24 чэрвеня камісія па памілаваньні пры Аляксандру Лукашэнку разгледзела на адмысловым пасяджэньні просьбу аб памілаваньні былога намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму Яўгена Семянкевіча і вынесла па ягоным звароце адмоўнае рашэньне. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры паведаміў намесьнік генпракурора Аляксей Стук, сябра камісіі па памілаваньні.
«Канчатковае рашэньне застаецца за прэзыдэнтам, але што да камісіі, мы выказаліся за тое, каб адмовіць у памілаваньні. Гэта высокапастаўлены чыноўнік, ён мусіць адказваць за свае дзеяньні», — сказаў Аляксей Стук.
Яўген Семянкевіч быў вызвалены з пасады намесьніка Шклоўскага райвыканкаму, бо на яго завялі крымінальную справу аб службовым злоўжываньні. Расьсьледаваньне цягнецца ўжо больш за год і выклікала ў грамадзкасьці апасеньні, ці не «адкупіўся» чыноўнік ад адказнасьці.
Як праходзіць расьсьледаваньне іншых гучных карупцыйных спраў? Аляксея Стука запыталі пра справы былога дырэктара канцэрну «Беллегпрам» Міхаіла Сучкова і былой дырэктаркі Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Валянціны Вянцкоўскай, а таксама былога дырэктара Слуцкага мясакамбінату Віктара Тамашэўскага. Гэтыя справы таксама распачыналіся яшчэ летась, але дагэтуль не завершаныя.
«Па ўсіх гэтых справах яшчэ вядзецца расьсьледаваньне», — запэўніў Аляксей Стук.
Што са справай былога сэнатара, бізнесоўца Віталя Кастагорава, якога абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў у вялікім памеры? Вядома, што Віталь Кастагораў кампэнсаваў нанесеныя страты ў пяцікратным памеры. Але ці спынілі адносна яго крымінальны перасьлед?
«Віталь Кастагораў падаў просьбу аб памілаваньні, яна пакуль не разгледжаная», — паведаміў намесьнік генэральнага пракурора.
За 5 месяцаў 2015 году назіраецца рост карупцыйных злачынстваў: на ўлік пастаўлена 533 такія злачынствы, а летась за 5 месяцаў было зарэгістравана 406. Чыноўнікі часьцей бяруць хабар і злоўжываюць становішчам на сваю карысьць? Паводле Аляксея Стука, «пільней працуюць праваахоўнікі».
У Беларусі працягваюць выносіць сьмяротныя пакараньні. Ці магчымы мараторый на такі негуманны від пакараньня?
Аляксей Стук мяркуе, што «мараторый наўрад ці магчымы», яму пра такія пляны невядома. Адносна таго, каб Беларусь увогуле адмовілася ад такой меры пакараньня, Аляксей Стук сказаў, што «пакараньне сьмерцю ў Беларусі выносіцца ў выключных выпадках», да таго ж «гэта мера, якую ўхвалілі на рэфэрэндуме 1996 году».
Намесьнік генпракурора паведаміў журналістам статыстыку сьмяротных прысудаў, вынесеных за мінулыя гады. У 2009-м было вынесена 2 сьмяротныя прысуды, праз год — таксама 2, у наступным годзе — 3. У 2012 годзе сьмяротных прысудаў не выносілі, а вось у 2013-м было вынесена 4 такія прысуды. Летась суды не выносілі сьмяротных прысудаў, паведаміў Аляксей Стук.
Беларусь засталася адзінай у Эўропе краінай, дзе сьмяротная кара як вышэйшая мера пакараньня застаецца ў Крымінальным кодэксе і выкарыстоўваецца ў практыцы. Паводле праваабаронцаў, з 1994 году ў Беларусі выканана больш за 200 сьмяротных прысудаў.