Зацемка пад назовам «За забітае дзіця пакаралі пэдагогаў ды мэдыкаў» была зьмешчана 6 лютага на сайце беларускамоўнага тэлеканалу" Белсат «, які восьмы год трансьлюе перадачы з Польшчы, бо беларускае Міністэрства замежных спраў адмаўляе тэлеканалу ў афіцыйнай акрэдытацыі. Пад зацемкай ёсьць і подпіс — і зусім не Жукоўскага, а Алеся Яшчанкі.
Можа, гэта псэўданім Кастуся Жукоўскага?
- Я не зьяўляюся Яшчанкам. Але матэрыял ён падаў вельмі добра, - распавёў Свабодзе Жукоўскі. - А не вырабляў «прадукцыю СМІ», бо ня ведаю нават, як гэта зрабіць. Я магу толькі сабраць інфармацыю, запісаць на відэа і выкласьці ў інтэрнэт. Магу нават даслаць гэта на любы тэлеканал, дзе з матэрыялам працуюць прафэсійныя людзі і робяць тое, за што чапляюцца ўлады да любога фрылансэра.
У матэрыяле «За забітае дзіця пакаралі пэдагогаў ды мэдыкаў» распавядалася пра жахлівае забойства трохмесячнай дзяўчынкі, якая нарадзілася ў сацыяльна небясьпечнай сям’і. Мёртвая дзяўчынка праляжала каля васьмі месяцаў у дзіцячым вазку, пераўтварыўшыся ў мумію. За забітае немаўля пакаралі... пэдагогаў ды мэдыкаў. Мясцовыя ўлады лічылі, што не міліцыя, а менавіта пэдагогі ды мэдыкі не дапільнавалі асацыяльных бацькоў.
Як вынікае з адміністрацыйнай справы, сюжэт на тэлеканале «Белсат» адсачыла рэгіянальнае ўпраўленьне ўнутраных спраў, ведучы маніторынг публікацый, і даручыла Чыгуначнаму РАУС правесьці разьбіральніцтва. У выніку капітан міліцыі Віктар Сьцепаненка хадзіў у СШ№ 12, апытаў супрацоўнікаў гэтай вучэльні, якія патрапілі ў відэасюжэт, паказваў фотаздымак Жукоўскага, каб дазнацца, ён здымаў ці нехта іншы.
Урэшце дваіх супрацоўнікаў — пэдагога Людмілу Цішкову і гардэробшчыцу Тацяну Батракову — выклікалі ў суд, каб яны і тут пацьвердзілі, што відэаздымкі зрабіў менавіта Жукоўскі.
Фрылансер гэтага і не адмаўляў, бо, як патлумачыў у судзе, прыйшоў у школу не праз вакно, не праз чорны ход — зарэгістраваўся па пашпарце ў кнізе наведвальнікаў.
Прэтэнзіяў да Жукоўскага сьведкі ня мелі. Гардэробшчыца Батракова паведаміла нават, што фрылансер папярэдзіў яе пра здымкі. Яна і сама хацела распавесьці і абараніць пэдагогаў, бо лічыць, што не пэдагогі вінаватыя ў гібелі немаўляці. І не яны, а міліцыя, мусіла шукаць зьніклую дзяўчынку. А атрымалася так, што настаўніца Людміла Цішкова выклікала бацьку-забойцу дзіцяці, які сякерай ускрыў дзьверы маласямейкі, дзе амаль восем месяцаў ляжала ў дзіцячым вазку задушаная дзяўчынка.
Судзьдзя Мікалай Бакуноў пытаўся ў сьведкі Батраковай, ці нанёс ёй Жукоўскі маральную шкоду — у зьвязку з тым, што меркаваньне распаўсюджана у СМІ.
Крыху зьбянтэжаная, як падалося, кабета зноў пацьвердзіла: «Прэтэнзіяў да Жукоўскага ня маю, але каб надалей так не рабіў».
Трэба дадаць, што судзьдзя перад пачаткам разьбіральніцтва адхіліў хадайніцтва Жукоўскага як сябра ГА «БАЖ» мець у судзе свайго прадстаўніка — юрыста Леаніда Судаленку, які зьяўляецца таксама чальцом «Беларускай асацыяцыі журналістаў». Ня стаў судзьдзя весьці разгляд справы на беларускай мове, як прасіў адказчык. Адмовіў ён Жукоўскаму і ў праве карыстацца перакладчыкам, бо лічыць, што калі чалавек скончыў сярэднюю спэцыяльную навучальную ўстанову, то мусіць ведаць і расейскую мову, хаця перад гэтым у пераліку правоў называў акурат і права на перакладчыка.
Вынікам разгляду адміністрацыйнай справы стаў штраф фрылансэру Жукоўскаму — 30 базавых велічыняў, што адпавядае 5 мільёнам 400 тысячам рублёў.
- Пакараньне гэтае зьвязана найперш з зачысткай інфармацыйнай прасторы перад будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, - лічыць Канстанцін Жукоўскі. - Але вось што зьдзіўляе, што адбываецца гэта якраз у пэрыяд, калі вядзецца нармалізацыя адносінаў Беларусі з Эўразьвязам. Я нават ня ведаю, а ці не мядзьведжую паслугу робяць уладзе мясцовыя чыноўнікі? Такімі дзеяньнямі яны парушаюць асноўныя правы чалавека і маё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі, а правы ўсіх іншых людзей — ведаць, што вакол іх адбываецца. Гэта такі мэдаль за маю грамадзянскую пазыцыю, за тое, што я расказваю праўду, і людзі пра гэтую праўду даведваюцца.
Фрылансэр дадаў, што відэаматэрыял ён разьмясьціў на старонцы ў ютубе, а што яго скарыстаў тэлеканал «Белсат» — гэта для яго толькі гонар.
Гомельскі праваабаронца Алесь Яўсеенка, які прысутнічаў на судзе, лічыць, што штраф фрылансэру — гэта ня што іншае, як перасьлед вальнадумства, абмежаваньне распаўсюду незалежнай інфармацыі:
- Такая падзея ня толькі для Гомеля — для Беларусі незвычайная: дзіцё знайшлі муміфікаваным. Чалавек міні-расьледаваньне правёў. Хто забароніць? Бо што не забаронена, тое дазволена. А чалавека ўзялі й пакаралі. Гэта ня што іншае, як перасьлед вальнадумства, і абмежаваньне канстытуцыйна дазволенага распаўсюду інфармацыі.
Пакараньне незалежных журналістаў-фрылансераў улады практыкуюць кожны год. Сёлета, з улікам Кастуся Жукоўскага, аштрафаваны ўжо пяцёра: Алесь Ляўчук і Аліна Літвінчук (двойчы) зь Берасьця, Ларыса Шчыракова з Гомеля (двойчы) Тамара Шчапёткіна зь Бярозы.
Па падліках праваабарончага цэнтру «Вясна», за 2014 і першыя месяцы 2015 году за кошт штрафаў незалежныя журналісты папоўнілі дзяржаўную казну на 79 мільёнаў 230 тысяч беларускіх рублёў. Ад сёньня гэтая сума ўзрасла да 85 мільёнаў.