Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непажаданая стужка. Сьвята перамогі ў сувэрэнных колерах


Рыхтуючыся да 70-гадовага юбілею Перамогі, былыя краіны СССР пасьлядоўна адмаўляюцца ад расейскай георгіеўскай стужкі, якая стала сымбалем сэпаратызму і вайны ў Данбасе.

Напярэдадні 70-гадовага юбілею Перамогі над нацызмам кіраўніцтва Расеі паўстала перад фактам ідэалягічных дэмаршаў з боку кіраўніцтва былых рэспублік СССР: адна за адной тыя адмаўляюцца выкарыстоўваць у якасьці «пераможнага» знаку чорна-аранжавую георгіеўскую стужку. Стужка ўзнаўляе каляровую раскладку плянкі мэдаля «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». У часы СССР стужка называлася гвардзейскай, яе гістарычны прататып — жоўта-чорная георгіеўская стужка, створаная ў часы панаваньня Кацярыны ІІ разам з ордэнам Сьвятога Георгія.

Пасьля падзеяў у Крыме і Данбасе, дзе «георгіеўская стужка» стала сымбалем сэпаратызму і вайны, у былых рэспубліках СССР ад яе адвярнуліся.

Балтыя

Першымі ад маскоўскай ідэалягічнай апекі дыстанцыяваліся краіны Балтыі — у Літве, Латвіі і Эстоніі даўно адмовіліся ад сымбаляў Расейскай імпэрыі і савецкага камунізму, любыя праявы якога там знаходзяцца па-за рамкамі закону, гэтаксама як і сымболіка нацыянал-сацыялізму. За выкарыстаньне забароненай савецкай сымболікі тут пагражае крымінальная адказнасьць. За георгіеўскія стужкі тут не караюць, але і не вітаюць іх, асьцерагаючыся праяваў сэпаратызму сярод расейскамоўных жыхароў.​

Дзень перамогі ў Літве, Латвіі і Эстоніі адзначаюць разам з усёй Эўропай 8 траўня.

Беларусь

Не апраўдаў надзеяў Крамля і найбліжэйшы хаўрусьнік Расеі — Аляксандар Лукашэнка. З ініцыятывы ягоных ідэолягаў Беларусь атрымала свой атрыбут Перамогі — яблыневы цьвет на чырвона-зялёным банце. Выступаючы з пасланьнем Нацыянальнаму сходу, Лукашэнка патлумачыў, што насамрэч георгіеўская стужка ў Беларусі не забараняецца, а новы сымбаль павінен надаць сьвяту «нацыянальнай адметнасьці».

​Расейскія блогеры адразу залямантавалі, што ў такім разе беларусам за аснову трэба было б узяць цьвет бульбы. На што беларусы на форумах адказалі, што асьцерагаюцца атакі «каларадзкіх паразытаў», наўпрост намякаючы на падабенства расфарбоўкі георгіеўскай стужкі і каларадзкага жука.

Вядомы беларускі мастак і пісьменьнік Артур Клінаў так ацэньвае зьяўленьне беларускага сымбалю Перамогі:

«Я думаю, ужо добра, што ёсьць хоць якая альтэрнатыва. Бо натуральна, што цяпер георгіеўская стужка, якія б гістарычныя карані яна ні мела, зрабілася сымбалем вайны і гвалту, і ў дадзеным выпадку стаўленьне да яе адназначна нэгатыўнае. Таму нейкая беларуская альтэрнатыва патрэбная. А што тычыцца чырвона-зялёнай яблыні? Можна крытыкаваць за мастацкі густ, аднак тое, што яна ёсьць як варыянт, — безумоўна, пазытыўны момант. А далей гэта ўжо справа густу.

На жаль, нашым уладам якраз вось гэтага густу часьцяком і бракуе: замест таго каб зьвярнуцца да прафэсіяналаў, да экспэртнай супольнасьці, да незалежных спэцыялістаў, усё робяць у савецкіх традыцыях. Іншымі словамі, чаго заўсёды не хапае гэтай уладзе, — дык гэта даверу да новых мастацкіх, інтэлектуальных тэхналёгіяў. І калі ўзьнікае нейкая патрэба, то чыноўнікі, зноў жа, зьвяртаюцца да ўсё тых жа саўковых мадэляў, школаў і шаблёнаў. Таму ў гэтым аспэкце бок хутчэй нэгатыўны. Але яшчэ раз паўтараю: факт наяўнасьці альтэрнатывы георгіеўскай стужцы сам па сабе добры, гэта я кажу шчыра».

Дзеці з георгіеўскімі стужкамі ў Музэі Вялікай айчыннай вайны ў Менску
Дзеці з георгіеўскімі стужкамі ў Музэі Вялікай айчыннай вайны ў Менску

Малдова

Радыкальна змагаюцца з расейскай ідэалягічнай экспансіяй у Малдове: дэпутаты парлямэнту ад Лібэральнай партыі ініцыявалі законапраект аб накладаньні штрафу за нашэньне і выкарыстаньне георгіеўскай стужкі. Для фізычных асобаў — у эквіваленце да 120 даляраў, для асобаў на дзяржаўнай пасадзе — да 200 даляраў, для юрыдычных асобаў — да 250 даляраў. Ініцыятары закону канстатуюць, што георгіеўская стужка стала сымбалем сэпаратызму, беззаконьня, хаосу і сотняў ахвяраў. Дзеля справядлівасьці, такога сьвята, як дзень Перамогі, у гэтай краіне таксама няма — ёсьць Дзень памяці герояў, якія палеглі за незалежнасьць Радзімы. Такім чынам улады прымірылі ўсіх, хто ваяваў з розных бакоў.

Украіна

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Пры канцы красавіка 2015 году цалкам адмовілася ад савецкай ідэалягічнай спадчыны Ўкраіна. Найперш скасавалі тэрмін «Вялікая Айчынная вайна», а злачынствы бальшавізму і фашызму абвясьцілі па сутнасьці роўнымі. Па-другое, прынялі рашэньне зрабіць знакам памяці ахвяраў Другой усясьветнай вайны кветку чырвонага маку. Выява маку са слоганам «1939–1945. Ніколи знову» нагадвае мішэнь, ад якой разыходзяцца сьляды крыві. Апроч таго, дзень Перамогі ва Ўкраіне сёлета пачне адзначацца паводле эўрапейскай традыцыі — 8 траўня.

Цэнтральная Азія

Ціхай сапай вырашылі лёс георгіеўскай стужкі ў Цэнтральнай Азіі. Казахстан — нязьменны ўдзельнік бальшыні постсавецкіх інтэграцыйных аб’яднаньняў — ад гэтага году ўводзіць у абарот блакітныя стужкі ў колер дзяржаўнага сьцяга, на якіх нанесены залаты нацыянальны арнамэнт, а таксама выявы сонца і арла.

Падобным шляхам пайшоў і Кіргізстан: адмысловая камісія пастанавіла ўпрыгожваць гарады краіны ў чырвона-жоўтыя тоны, у якіх вытрыманы афіцыйны сьцяг. Канцэпцыя тлумачыць, што чырвоны ўвасабляе доблесьць, сьмеласьць і перамогу, жоўты — мір і спакой.

Чырвона-жоўтая стужка замест георгіеўскай у Кіргізстане
Чырвона-жоўтая стужка замест георгіеўскай у Кіргізстане

Ва Ўзбэкістане на дзяржаўным узроўні ніякія стужкі не выкарыстоўваюцца, але на вянках у дзень Перамогі замест чырвоных стужак будуць павязвацца зялёныя — гэта адзін з дамінантных колераў узбэцкага сьцяга.

У Таджыкістане праз сацыяльныя сеткі запачаткавалі ініцыятыву, каб забараніць георгіеўскія стужкі, супраць экспансіі выступае найперш моладзь і інтэлігенцыя. Але фактычнай забароны на расейскі сымбаль няма.

Туркмэністан даўно дыстанцыяваўся ад былога саюзнага цэнтру: адгарадзіўшыся ад зьнешняга сьвету візавым рэжымам і інфармацыйнай блякадай, там услаўляюць подзьвігі Туркмэнбашы ды ягонага наступніка Бэрдымухамэдава.

Каўказ

У краінах Каўказу да чорна-аранжавых стужак ставяцца збольшага абыякава. У Грузіі і Азэрбайджане яны ня мелі хаджэньня і дагэтуль, а ўлады Армэніі пад 100-годзьдзе генацыду армянаў унівэрсальным сымбалем памяці ўсіх ахвяраў абвясьцілі кветку незабудкі. Ва ўсіх гэтых дзяржавах напамін пра савецкія часы мінімізаваны, помнікі рэвалюцыйным і камуністычным дзеячам пайшлі пад знос, вуліцы перайменаваныя ў гонар нацыянальных герояў.

Расея і непрызнаныя дзяржаўныя ўтварэньні

Аднак на некаторых тэрыторыях георгіеўская сымболіка ня мае альтэрнатывы. Найперш гэта тычыцца анэксаванага Расеяй Крыму, а таксама самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік». Прарасейскія сэпаратысты выкарыстоўваюць такія стужкі ад самага пачатку канфлікту на Данбасе, пад той жа сымболікай дзейнічаюць прамаскоўскія адміністрацыі ў Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі, Прыднястроўі.

Тым часам у самой Расеі георгіеўская кампанія набыла маштаб агульнанацыянальнага руху, градус патрыятызму рэзка падвысіўся пасьля анэксіі Крыму і дасягнуў крытычнай адзнакі падчас ваеннага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

На адмыслова прыстасаваных пад такія патрэбы магутнасьцях фабрыкі «Казанскі тэкстыль» вытворчасьць стужкі ўзрасла шматкроць — да 10 тысяч кілямэтраў супраць 4 тысяч кілямэтраў летась. І робяць яе зь беларускіх нітак. У колерах георгіеўскай стужкі таксама вырабляюць шалікі, якімі абвязваюцца расейскія чыноўнікі высокага рангу, у сукенках гэтай колеравай гамы на подыюм выходзяць мадэлі, у чорна-аранжавыя пакункі расфасоўваецца самая разнастайная прадукцыя — ад крабавых палачак да прэзэрватываў.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG