У Доме ўраду адбудзецца пасяджэньне ЦВК, прысьвечанае, як паведамляецца, «некаторым пытаньням падрыхтоўкі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе». Ня выключана, што можа быць названая дата выбараў.
У менскім офісе руху «За Свабоду» (праспэкт Незалежнасьці, 80-73) пройдзе дыскусія пра тое, якім павінен быць Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт. Пачатак у 18:00.
На Плошчы Якуба Коласа ў Менску адкрыецца выставачны праект «Мастак і горад», сёлета ён прысьвечаны мастаку Мікалаю Селешчуку. Пачатак а 18-й.
У Жыровічах адкрыецца двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя «Сьвяты князь Уладзімір і хрышчэньне Русі». Паслухаць духоўную праграму міжнароднага фэстывалю студэнцкіх хораў «Папараць-кветка» можна будзе у Архікатэдральным саборы у Менску (Пл. Свабоды, 9, пачатак у 19:30).
У Празе у чвэрцьфінале чэмпіянату сьвету па хакеі сустрэнуцца каманды Беларусі і Канады (О2 арэна, 16:15).
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1613 — мястэчка Жыровічы атрымала магдэбурскае права.
1874 — у Менску пачаў дзейнічаць першы фантан, упрыгожаны скульптурнай кампазыцыяй «Хлопчык зь лебедзем».
1917 — у Менску створанае Першае таварыства беларускай драмы і камэдыі, якое заснавалі Фларыян Ждановіч і Ігнат Буйніцкі.
1948 — абвешчаная незалежнасьць дзяржавы Ізраіль.
1954 — у Гаазе дзяржавы-сябры ААН падпісалі «Канвэнцыю аб абароне культурных каштоўнасьцяў у выпадку ўзброенага канфлікту».
1955 — у Варшаве падпісалі дэклярацыю аб стварэньні Арганізацыі Вайсковай дамовы. Так званая Варшаўская дамова краінаў сацлягеру існавала да 1 ліпеня 1991 году.
1988 — пачаўся вывад савецкіх войскаў з Аўганістану.
1995 — у Беларусі прайшоў рэфэрэндум у пытаньнях дзяржаўнасьці расейскай мовы, дзяржаўных сымбаляў, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. У выніку рэфэрэндуму краіна зьмяніла дзяржаўную сымболіку часоў адноўленай незалежнасьці — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг на падпраўленыя савецкія сымбалі.
2011 — Былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня.
У гэты дзень нарадзіліся:
1814 — Каэтан Касовіч, беларускі і расейскі навуковец-усходазнаўца, першы вучоны санскрытоляг у Расеі.
1869 — Янкель Кругер, беларускі жывапісец і пэдагог, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі.
1899 — Тодар Куніцкі, лекар, адзін з заснавальнікаў Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні і Беларускага Сялянскага Саюзу.
1907 — Язэп Жыновіч, музыка-цымбаліст, дырыжор, кампазытар і пэдагог, народны артыст БССР і СССР, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
У гэты дзень памерлі:
1610 — Генры IV, кароль Францыі.
1873 — Міхаіл Дзьмітрыеў, дырэктар Наваградзкай гімназіі.
1939 — Павал Жаўрыд, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня.
1998 — Фрэнк Сінатра, амэрыканскі сьпявак, актор і шоўмэн.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Гвалтоўным чынам сымболіку не мяняюць. Зьмены пад прымусам грамадзтва калі і прымае, то доўга памятае пра гэты прымус. Менавіта гэта паказаў рэфэрэндум 1995 году. У гісторыі Беларусі пытаньне дэмакратыі і пытаньне нацыянальнай сымболікі зьвязаныя паміж сабой. Вяртаньне да яго адбудзецца тады, калі пачнуцца перамены. Перакананы, што дэмакратычная дзяржава не можа выступаць пад камуністычнымі сымбалямі, сымбалямі, зьвязанымі з палітыкай прымусу адносна гэтай дзяржавы і яе грамадзян.
Валянцін Голубеў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.