Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да Адзінага Прэзыдэнта: «Я займаюся найстаражытнейшай прафэсіяй, магу працаваць у парлямэнце, са сваім досьведам спраўлюся ў судзе»


Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

Мой дарагі і адзіны прэзыдэнт,

Завіце мяне як хочаце, бо сваё сапраўднае імя я трохі забылася, бо праца мяне прымушае штодзень карыстацца псэўданімамі.

Раніцай я Валерыя, па начах Анжаліка, Стэйсі і часьцей за ўсё — Наташа. Па нядзелях і сьвяточных днях — Марыя.

Пішу вам і хвалююся, бы вы адзіны, каму я магу сапраўды напісаць «адзіны», бо другіх ніколі не было, а ў маёй прафэсіі такога проста не бывае, а ў некаторых краінах такога не бывае і з вашай прафэсіяй. Там прэзыдэнты так часта мяняюцца, што імёны не пасьпяваеш запамінаць, як я свае.

Але гэта ня важна, бо пішу я не ад сябе, а ад калектыву, па даручэньні калег у гэты няпросты час паміж Усходам і Захадам.

Зьезьдзіла я ў камандзіроўку ў Галяндыю і Нямеччыну, пабачылася са сваімі калегамі, і ў мяне расплюшчыліся вочы!

Паглядзела на каляндар, была нядзеля, і адразу так сабе і сказала: «Маша, прыедзеш дадому, абавязкова напішы прэзыдэнту ліст. Ён абавязаны ведаць пра тваё цяжкое становішча і пра тое, як па-іншаму ўсё адбываецца ў Эўропе!»

Я займаюся найстаражытнейшай прафэсіяй, і я да гэтага часу шакаваная тым, наколькі шмат правоў маюць мае калегі ў Эўропе: сацыяльны пакет, страхоўка, афіцыйнае працаўладкаваньне і нават пэнсійны фонд! А некаторыя у парлямэнце засядаюць! А ў мяне тут — анічога зь пералічанага, зусім анічога! Ну хіба што бясплатны праезд у таксі, але толькі ў адзін бок.

Я б таксама хацела быць іпэшніцай і таксама хацела б ухіляцца ад падаткаў, як усе прыстойныя людзі. Магу працаваць у парлямэнце, са сваім досьведам спраўлюся ў судзе. Магу весьці любую перадачу на тэлебачаньні.

Я таксама выбаршчыца і маю права на шчасьце!

Дарагі адзіны прэзыдэнт! Можна я вас буду зваць проста А.?

Мне няма куды падзецца, я цяпер ня толькі ня маю права на прафэсію і рэгістрацыю, але я цяпер лічуся яшчэ і дармаедкаю!

І гэта я дармаедка? Я?! Марыя-Анжэліка-Стэйсі-Наташа-Валерыя?! Я з чатырнаццаці год працую без выходных і часам нават перапынкаў на абед! Мой працоўны досьвед сягае за другі дзясятак а то й болей, бо часам, калі пашанцуе, дзень трэба лічыць за пяць!

Дзеўкі мае, сяброўкі і калегі, кажуць, каб я вам напісала адразу ад імя ўсіх нас, і таму я даводжу да вашага ведама, што пішу вам ліст, пад якім падпісваецца процьма народу, і гэта ваш электарат. І калі вы нас падтрымаеце, дарагі А., мы вам аддзячым сваімі галасамі і ня толькі! Мы будзем памятаць вас усё жыцьцё!

Але галоўнае, да чаго я вяду, іншае. Справа вось у чым: падчас выбараў нашмат цяжэй працаваць. Фактычна немагчыма, бо канкурэнцыя такая, што ня ведаеш, што рабіць. Колькасьць членаў розных камісій такая, што кроку не ступіць, і ўсе займаюцца нашай прафэсіяй без рэгістрацыі і ў працоўны час. На рабоце. І за зарплату і прэміі. Таксама актывізуюцца на нашай ніве вашы журналісты, рэктары ўнівэрсытэтаў і ўсякае начальства ад домакіраўніцтва і вышэй.

А чым мы горшыя? Мы лепшыя!

Мы вам гарантуем, што апазыцыя нават само слова байкот забудзе, як вымаўляць, бо яўку мы забясьпечым на ўсе 100 ці нават 200, бо многія могуць рабіць гэта больш чым адзін раз, асабліва з улікам датэрміновых дзён.

Таксама бярэм на сябе пытаньне з замежнымі назіральнікамі. З прадстаўнікамі краінаў СНД мы, можна, сказаць, творча працуем штодня, цэлыя дэлегацыі абслугоўваем разам са спэцыялістамі з казіно. А наша рэпутацыя і міжнародныя сувязі з калегамі ў далёкім замежжы дазваляюць з упэўненасьцю сказаць, што не падкачаем і на гэтым накірунку.

Узамен мы просім нямнога — прыраўняць нас у правах з членамі камісій ці хаця б з рэктарамі, з адпаведнымі сацыяльнымі гарантыямі і выдачай пасьведчаньняў з правам праходу куды з кім хочаш.

З вялікай павагай і пажаданьнем усяго самага найлепшага, яскравага і душыстага!

Па даручэньні ўсяго калектыву МКАД — цалую!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG