Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Абламейка


Сяргей Абламейка нарадзіўся ў 1962 у Менску. Вучыўся на гістфаку БДУ, працаваў на заводзе, у музэі, Скарынаўскм цэнтры. Журналіст Радыё Свабода. У друку дэбютаваў у 1983 годзе фантастычным апавяданьнем на расейскай мове. Празаік, эсэіст. Выдаў кнігі «EGOізмы» (2004), «Настальгія» (2014), «Мой Картаген» (2015).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Найперш для сябе. Для мяне гэта адзіна прымальны спосаб творчай рэфлексіі, мой адказ сьвету. Па-другое, для тых, хто бачыць і адчувае так, як я.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома, у сваім пакоі, за сваім сталом. Восеньню.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Ніякай.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Для мяне героі найперш самі пісьменьнікі. Іхнія пэрсанажы — рэч другасная. Дый кожны чалавек пры ўсіх падабенствах — унікальны сусьвет.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Чэхаў і Маркес.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Як заўсёды, чытаю (перачытваю) некалькі кніжак адначасова. Цяпер гэта зборнік апавяданьняў Картасара «Цудоўныя заняткі», зборнік Федарэнкі «Мяжа», трэці том васьмітамовіка Чэхава, кніга амэрыканскага публіцыста Патрыка Б’юкэнэна «The Death of the West» у чэскім перакладзе.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Па-ангельску, па-чэску, па-польску, па-украінску і троху па-гішпанску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Заўсёды тая, што ўжо напісана, але яшчэ ў рукапісе і вось-вось выйдзе. Цяпер у мяне такіх аж чатыры. І ўсе чатыры я пакуль што люблю.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Тую, зь якой найболей чытачоў зразумее, што гэта адчута ўпершыню.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Заўсёды.

***
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад “шорт-лістараў“ сёлетняй прэміі імя Гедройця, паколькі ўсе яны цяпер на слыху. Але з часам мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG