«Украіна — нараджэньне новай зоркі, новай эпохі, гэта новая сыстэма каардынат; тое, што тут адбываеецца, — гэта цуд асабіста для мяне. Гэта новы Тыбэт, гэта Шамбала... Я тут, каб атрымаць ад гэтага асалоду, каб у гэтым прыняць удзел... Ва Ўкраіне цяпер такое асяродзьдзе, дзе і ў беларусаў, і ў грузінаў і ў іншых выяўляюцца лепшыя якасьці. Я беларус, але разам з усімі ва Ўкраіне будую тую мадэль грамадзтва, якая дапаможа ў свой час пабудаваць штосьці добрае, па-сапраўднаму кляснае і ў маёй роднай Беларусі», — заявіў сярод іншага Міхалок.
«У Расеі я не магу знаходзіцца, таму што мяне там заб’юць. У Расеі створанае такое асяродзьдзе, што мая прысутнасьць там небясьпечная», — прызнаўся таксама Міхалок.
«Я для Беларусі застаюся вольным; жыву тут, але радзіма разам са мною. І таму я пішу новы альбом BRUTTO „Родны край“, які і для беларусаў, і для ўкраінцаў, і для расейцаў. І таму я ўплываю на Беларусь, неабавязкова знаходзячыся менавіта там. Пункт зборкі для беларусаў — тут. І таму тут жа Жызьнеўскі праявіў свае якасьці. Ты ж мог таксама сказаць: „А чаго гэта ты не ў Беларусі змагаесься, чаго ты сюды прыехаў змагацца?“ Ды таму, што тут галоўны Рубікон, тут галоўная барыкада... Мяне маглі там пасадзіць. І што б я там рабіў? Выйшаў бы зламаны праз 7 — 8 гадоў».