі рэкамэндацыю ў кампартыю, бюро Гарадзенскага гаркаму яе не прапусьціла. Устаў чэкіст і спытаў: «Чаму вы засталіся жывыя, калі ўсе сумленныя людзі ў Германіі загінулі?» І пасьля гэтага, з 1949 па 1953, яе штомесяц выклікалі ў аддзяленьне дзяржбясьпекі на вуліцы Тэльмана (гарадзенцы ведаюць), каб задаць гэтае сакрамэнтальнае пытаньне.

Так што плакала яна не ад любові да правадыра. Проста ён быў вядомым злом, якое заўсёды здаецца меншым.

Тое ж самае будуць адчуваць сотні тысяч грамадзян Беларусі. Тыя, хто працуе сёньня на нашых ушчэнт стратных прадпрыемствах. Тыя, хто атрымлівае пэнсію практычна за кошт уласных унукаў. Тыя, каму ёсьць што губляць пасьля прыходу свабоды.

Здаецца, некалі ў аналізе апытаньняў НІСЭПД Юры Дракахруст зьвярнуў увагу: апазыцыя спадзявалася, што лукашэнкаўскі электарат вымра. А ён не вымірае. Проста на зьмену аднаму пакаленьню пэнсіянэраў прыходзіць іншае, якому таксама патрэбная не свабода, а сацыяльныя гарантыі. Маленькая пэнсія патрэбная, але своечасова. Бясплатны праезд на электрычках. І — гэтак далей.

Прайшло дваццаць гадоў. Тыя, каму ў момант абраньня Лукашэнкі было сорак, сёньня пэнсіянэры. Гэтыя гарантыі патрэбныя ім. Тым, хто яшчэ памятае паветра свабоды, тых, каму свабода даражэйшая за пэнсію, — катастрафічная меншасьць.

Гэта — першае.

Другое. Расчараваньне. Лукашэнка сышоў, але засталіся ўсе астатнія. Хай нават ня так, як у Яўгена Шварца ў «Драконе»: «Я пакідаю табе рваныя душы, прапаленыя душы, дзіравыя душы». Хай — нармальныя. Але гэта будуць тыя ж самыя асобы. Тыя ж самыя чыноўнікі, судзьдзі, міліцыянты. Адкуль узяцца іншым? Спаміж шалёных апазыцыянэраў, якія лямантуюць пра люстрацыю? Але Беларусь — не Ўкраіна, дзе ёсьць вялікі пласт прыватнага бізнэсу, незалежныя адвакацкія канторы, унівэрсытэцкая прафэсура, якая звыкла думаць самастойна. Ва Ўкраіне ёсьць традыцыя рэальнай палітычнай канкурэнцыі. Адкуль узяцца новым людзям у нас? І ад таго, што дырэктар тэатру сыдзе на пэнсію, трупа ня зьменіцца. А Саакашвілі не разарвецца і не клануецца.

І нарэшце.

Я пайшоў у апазыцыю ў трыццаць гадоў. Тагачасныя трыццацігадовыя былі апошнімі апазыцыянэрамі, у якіх быў досьвед хоць нейкай працы ў дзяржаўным апараце. Нас — адзінкі. Лябедзька (двойчы дэпутат), Фядута, Чалы. Хто яшчэ? Калякіну, які здаваўся ў тыя часы маладым, энэргічным, бадзёрым кіраўніком раённай адміністрацыі, сёньня — шэсьцьдзесят пяць. Альтэрнатывай лукашэнкаўскім гадаванцам становяцца пэнсіянэры? Ці — такія ж лукашэнкаўскія гадаванцы, у якіх няма іншага ўменьня — уменьня трымаць удар. А час будзе ўдараць балюча.

Сумна ўсё гэта...

Не да карнавалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG