З гэтай заявай прэзідэнт ЗША выступіў у панядзелак, перад пачаткам перамоваў са старшынём Эўрапейскай рады Дональдам Тускам.
Прымаючы былога прэм’ер-міністра Польшчы ў Белым доме, Барак Абама ахарактарызаваў буйнамаштабныя задачы, якія стаяць перад заходнімі краінамі — у першую чаргу ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне.
«Усе мы напоўненыя рашучасці абараніць асноўныя прынцыпы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, якім пагражае расейская агрэсія, — адзначыў Абама. — Нам удалося забясьпечыць адзінства і згуртаванасьць у тым, што тычыцца санкцыяў».
Дэманстрацыя гэтага адзінства мае вырашальнае значэньне, паколькі, згодна з паведамленьнямі афіцыйных асоб, Расея і падтрымоўваныя ёю сэпаратысты па-ранейшаму парушаюць Менскае пагадненьне аб спыненьні агню, і на ўсходзе Ўкраіны не спыняецца гвалт, заявіў Абама.
У панядзелак старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што сёньня, як ніколі, неабходна адзінства паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі.
Паводле яго слоў, сьвет стаў сьведкам замаху на фундамэнтальныя каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі і геапалітычнага сусьветнага парадку.
«Мы бачым з усёй відавочнасьцю, што яны імкнуцца раскалоць адзінства Эўропы і ўнесьці раскол у адносінах паміж Эўропай і Амэрыкай. Але калі мы адзіныя, мы зможам даць адпор агрэсіўнай палітыцы Расеі», — канстатаваў Туск.
Злучаныя Штаты і Эўрапейскі зьвяз сумеснымі намаганьнямі ўвялі санкцыі супраць Расеі, якія, як лічаць аналітыкі, у значнай ступені адмоўна паўплывалі на стан расейскай эканомікі.
Аднак тыя, хто крытыкуе зьнешнюю палітыку адміністрацыі Абамы, патрабуюць прыняць больш рашучыя захады ў дачыненьні да Расеі і падтрымоўваных ёю сэпаратыстаў, уключаючы аказаньне Ўкраіне ваеннай дапамогі, чаго прэзыдэнт Абама пакуль рабіць ня схільны, паведамляе «Голас Амэрыкі».