Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шоў «Дзьве зьвязды»: Хто да каго прымазаўся


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Удзельнікі сёлетняга паходу ў прэзыдэнты «крэатывяць» ня самі, а «падсядаюць на іншых» – на тое, што можа спрацаваць. Як тыя дзеці на санках, што падчапляюцца да трамвая. Дык хто да каго прымазаўся?

Лукашэнка – да Дэпардзьё

Незалежныя СМІ адразу напісалі, які Дэпардзьё забыты актор, сэканд-хэнд, непераборлівы ў палітыцы. А паглядзіце, які прыгожы старт кампаніі ў першага прэзыдэнта атрымаўся, якой роўнай лінейкай ідуць касцы! Проста як у Анатоля Сыса: «І сталі дружна, шчыра, шчыльна, як на касьбе ці на сяўбе». І разам зь імі Дэпардзье! Што праўда, тэматычна сытуацыя ня новая, мінулы раз быў Кустурыца.

Гайдукевіч – да Лукашэнкі

Гэтыя санкі з трамваем таксама ня новыя. Гайдукевіч – даўні «супернік», адмыслова для віншаваньня першага прэзыдэнта з чарговай элегантнай перамогай.

Рух «Разам» – да вылучэньня Статкевіча

Адзіная адэкватная ідэя ў гэтым тэатры абсурду – вылучэньне палітвязьня Міколы Статкевіча – была падхопленая рухам Вячаслава Сіўчыка (Караткевіч і Лябедзька далучыліся) і атрымала адпаведны тэатру абсурдны працяг – зварот да ЦВК з патрабаваньнем самароспуску гэтай установы. Січас! – адказалі там.

Рух «За свабоду» – да ЦВК

Будзем правяраць подпісы, сабраныя за кандыдатаў! – заявілі людзі Аляксандра Мілінкевіча. Паралельна з ЦВК… Чым бы яшчэ заняцца на гэтых выбарах?

Лябедзька – да НРМ

У майках «Миллион НРМ» па гарадах і вёсках Беларусі працуюць зборшчыкі подпісаў за Анатоля Лябедзьку. Праўда, знаны брэнд культуры цяпер азначае іншае – «миллион новых рабочих мест». Галоўнае, каб пра гэта ніхто не здагадваўся. А за НРМ падпісацца для фанатаў – сьвятая справа. Праўда, за Макса Каржа было б болей подпісаў, ён усё ж Мінск-арэну сабраў. І лёзунг гатовы: «Лебедько в президенты хошь? Получи максимальный корж!». Скарочана – Макс Корж.

Шоў «Дзьве зьвязды» пачалося! Да каго б яшчэ прымазацца…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG