Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто гатовы да вайны?


У мінулым годзе вялікай нечаканасьцю для многіх сталі дадзеныя апытаньняў наконт гатовасьці беларусаў супраціўляцца ваеннаму ўварваньню на тэрыторыю іх краіны. Дадзеныя апошняга, сакавіцкага апытаньня НІСЭПД усяляюць яшчэ менш аптымізму.

Табліца 1. Калі б Расея ўзброеным шляхам паспрабавала далучыць да сябе ўсю тэрыторыю Беларусі ці яе частку, як бы Вы дзейнічалі?

Варыянт адказу09'1412'1403'15

Супраціўляўся б са зброяй у руках

262319

Імкнуўся б прыстасавацца да новай сытуацыі

404847

Вітаў бы гэтыя зьмены

131015

Цяжка адказаць/Няма адказу

211919

Як бачна з табліцы, лічбы вагаюцца, але толькі прыкладна 20% беларусаў гатовыя збройна супрацьстаяць расейскаму вайсковаму ўварваньню. Пры гэтым прыкладна 10-13% гатовыя нават вітаць узброеных «гасьцей» з усходу.

Гэтая сьціплая колькасьць гатовых абараняць сваю краіну спарадзіла працяг даўніх развагаў наконт браку нацыянальнай сьвядомасьці, «недабудуванай» нацыі, «біямасы» і падобных сюжэтаў.

Але варта адзначыць, што і гатовасьць «класьціся пад натаўскія танкі», пра што ў свой час горача гаварыў Аляксандар Лукашэнка, таксама адносна невысокая, і ў адказах пра рэакцыю на гіпатэтычнае вайсковае ўварваньне з захаду адносная большасьць таксама абірала прыстасаваньне.

Табліца 2. Калі б краіны НАТО паспрабавалі ўзброеным шляхам зьмяніць палітыку Беларусі, як бы Вы дзейнічалі?

Варыянт адказу

09'1412'1403'15

Супраціўляўся б са зброяй у руках

262623

Імкнуўся б прыстасавацца да новай сытуацыі

404045

Вітаў бы гэтыя зьмены

101110

Цяжка адказаць/Няма адказу

242422

Уся сыстэма прапаганды пераконвае беларусаў, што ваенная пагроза іх краіне калі і існуе, то выключна з захаду. Прынамсі, пераконвала да апошняга часу. Аднак прэцэдэнтаў натаўскай агрэсіі ў рэгіёне неяк не назіраецца. Разам з тым Расея, паводле афіцыйнай дактрыны — сябра, брат і саюзьнік. Праўда, дзеяньні Расеі ў Крыме і ў Данбасе выклікаюць пэўныя сумневы ў яе міралюбнасьці.

Але што найбольш паказальна — раўнадзейная прапаганды і рэальнасьці дае прыкладна аднолькавыя вынікі, недзе 20-25% гатовыя ваяваць з акупантам, адкуль бы ён ні зьявіўся. З улікам глыбокага палітычнага расколу беларускага грамадзтва можна было б меркаваць, што раскол закранае і стаўленьне да замежнага ўварваньня ў залежнасьці ад «краіны паходжаньня», іншымі словамі, што гатовыя ваяваць з захопнікамі з усходу зусім ня маюць намеру супраціўляцца нападу з захаду, і наадварот.

Аднак гэта не зусім так: кожны дзясяты апытаны выказаў гатовасьць ваяваць у выпадку нападу і з усходу, і з захаду.

Тое, што лічбы гатовых ваяваць прыкладна аднолькавыя пры розных накірунках гіпатэтычнага нападу, сьведчыць пра нейкую характарыстыку, ня надта залежную ад палітычных перакананьняў. Можна пагадзіцца з тым, што яна невысокая. Магчымыя тлумачэньні на гэты конт я ўжо цытаваў. Але для больш глыбокага погляду варта параўнаць беларускую сытуацыю з сытуацыяй у іншых краінах.

У верасьні-сьнежні мінулага году міжнародная служба Гэлапа (WIN/Gallup International Association) правяла апытаньне ў 65 краінах сьвету, падчас якога задавалася пытаньне: «Калі б ваша краіна вяла вайну, ці былі б Вы гатовы ваяваць за сваю краіну?».

Пытаньне адрозьнівалася ад пытаньня сацыёлягаў НІСЭПД для Беларусі — у пытаньні службы Гэлапа не пазначаўся ні канкрэтны праціўнік, ні нават характар вайны, наагул кажучы, там не гаварылася пра сытуацыю нападу на краіну апытанага. Тым ня менш у пэўным сэнсе дадзеныя можна параўноўваць. Беларусь гэтым дасьледаваньнем службы Гэлапа ахопленая не была, аднак дасьледаваньне праводзілася ў чатырох зь пяці краінаў суседніх зь Беларусьсю.

У табліцы, пададзенай ніжэй, прыводзяцца дадзеныя дасьледаваньня па некаторых краінах.

