Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты ў Менску гей Пішчэўскі ў прытомнасьці, але так і не загаварыў. «У яго ў роце ўвесь час трубка для дыханьня» — сваякі.


Праз тыдзень споўніцца год, калі мянчук Міхаіл Пішчэўскі патрапіў у шпіталь ў стане комы пасьля ўдару, які нанёс яму былы настаўнік фізкультуры Дзьмітры Лукашэвіч.

Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясеньні траўмы і прысудзіў да 2,8 гадоў зьняволеньня. Міхаіл Пішчэўскі, які пасьля ўдару галавой аб бэтон перанёс апэрацыю па выдаленьні часткі мозгу, дагэтуль ляжыць ў 5-ым сталічным шпіталі. «Ён у сьвядомасьці, але гэтак і не загаварыў», — кажа пра стан Міхаіла ягоная сястра Тацяна.

Нагадаем, канфлікт адбыўся каля менскай кавярні «Андэрволд», дзе 25 траўня 2014 году зьбіраліся асобы нетрадыцыйнай арыентацыі, сярод якіх быў і Міхаіл Пішчэўскі.

Позна ўвечары ён выходзіў з кавярні сьледам за двума сябрамі, на адрас якіх жыхар гэтага раёну Дзьмітры Лукашэвіч выказаўся абразьліва. «Хто тут п......ы?», — пасьпеў спытаць Міхаіл Пішчэўскі былога настаўніка фізкультуры, баксёра Дзьмітрыя Лукашэвіча, як атрымаў ад яго моцны ўдар ў твар, пасьля чаго паваліўся і страціў прытомнасьць. Цэнтральны раённы суд, спачатку ў адным складзе, потым ў іншым, які пераглядаў справу, гэтак і не прызнаў, што Лукашэвіч ударыў Пішчэўскага з прычыны нянавісьці да геяў. Паводле суду, усё адбылося па неасьцярожнасьці Лукашэвіча. Не зьмянілі яму і тэрмін пакараньня.

«Цяпер Лукашэвіч у калёніі. Адвакат казала, што калі б выплаціў кампэнсацыю, дык мог бы разьлічваць на амністыю, але грошай ад яго мы не атрымліваем. Магчыма, будзе, як сказала адвакат, гадамі пакрыху выплачваць, але нам тыя грошы патрэбныя цяпер і кожны дзень шмат, бо лекаваньне Міхаіла вельмі дарагое», — распавяла Тацяна, сястра пацярпелага.

На інтэрвію Тацяну давялося ўгаворваць. У выніку яна пагадзілася, бо маці Міхаіла, якая яго даглядае, ад кантактаў з прэсай адмовілася. Чаму? Бо ў інтэрнэце пасьля суду на іх адрас было напісана шмат бруду і яны ня хочуць, каб гэта паўтаралася.

— У якім жа цяпер стане Міхаіл Пішчэўскі? Ці стала яму лепей?

— Вось вы хацелі яго бачыць, каб пагаварыць, але гаварыць ён па-ранейшаму ня ў стане. Ён у прытомнасьці, нас разумее, можа вачамі гэта паказаць, нібыта сказаць так ці не, але гаварыць ён ня можа, тым больш у яго ў роце ўвесь час трубка для дыханьня. З большага справы ў яго ня сталі лепшыя. Пакуль па-ранейшаму ў шпіталі, бо стан цяжкі, з крызісамі. Стане крыху лепей, а потым зноў горш. Бываюць нават крытычныя сытуацыі, потым неяк з дапамогай лекараў і лекаў выпраўляецца, і гэтак цягнецца і цягнецца. Ад трывалага ляжаньня ў яго пролежні, ад гэтага інфэкцыі, мы гэта лечым, але імунітэту фактычна няма. Калі некаторыя з такіх хворых у шпіталі крыху папраўляюцца, нават ёсьць тыя, каго дамоў выпісалі, дык ён пакуль ляжыць.

Але і трымаецца толькі таму, што ўвесь час за яго змагаемся, лекуем. Калі б спынілі лекаваньне, ўжо б, верагодна, памёр бы.

Прысуд мінчуку, які зрабіў гея інвалідам, пакінулі ў сіле
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:20 0:00

— Ці ёсьць дапамогу з боку сям’і Лукашэвіча?

— Тыя 27 мільёнаў, пра якія яны казалі на судзе, што нам пералічылі, маці змагла атрымаць толькі ў мінулы чацьвер — і гэта ўсё. То бок больш за паўгоду мінула, як мы змаглі гэтыя грошы атрымаць, калі яны ўжо на трэцюю частку згубілі свой кошт. А больш — нічога. Адвакат кажа, што астатняе, як ён выйдзе на волю, дык мусіць маленькімі сумамі адлічаць з заробку, ды яшчэ давядзецца праз судовага выканаўцу дамагацца, каб гэтыя грошы пералічыў. Іншай дапамогі, нават цікаўнасьці, як у нас справы, з таго боку няма.

— На судзе выступаў сьведкам брат Міхаіла, які яго даглядаў і казаў, што згубіў ад гэтага ня толькі працу, але і сям’ю, ад яго сышла жонка. Хто цяпер глядзіць за Міхаілам?

— Брату вялікі дзякуй за дапамогу, але цяпер ён не глядзіць, гэта маральна вельмі цяжка. Глядзяць ў асноўным маці і сябар Міхаіла. Сябар з-за гэтага ня можа ходзіць на працу, мама таксама хутка звальняецца. Сытуацыя ўвесь час вельмі складаная, але што зробіш — неяк трымаемся.

Напад на журналістаў у судзе ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:19 0:00

— Ці атрымліваеце вы дапамогу ад тых, хто спачувае Міхаілу?

— Гэтага стала менш. Зразумела, людзі спачатку дапамагалі, але час ідзе. Чалавек даведаўся, дапамог, ды і ўсё. Усё роўна вялікі дзякуй тым, хто дапамог і выказаў салідарнасьць з Міхаілам. Нехта да яго прыходзіў, але бязь сьлёз на гэта глядзець немагчыма. То бок адзін раз прыйшоў чалавек, ну, другі — і ўсё на гэтым. Але ёсьць некалькі сяброў, якія працягваюць наведваць. Вось адзін з тых, хто там быў, той працягвае хадзіць. А іншы, які даваў паказаньні ў судзе, ужо ня хоча хадзіць, здаўся.

Міхаіл Пішчэўскі
Міхаіл Пішчэўскі

Вінаваты ў нанясеньні траўмы Міхаілу Пішчэўскаму Дзьмітры Лукашэвіч адбывае тэрмін у турме № 8 ў Жодзіна. На судзе Дзьмітры Лукашэвіч прасіў прабачэньня ў сваякоў Міхаіла Пішчэўскага за тое, што зь ім зрабіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG