Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры нечаканыя аргумэнты за рыбін тлушч


У гэтым артыкуле хачу падзяліцца з вамі цікавымі вынікамі нядаўніх дасьледаваньняў, якія сьведчаць пра нечаканыя перавагі рыбінага тлушчу для здароўя: памагае галаве і цягліцам, папярэджвае астму і алергіі.

Што такое рыбін тлушч

Усе тлушчы складаюцца з тлустых кіслот і гліцэрыну. Тлустыя кіслоты могуць быць падзеленыя паводле хімічных уласьцівасьцяў на ненасычаныя і насычаныя. Рыбін тлушч — гэта ненасычаныя тлушчы сямейства Амэга-3.

Да Амэга-3 кіслотаў належаць альфа-ліналенавая кіслата (АЛК), эйказапэнтаенавая кіслата (ЭПК) і доказагексаенавая кіслата (ДГК). ЭПК і ДГК сустракаюцца амаль выключна ў рыбе і іншых морапрадуктах. Асабліва тлустая рыба кшталту скумбрыі, ласося, вугра, селядца і сардзінаў зьяўляецца важнай крыніцай гэтых кіслот, бо рыба наўпрост захоўвае іх у сваёй тлушчавай тканіне. Менавіта аб ЭПК і ДГК і пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.

Прадухіленьне кагнітыўнага старэньня

Назапашаныя дадзеныя паказваюць, што Амэга-3 тлустыя кіслоты ЭПК і ДГК аказваюць спрыяльнае ўзьдзеяньне на кагнітыўнае старэньне. Гэтыя кіслоты зьяўляюцца структурнымі кампанэнтамі мэмбран нэўронаў і могуць мець нэўрапратэктарныя ўласьцівасьці.

Спажываньне рыбінага тлушчу пазытыўна зьвязана з найвышэйшай кагнітыўнай прадукцыйнасьцю. У першую чаргу гэта датычыць задач, рашэньне якіх патрабуе выканаўчых функцый. Выканаўчыя функцыі (мозгу) — гэта эфэктыўнасьць, зь якой мы прымяняем на практыцы свае веды, каб справіцца з паўсядзённым жыцьцём. Такім чынам, выканаўчыя функцыі нам проста неабходныя, калі мы хочам самастойна рухацца па жыцьці.

У нядаўнім дасьледаваньні навукоўцы вывучалі ўплыў статусу Амэга-3 тлустых кіслот у плазьме на выканаўчыя функцыі мозгу сталых людзей. У досьледзе прынялі ўдзел 40 мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 65 да 75 гадоў. Усе ўдзельнікі былі кагнітыўна здаровыя, але мелі полімарфізм апаліпапратэіну (гену) АРОЕ e4, які вядомы ў якасьці магчымага трыгера хваробы Альцгаймэра.

Вынікі дасьледаваньня адметныя. Яны, у прыватнасьці, дэманструюць, што больш высокі ўзровень ЭПК і ДГК у крыві зьвязаны з большай пазнавальнай гнуткасьцю. Такім чынам, тлустыя кіслоты маюць выразны патэнцыял у якасьці пажыўнай тэрапіі для прадухіленьня дысфункцыі старэючага мозгу.

Павялічэньне цяглічнай масы

Зьвязанае з узростам зьніжэньне масы цягліц і парушэньне іх функцый нясе асноўныя рызыкі для старых людзей: яны менш здольныя выконваць паўсядзённыя дзеяньні, часьцей падаюць і даўжэй аднаўляюцца пасьля пераломаў, нярэдка з гэтым зьвязаныя і прычыны сьмерці. Навукоўцы нястомна шукаюць новыя стратэгіі, якія могуць запаволіць узроставую страту мышачнай масы. Гэта неабходна, каб дапамагчы сталым людзям падтрымліваць фізычнаю незалежнасьць.

Вынікі нядаўняга дасьледаваньня, надрукаванага ў Амэрыканскім часопісе клінічнага харчаваньня, гавораць, што рыбін тлушч можа стаць адной з такіх стратэгій. У гэтым дасьледаваньні ўзялі ўдзел 60 здаровых мужчын і жанчын ва ўзросьце 60-85 гадоў. Сорак зь іх на працягу 6 месяцаў атрымлівалі сумесь Амэга-3 кіслот (1.85 г ЭПК і 1.500 г ДГК у суткі) з рыбінага тлушчу. Астатнія ўдзельнікі атрымлівалі кукурузны алей.

Розьніца ў аб’ёме мышачнай масы паміж групамі склала тры з паловай адсоткі на карысьць групы, якая прымала Амэгу-3. Розьніца ў мышачнай сіле склала ажно 6%, ізноў на карысьць той самай групы. Навукоўцы падлічылі, што шасьцімесячная тэрапія можа прадухіліць ад 2 да 3 гадоў нармальнай (то бок ня выкліканай хваробай ці нейкімі экстрэмальнымі абставінамі) узроставай страты цяглічнай масы.

Прадухіленьне астмы і алергіі

Ужо даўно навукоўцамі было заўважана, што Амэга-3 тлустыя кіслоты, у прыватнасьці, ДГК і ЭПК, якія знаходзяцца ў натуральным выглядзе ў рыбіным тлушчы, маюць супрацьзапаленчыя якасьці. Гэтыя рэчывы аказваюць ахоўны эфэкт супраць некаторых захворваньняў, уключаючы астму і алергіі. Мэханізмы гэтага эфэкту застаюцца ў асноўным невядомымі, але ўяўляюць вялікую цікавасьць для навуковага сьвету.

Нядаўняе агляднае дасьледаваньне апрацавала вынікі вялікай колькасьці эпідэміялягічных назіраньняў, якія вывучалі ўплыў спажываньня рыбы або Амэга-3 тлустых кіслот падчас цяжарнасьці, ляктацыі, у маленстве, дзяцінстве і ў сталым узросьце на праявы астмы і алергіі. Вынік агляду выяўляе сувязь паміж зьніжэньнем спажываньня рыбінага тлушчу ў рацыёне сучасных людзей і павелічэньнем колькасьці асоб з астмай або іншымі алергічнымі захворваньнямі.

Магчымае тлумачэньне палягае ў тым, што з Амэга-3 тлустых кіслот генэруюцца спэцыфічныя пажыўныя рэчывы — пратэктыны, рэзалвіны і марэсіны, якія супрацьстаяць запаленьню дыхальных шляхоў. Назіраньні навукоўцаў дэманструюць, што біясынтэз гэтых рэчываў пагаршаецца пры астме. Што датычыцца алергіяў, колькасьць якіх у адсоткавых суадносінах паступова павялічваецца, то шматлікія эпідэміялягічныя дасьледаваньні паказалі, што калі маці спажывае дастаткова рыбы падчас цяжарнасьці, дзіця менш схільнае да алергіі. Акрамя таго, назіраньні сьведчаць і аб тым, што рэгулярнае спажываньне рыбы ў маленстве або дзяцінстве таксама супрацьстаіць праявам алергіяў.

Колькі рыбінага тлушчу нам патрэбна?

Сутачная норма для ЭПК і ДГК разам складае 450 мг. Чэмпіёны па ўтрыманьні гэтых кіслот: скумбрыя(5.000 мг ЭПК і ДГК разам на 100 г), ласось (2.000 мг на 100 г) і селядзец (1.800 мг на 100 г). Такім чынам, порцыя тлустай рыбы на тыдзень задаволіць патрэбу ў гэтых дзівосных кіслотах.

Гл. таксама ранейшыя публікацыі пра тое, як спрыяць здароўю сэрца, зьніжаючы «дрэнны» халестэрын у крыві, а таксама пра ролю тлустых кіслотаў у здароўі скуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG