Падчас нядаўняга візыту ў Беларусь міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс адзначыў, што ня выключана магчымасьць запрашэньня на саміт праграмы «Ўсходняе партнэрства» ў траўні ў Рызе Аляксандра Лукашэнкі. Як вядома, Латвія цяпер старшынюе ў ЭЗ. Можна меркаваць, што на перамовах у Менску беларускаму боку назвалі пэўныя ўмовы для такой паездкі. Хутчэй за ўсё, гэтыя ўмовы былі зьвязаныя з палітвязьнямі. Цалкам рэальна, што ў той новай атмасфэры, якія зьявілася апошнім часам у дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ, ад Менску патрабавалася нават не вызваленьне ўсіх палітзьняволеных, а ўсяго толькі нейкі дэманстратыўны жэст у гэтым кірунку. Напрыклад, вызваленьне 1–2 чалавек з тых 6 палітычных вязьняў, якія цяпер за кратамі. І, магчыма, гэтага было б дастаткова, каб Лукашэнка атрымаў пэрсанальнае запрашэньне ў Рыгу. Бо новаму кіраўніцтву ЭЗ трэба прадэманстраваць нейкі посьпех у рэалізацыі праграмы «Ўсходняе партнэрства», якая цяпер апынулася ў відавочным крызісе. А сытуацыя складаецца так, што менавіта на беларускім кірунку найбольш заўважны працэс размарожваньня адносін, які Брусэль можна падаць як посьпех. У Рызе плянуецца парафіраваць пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і ЭЗ.
16–17 красавіка Менск наведае з афіцыйным візытам эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва ЭЗ Ёганэс Ган. Цалкам імаверна, што менавіта на плянаваных перамовах зь беларускім кіраўніцтвам канчаткова вырашыцца пытаньне пра тое, хто ўзначаліць дэлегацыю Беларусі ў Рызе.
Калі кіравацца звычайнай лёгікай, то афіцыйны Менск, які зацікаўлены ў пацяпленьні адносін з ЭЗ, павінен быў бы зрабіць нейкія крокі, няхай сабе і чыста сымбалічныя, насустрач. Але беларускія ўлады робяць усё з дакладнасьцю да наадварот.
Палітзьняволенага Юрыя Рубцова, які праходзіць пакараньне на «хіміі», зьмясьцілі ў ізалятар, адносна яго заведзена крымінальная справа, яго будуць зноў судзіць. А 13 сакавіка зьявілася інфармацыя, што галоўнага беларускага палітвязьня Міколу Статкевіча, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі, чакае новы суд. Яму пагражае вяртаньне ў турму. Усё гэта робіцца зь нейкім выклікам, дэманстрацыяй.
Што ўсё гэта азначае? Новым судом над Статкевічам кіраўнік Беларусі фактычна кажа: а я не хачу ехаць у Рыгу? Ці проста Менск правярае ЭЗ «на вашывасьць» і падвышае стаўкі ў перамовах? Маўляў, да якой мяжы вы гатовыя ісьці ў імкненьні да размарожваньня адносін, чым ахвяраваць, на што можаце закрыць вочы? То бок у беларускім кіраўніцтве ўпэўненыя, што цяпер Брусэль больш зацікаўлены ў паляпшэньні дачыненьняў зь Беларусьсю, чым афіцыйны Менск. Таму можна пабавіцца.
Зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін момант. Фактычна адначасова з паведамленьнем пра новы суд над Статкевічам прыйшла яшчэ адна важная інфармацыя, зьмешчаная на сайце tut. by. Першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведаміў, што ўрад і Нацбанк Беларусі падрыхтавалі праграму макраэканамічнай стабілізацыі і структурных рэформаў, якую будуць прапаноўваць МВФ, каб атрымаць новы крэдыт ад фонду. У канцы гэтага тыдня беларуская дэлегацыя ў складзе намесьнікаў кіраўнікоў Мінфіну, Мінэканомікі і Нацбанку возьме ўдзел у вясновай сэсіі Міжнароднага валютнага фонду і Сусьветнага банку, якая пройдзе ў Вашынгтоне. Там плянуецца абмеркаваць і «дарожную карту» Беларусі. «Будзе дастаткова высокі ўзровень абмеркаваньня. Мы спадзяемся правесьці прадуктыўныя перамовы з тымі, хто зможа ініцыяваць разгляд пытаньня [аб выдзяленьні крэдыту] на радзе дырэктараў МВФ», — сказаў Ермаловіч, які ўваходзіць у склад беларускай дэлегацыі.
Тое, што гэтыя дзьве інфармацыі зьявіліся адначасова, — ці гэта выпадкова? На першы погляд, адно з адным не стыкуецца. У радзе дырэктараў МВФ дамінуюць прадстаўнікі ЗША і МВФ. А беларускія афіцыйныя асобы (Аляксандар Лукашэнка, былая кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова) раней ня раз казалі, што заходнія палітыкі ўвязваюць пытаньне крэдыту з палітычнымі праблемамі, тэмай правоў чалавека. Таму лягічна было б дзеля атрыманьня грошай ад МВФ вызваліць палітвязьняў, а не ўзмацняць на іх ціск.
Але можна паглядзець на сытуацыю і па-іншаму. Ня выключана, што Менск прапануе Захаду канкрэтны парадак дня для торгу. Абмен палітзьняволеных на крэдыт. Рынкавая каньюнктура гэтаму садзейнічае. Цэны на нафту падаюць, а на палітвязьняў — растуць. Кожны прадае той тавар, які мае. Палітыка — рэч цынічная. Бо калі б не было попыту, не было б і прапановы.