Табліца 3. Калі б ваша краіна вяла вайну, ці былі б Вы гатовы ваяваць за сваю краіну? (у %*)

КраінаТакНе
Марока946
Пакістан897
Віетнам899
Азербайджан851
Грузія7618
Кітай7123
Казахстан6913
Украіна6224
Расея5920
Польшча4734
ЗША4431
Латвія4127
Францыя2944
Вялікабрытанія2751
Чэхія2364
Італія2068
Нямеччына1862
Японія1043

* прыводзяцца толькі пэўныя адказы, доля адмоваў ад адказу альбо «цяжка адказаць» апушчаная

Як бачым, амаль пагалоўная гатовасьць пры патрэбе ваяваць уласьцівая далёка ня ўсім народам. І ў найменшай ступені ў цэлым яна ўласьцівая народам Эўропы. Праўда, часам практыка можа мяняць настроі: у рэгіёне найбольшую гатовасьць ваяваць дэманстравалі Ўкраіна і Расея, якія падчас апытаньня вайну і вялі.

Варта адзначыць, што самы нізкі ў сьвеце ўзровень ваяўнічых настрояў зафіксаваны ў краінах, якія прайгралі ў Другой сусьветнай вайне — у Італіі, Нямеччыне і Японіі. Гэта багатыя, эканамічна пасьпяховыя краіны, з нацыянальнай ідэнтычнасьцю ў іх усё ў парадку.

Калі параўноўваць дадзеныя НІСЭПД па Беларусі і Гэлапа — па іншых краінах сьвету, то атрымліваецца, што Беларусь паводле гатовасьці ваяваць блізкая да гэтай групы пераможаных. Праўда, недалёкая і ад Францыі і Вялікабрытаніі, заняпад якіх як вялікіх дзяржаваў пасьля той вайны якраз і пачаўся. Другая сусьветная зьнясіліла ня толькі тых, хто пацярпеў у ёй паразу.

Для паўнаты карціны варта прывесьці дадзеныя па Літве, у якой служба Гэлапа не праводзіла адпаведнага дасьледаваньня.

У кастрычніку летась дасьледны цэнтар Vilmorus правёў апытаньне, падчас якога высьветлілася, што ў выпадку вайны 42% жыхароў Літвы пайшлі б абараняць сваю краіну. Пры гэтым такая самая колькасьць апытаных адказала, што ў выпадку вайны Літву абараняць ня будуць. Як бачым, лічбы блізкія да дадзеных па Латвіі, якія прыведзеныя ў табліцы 3, хаця доля негатовых змагацца за сваю краіну ў Літве аказалася значна вышэйшай, чым ў Латвіі.

Таксама ўяўляе цікавасьць апытаньне, якое было праведзенае ў Польшчы сёлета ў сакавіку дасьледным цэнтрам Millward Brown.

Паводле вынікаў гэтага апытаньня, калі б на Польшчу напала іншая дзяржава, то 27% грамадзянаў гатовыя былі б абараняць краіну са зброяй у руках. Яшчэ 37% апытаных выказалі гатовасьць да «супраціву шляхам удзелу ў неваеннай дзейнасьці». Яшчэ 19% палякаў у сытуацыі ўзброенага нападу на сваю краіну пакінулі б яе. Пры гэтым 5% рэспандэнтаў заявілі пра гатовасьць здацца і адаптавацца да сытуацыі акупацыі. 11% ня ведаюць, як паводзілі б сябе ў сытуацыі ўзброенага нападу на Польшчу.

Гэтае апытаньне падобнае на апытаньне НІСЭПД у Беларусі і па тэрміне правядзеньня (сакавік 2015 году), і па структуры пытаньня: у польскім, як і ў беларускім, апытаньні ішлося пра напад на краіну рэспандэнтаў. Апытаньне ў Беларусі не прадугледжвала варыянтаў адказу «няўзброены супраціў» і «эміграцыя», аднак варта заўважыць, што гатовасьць чыніць менавіта ўзброены супраціў аказалася блізкай — 27% у Польшчы, 20-25% у Беларусі.

Гэтыя дадзеныя — у пэўным сэнсе супрацьядзьдзе ад нацыянальных комплексаў непаўнавартасьці з нагоды невысокіх паказьнікаў гатовасьці беларусаў супраціўляцца зьнешняй навале. Зразумела, ёсьць падставы з гэтай нагоды перасьцерагацца, але трэба ўсьведамляць, што гэта вынік ня нейкай непаўнавартасьці беларусаў, а таго, што яны — эўрапейцы.

Завоблачная гатовасьць ваяваць — гэта ў цяперашні час уласьцівасьць зусім іншых, неэўрапейскіх культураў, найперш мусульманскай.

Калі параўноўваць дадзеныя па Беларусі з дадзенымі міжнароднага апытаньня службы Гэлапа, то высьвятляецца, што яна аказваецца блізкай у сэнсе гатовасьці яе грамадзянаў ваяваць да краінаў Заходняй Эўропы, а не да сваіх суседзяў. А калі параўноўваць з дадзенымі Millward Brown па Польшчы, то робіцца відавочным, што і польская гатовасьць менавіта ваяваць ненашмат большая, чым беларуская.

Натуральна, што калі вайна прыходзіць у дом, канстатацыя, што твая гатовасьць ваяваць прыкладна такая самая, як ва ўзорных краінах Эўропы, служыць слабым суцяшэньнем. Але варта адзначыць эфэкт псыхалягічнай мабілізацыі. Паколькі няма папярэдніх дадзеных, то цяжка сказаць, наколькі высокай была гатовасьць ваяваць у расейцаў і ўкраінцаў да пачатку вайны. Цяпер, як бачым з табліцы 3, яна ў двух гэтых народаў найвышэйшая ў рэгіёне. Так што акрамя культурных, палітычных і іншых чыньнікаў гатовасьць ваяваць спараджае і сама вайна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG