У Менску 26 красавіка распачалося штогадовае шэсьце «Чарнобыльскі шлях». У ім бяруць удзел, паводле праваабаронцаў, больш за 500 чалавек.
Акцыя, санкцыянаваная ўладамі, пачалася ад кінатэатру «Кастрычнік», яе асноўны лёзунг «Не — расейскай ядзернай пагрозе».
Удзельнікі акцыі таксама нясуць расьцяжкі «Свабоду Кірылу Сілівончыку», «Астравец — другі Чарнобыль», «Патрабуем вызваліць палітзьняволеных», «Дзе Расейская імпэрыя — там Чарнобыль, там Данбас».
Скандуюць лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне!», «Атам мірны не бывае».
Сярод удзельнікаў шэсьця — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэры БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, палітык Уладзімер Някляеў.
У раёне вуліцы Дарашэвіча і праспэкта Незалежнасьці стаялі 2 аўтазакі і 5 аўтобусаў з АМАПам. Аднак супрацоўнікі міліцыі акцыі не перашкаджаюць.
Арганізатары акцыі вырашылі не праводзіць сёлета мітынг, аднак плянуюць прыняць рэзалюцыю. Яе тэкст раздалі ўдзельнікам «Чарнобыльскага шляху» перад пачаткам шэсьця.