Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі прызыўнік заробіць 3 тысячы эўра за 9 месяцаў службы


Войскі літоўскай арміі праводзяць дэсантную апэрацыю падчас шматнацыянальных вучэньняў "BALTOPS 2012» у Немірсэта, 11 чэрвеня 2012 году
Войскі літоўскай арміі праводзяць дэсантную апэрацыю падчас шматнацыянальных вучэньняў "BALTOPS 2012» у Немірсэта, 11 чэрвеня 2012 году

На тле расейскай агрэсіі на ўсходзе Ўкраіны краіны Балтыі ўзмацняюць падрыхтоўку рэзэрвістаў.

Так, у Літве сёлета адноўлены воінскі прызыў, скасаваны пасьля пераходу на прафэсійную армію ў 2008 годзе. Ужо ў жніўні блізу 3 тысяч прызыўнікоў пачнуць праходзіць 9-месячную службу. Так будзе цягам бліжэйшых 5 гадоў.

19-гадовы Шарунас Анушаўскас «дагульвае» апошнія дні — неўзабаве ў войска. Да абавязку ставіцца з разуменьнем, «ухілісцкія» настроі адкідае. Ці насамрэч, зь ягонага гледзішча, вяртаньне абавязковай вайсковай службы справакавана сытуацыяй ва Ўкраіне?

«Зьвязаць аднаўленьне абавязковай ваеннай службы можна шмат з чым, але ж паглядзіце, такая хваля пайшла практычна па ўсёй Эўропе. Шмат якія краіны вымушаныя мець на ўвазе розныя сцэнары. І нават калі падзеі ва Ўкраіне былі і не галоўнай прычынай, але тое, што гэта таксама паўплывала на падобнае рашэньне, бясспрэчна. Магу сказаць, што патрыятычны ўздым у Літве досыць высокі, і на дадзены момант ужо ёсьць больш за 2 тысячы добраахвотнікаў, якія выказалі жаданьне пайсьці ў армію, трапіць менавіта ў першы прызыў. Спрыяе цікавасьці і тое, што ўся інфармацыя пра службу ёсьць у інтэрнэце, любыя зьвесткі адкрытыя, мэханізм прызыву цалкам празрысты».

Сьпісы навабранцаў Міністэрства абароны Літвы зацьвердзіла ў сярэдзіне траўня. Агулам у іх 37 тысяч чалавек, але сёлета на вайсковую службу выклічуць каля 3 тысяч. Аднавіць абавязковы прызыў прапанавала на пачатку году Дзяржаўная рада абароны. Неабходнасьць такога кроку прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце патлумачыла найперш зьменай геапалітычнай сытуацыі: «Пагрозы сталі вельмі рэальнымі: наш сусед стаў менш прадказальны і больш агрэсіўны — я маю на ўвазе Расею».

У абаронным ведамстве ўдакладняюць, што будучыя прызыўнікі — гэта асобы ад 19 да 26 гадоў, якія адпавядаюць патрабаваньням па здароўі і ня маюць судзімасьці. Кандыдатаў абіралі з дапамогай адмысловай кампутарнай праграмы са 120 тысяч чалавек, простае жэрабя вызначыла, хто са сьпісу атрымае позвы. Так што можна сказаць, што Шарунаса Анушаўскаса мабілізаваў кампутар:

«Пад кампанію падпадаюць да 26 гадоў уключна, і гэта тычыцца тых, каго прызываюць. Але калі чалавек дагэтуль не мабілізаваўся, то можа пайсьці служыць, калі не памыляюся, да 38 гадоў. Калі ён сам гэтага хоча (тое самае тычыцца і жанчын, яны маюць права служыць нароўні з мужчынамі). Напрыклад, уявім, што мне 35 гадоў і я не служыў ні ў савецкай арміі, ні ў літоўскай арміі, калі была абавязковая павіннасьць. Дык вось калі я выкажу такое жаданьне, гэта будзе толькі вітацца. А што тычыцца прызыўнікоў адпаведнага ўзросту, то позвы атрымаюць усе, ужо іх атрымалі. Ім трэба прыехаць у ваенкамат, зарэгістравацца, прайсьці мэдкамісію, пасьля чаго яны лічацца патэнцыйнымі кандыдатамі ў прызыўнікі. І калі ня будзе хапаць добраахвотнікаў, будуць выклікаць у адпаведнасьці са сьпісам».

Каго прызнаюць прыдатнымі да вайсковай службы, тыя пройдуць 9-месячную падрыхтоўку ва Ўзброеных сілах, пасьля чаго іх залічаць у рэзэрв. За наступныя пяць гадоў, цягам якіх будзе дзейнічаць абавязковы прызыў у войска, Міністэрства абароны Літвы ставіць за мэту цалкам укамплектаваць армію і падрыхтаваць рэзэрв у 17 тысяч чалавек. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, цяпер у рэестры абароннага ведамства лічыцца крыху меней за 8 тысяч кадравых вайскоўцаў, 4,5 тысячы рэзэрвістаў і блізу 2,5 тысяч цывільных служачых.

А хто будзе рыхтаваць рэзэрвістаў? Ці мяркуецца прыцягваць замежных інструктараў, адмыслоўцаў Паўночнаатлянтычнага альянсу? Шарунас Анушаўскас кажа, што ў Літве дастаткова сваіх афіцэраў, якія маюць досьвед службы ў розных «гарачых кропках»:

«Не, усё будзе трымацца на тутэйшых кадрах, прафэсійных інструктараў у Літве досыць шмат. Гэта высокакваліфікаваныя вайскоўцы, якія маюць шмат гадоў практычнага стажу; многія прайшлі Аўганістан, дзе ў рамках місіі НАТО Літва мела сваю зону кантролю. То бок кіроўныя кадры добрыя, таму няма патрэбы выклікаць кагосьці звонку. Цяпер ва Ўзброеных сілах служыць блізу 15 тысяч чалавек — гэта калі ўлічваць тых, хто служыць паводле кантракту, актыўны рэзэрв і цывільных асобаў зь ліку, скажам так, „абслугі“. Адпаведна, ёсьць з каго выбіраць».

За ўхіл ад вайсковай службы прадугледжаны штраф ад 150 да 300 эўра, залежна ад сумнеўнасьці знойдзенай прычыны. Злосным ухілістам пагражае крымінальная адказнасьць. Разам з тым за 9 месяцаў можна даволі нядрэнна зарабіць: як кажа суразмоўца, адрозна ад савецкай ці цяперашняй беларускай арміі, літоўскія заканадаўцы лічаць службу працай, а не нявольніцтвам:

«Гэта робіцца дзеля таго, каб людзі не баяліся, што час будзе змарнаваны. Бо шмат хто ўжо мае сем’і, дзяцей; ёсьць банкаўскія, крэдытныя абавязаньні і г.д. Дык вось каб хоць неяк кампэнсаваць выдаткі, ім будуць плаціць заробак — ня самы высокі, зразумела, але дапамагаць будуць. Але тут шмат што залежыць ад таго, як складуцца абставіны — ажно да таго, ці ён сам выказаў жаданьне пайсьці ў войска, ці яго даставілі прымусова. Калі будзе старацца, будзе дэманстраваць жаданьне асвоіць справу — будуць і большыя бонусы. Калі ж лайдак — адпаведна, заробіць па мінімуме. У выпадку, калі чалавек сам пайшоў у войска і выкладваецца напоўніцу, то за 9 месяцаў ён атрымае 3 тысячы эўра. Частка пры гэтым назапашваецца на рахунку, а частка штомесяц выплачваецца на бягучыя патрэбы».

Позвы ў войска атрымалі і грамадзяне Літвы, якія жывуць ці працуюць па-за межамі краіны. Як заяўляюць у літоўскім Міністэрстве абароны, факт наяўнасьці працы за мяжой не зьяўляецца дастатковай падставай, каб забыцца на абавязак служыць Радзіме. Калі ж прызыўнік мае важкую прычыну дзеля адтэрміноўкі, ён мусіць прадставіць адпаведныя доказы ў заяве на імя кіраўніка абароннага ведамства. Як падкрэсьліваюць вайсковыя чыны, чым больш будзе добраахвотнікаў, тым менш давядзецца турбаваць людзей, якія ставяцца да абавязковай службы ў лепшым выпадку індыфэрэнтна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG