Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відавочца: Пад Мсьціславам зьбілі расейскі бесьпілётнік ФОТА


Фота карыстальніка TUT.BY
Фота карыстальніка TUT.BY

У рэдакцыю TUT.BY зьвярнуўся карыстальнік парталу, які распавёў, што стаў відавочцам таго, як беларускія вайскоўцы зьбілі расейскі бесьпілётнік.

«28 траўня я гасьцяваў у сяброў у Мсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці. Калі я ўвечары катаўся на ровары ў раёне вёскі Картыжы, то заўважыў у паветры, дзесьці за 200 мэтраў над зямлёй маленькі самалёцік», — распавёў Валянцін.

Ён спыніўся паназіраць за палётам, і ўбачыў проста над самалётам выбліск, а потым пачуў гук «як пры салюце». Самалёт перавярнуўся ў паветры і паваліўся непадалёк ад лесу.

«Я спачатку ня мог зразумець, што адбылося, але калі празь некалькі хвілін пад’ехаў да месца падзеньня самалёта, то ўбачыў, што ён зусім невялікі — мэтры тры ў даўжыню і два ў шырыню, і бязь лётніка. Тады я зразумеў, што гэта бесьпілётнік», — растлумачыў сьведка, адзначыўшы, што ня ўбачыў якіх-небудзь апазнавальных знакаў на фюзэляжы.

Паводле відавочцы, хвілін празь 10 пасьля падзеньня бесьпілётніка на месца здарэньня прыбылі беларускія вайскоўцы на дзьвюх машынах, «УАЗ» і «Урал».

«Яны ачапілі месца падзеньня і сталі мяне распытваць, што я бачыў, а потым папрасілі выдаліцца», — распавёў Валянцін.

Фота карыстальніка TUT.BY
Фота карыстальніка TUT.BY



Прыехаўшы дадому, сьведка паспрабаваў самастойна апазнаць бесьпілётнік. Валянцін лічыць, што больш за ўсё апарат падобны на БПЛА «Птеро-G0», са складу бесьпілётнага авіяцыйнага комплексу «Птеро-СМ» расейскай вытворчасьці.

Мяркуючы па апісаньні апарату на сайце вытворцы, ён прызначаны для вядзення «аэра- і фотаздымкаў, вулічных і лінейных аб’ектаў, ацэнкі радыёэлектроннай абстаноўкі, у тым ліку выяўленьня крыніц перашкод і вымярэньня дыяграмы накіраванасьці антэнных сыстэмаў».

Такія комплексы паводле афіцыйных паведамленьняў Міністэрства абароны, не знаходзяцца на ўзбраеньні беларускай арміі, але актыўна выкарыстоўваюцца ў расейскай. Адзначым, што комплексы «Птеро-СМ» таксама выкарыстоўваюцца і іншымі расейскімі структурамі — МНС, паліцыяй і г. д.

Атрымаць афіцыйны камэнтар Міністэрства абароны Беларусі з нагоды інцыдэнту ў вечаровы час не ўдалося.

TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG