За нявыплату або няпоўную выплату збору «дармаедаў» будуць караць штрафам ад двух да чатырох базавых велічыняў (базавая велічыня цяпер складае 180 тысяч рублёў) або адміністрацыйным арыштам да 15 сутак.
Асобы, у дачыненьні да якіх будзе прыменена адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе арышту, цягам тэрміну пакараньня будуць прыцягвацца да грамадзка карысных работ.
«Гэта праца без аплаты, для выкананьня якой не патрабуецца пэўных прафэсійных ведаў і навыкаў, кваліфікацыі, якая мае сацыяльна карысную значнасьць для адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Напрыклад, прыборка вуліц, могілак, іншых аб’ектаў сацыяльнага прызначэньня, збор камянёў на палях і так далей», — апавёў начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун падчас анлайн-канфэрэнцыі на сайце Міністэрства працы.
«Пералік аб’ектаў, на якіх будуць выконвацца грамадзка карысныя працы, канкрэтныя віды такіх работ будуць вызначацца рашэньнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў», — растлумачыў ён.
Дармаедаў, якія будуць адмаўляцца ад грамадзка карысных работ падчас арышту будуць караць дысцыплінарнымі спагнаньнямі.
Паводле Бегуна, цяпер Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжвае наступныя віды дысцыплінарных спагнаньняў: вымова, пазачарговае дзяжурства па прыборцы памяшканьняў, карцэр або ўтрыманьне ў адзіночнай камэры.
Пытаньні максымальнай штодзённай працягласьці працаў, забесьпячэньня інструмэнтам ды іншыя неўзабаве час будуць урэгуляваны ўрадавай пастановай.
Паведамленьні пра выплату збору падаткавыя органы ўручаць выплатнікам да 1 кастрычніка 2016 году. Заплаціць яго трэба будзе да 15 лістапада.
Паводле новага дэкрэту прэзыдэнта, асобы, якія працавалі менш за 183 дні, павінны заплаціць збор у суме 20 базавых велічыняў (3 мільёны 600 тысяч рублёў).