Падчас сустрэчы з работнікамі трыкатажнай фабрыкі «Алеся» намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка выказаўся за тое, каб Міністэрства адукацыі ўвяло абавязковую школьную форму.
Ён адзначыў, што Менгарвыканкам ужо неаднаразова рабіў такую прапанову міністэрству.
«Гэта стала б пэўнай абаронай і падтрымкай айчыннага вытворцы, стымулявала б разьвіцьцё вытворчасьці на прадпрыемствах канцэрну „Беллегпрам“, якому належыць і ваша трыкатажная фабрыка. Масавая вытворчасьць адзеньня для школьнікаў спрыяла б патаньненьню прадукцыі за кошт павелічэньня аб’ёмаў, а не зьніжэньня яе якасьці. На жаль, пакуль усе нарматыўныя акты Міністэрства адукацыі адносна школьнай формы маюць толькі рэкамэндацыйны характар», — цытуе Карпенку партал minsknews.by.
Дырэктар «Алесі» Мікалай Гурыновіч апавёў, што на сёньняшні дзень фабрыка мае на балянсе, апроч іншага, летнік адпачынку для дзяцей і падлеткаў, інтэрнат, два бамбасховішчы і трансфарматарную падстанцыю. І ёсьць пэўныя праблемы з утрыманьнем гэтых аб’ектаў.