Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец сьвету на «Лініі Сталіна»


Некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў ахвяравалі градамі на лецішчы ды адпачынкам на прыродзе, каб наведаць «Лінію Сталіна». У нядзелю а 14-й гадзіне тут пачаліся тэатралізаваныя «гістарычныя рэканструкцыі», прысьвечаныя дню Перамогі.

За некалькі гадзінаў да ваенізаванага шоў месцаў на стаянцы ўжо не засталося, прыпаркавацца можна было толькі за некалькі кілямэтраў ад комплексу ўздоўж шашы Менск-Маладэчна. Аўтамабілямі былі застаўленыя ўсе скрыжаваньні з навакольнымі вёскамі ды будаўнічыя пляцоўкі другой кальцавой дарогі. На многіх машынах — прыкметы гібрыднай ідэалёгіі: чырвоныя сьцягі з зоркамі, георгіеўкія і чырвона-зялёныя стужкі зь яблыневым цьветам.

Апроч таго, ахвотных дастаўлялі аўтобусамі і «маршруткамі» — са станцыі «Дружная» транспарт адыходзіў кожныя 20 хвілінаў. Супрацоўнікі ДАІ раз-пораз былі вымушаныя спыняць транзытныя аўто, каб паціснуць шматлікіх гледачоў з праезнай часткі.

Можна меркаваць, што касу «гісторыка-культурнага комплексу» чакае немалы прыход: квіток на дарослага наведніка каштуе 100 тысяч рублёў, на школьніка — 50 тысяч, аўтастаянка — да 30 тысяч.

Аматарам гістарычных інтэрпрэтацый прапанавана наступная «сьвяточная праграма»:

- Паветраны бой з удзелам лёгкаматорных самалётаў
- Паказальныя палёты сучаснай авіяцыі
- Парашутнае дэсантаваньне
- Рэканструкцыя баявых дзеяньняў Вялікай айчыннай вайны
- Штурм «Зяелаўскіх вышыняў»
- Усталяваньне сьцяга Перамогі над Райхстагам

Комплекс «Лінія Сталіна» быў адчынены 10 гадоў таму, да 60-гадовага юбілею «перамогі савецкага народу ў Вялікай айчыннай вайне». Ідэя яго стварэньня належыць фонду «Памяць Аўгана», ініцыятыву горача падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, які асабіста прысутнічаў на цырымоніі адкрыцьця.

Насуперак запэўніваньням адносна «стратэгічнай ролі ўмацаваньня ў першыя дні вайны», на самой справе ніякага ўплыву на ход ваенных падзеяў яно ня мела. Дэмантаж «Лініі Сталіна» пачаўся ўвосень 1939 году, пасьля падпісаньня Пакту аб ненападзе і далучэньня Заходняй Беларусі да БССР. Да чэрвеня 1941 году аб’ект быў практычна зьліквідаваны. У немалой ступені дзякуючы гэтай акалічнасьці немцы ўзялі Менск ужо на пятыя суткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG