«Муж сядзіць у адзіночны сьледчага ізалятара, дзе да яго ўжо няма ніякіх патрабаваньняў адносна турэмнай вопраткі», — гэтая заўвага жонкі палітвязьня Валерыі Хоцінай нагадала пра адну з абвешчаных прычын новага прысуду Мікалаю Дзядку. Нагадаю, актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка ў канцы лютага асудзілі яшчэ на год калёніі, у тым ліку за тое, што не заўсёды насіў турэмную робу, як належыць вязьню. Валерыя Хоціна днямі атрымала спатканьне з мужам і змагла зь ім сустрэцца ды пагаварыць. Цікава было даведацца, ці дзяліўся Мікалай сваімі ўражаньнямі ад суду, які дадаў яму год зьняволеньня.
«Я ж была ў судзе і бачыла, што там адбывалася. Мяне асабліва зьдзівіла, што шмат людзей сядзела ў залі, таму я спытала, што гэта былі за людзі. Ён адказаў, што ў асноўным з адміністрацыі. Намесьнік начальніка ды мясцовыя опэры. А вязьні былі з гаспадарчага атраду, гэта ня тыя людзі, зь якімі ён асабіста сядзеў, ён іх ня ведае. Гэта атрад, які самы паслухмяны, надзейны, дзе ўсе супрацоўнічаюць з адміністрацыяй».
Мікалай Дзядок зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду, які прысудзіў яму год зьняволеньня. Але пакуль палітвязень не атрымаў на рукі прысуд, і таму падаць скаргу плянуе пазьней.
«Ён пакуль у рэальнай ізаляцыі. У яго сапсавалася радыё, газэты даходзяць рэдка, меней стала лістоў. Магчыма, людзі сталі меней пісаць яму, бо спадзяваліся, што хутка вызваляць. Таму яго трэба лістамі падтрымаць», — кажа Валерыя Хоціна.
Падчас зьняволеньня ў Мікалая Дзядка пагоршылася здароўе — яму дыягнаставалі хранічную хваробу страўніка. Цяпер Дзядку прызначылі дыету. Як ён сябе адчувае і што будзе далей зь ягоным лячэньнем?
«Псыхалягічна ён сябе адчувае нармальна, бо даўно супакоіўся, звыкся. Выглядае нармальна, бадзёра. Наконт здароўя не скажу, што ўсё наладжваецца, але горш не становіцца. Пакуль сядзіць на дыеце, а што будзе далей, невядома. У новай калёніі, хіба што, давядзецца зноў пачынаць усе гэтыя дасьледаваньні дактароў і прызначэньні лячэньня».
Калі касацыйную скаргу Мікалая Дзядка не задаволяць і прысуд уступіць у сілу, яго перавядуць у адну з калёніяў строгага рэжыму. Валерыя Хоціна мяркуе, што гэта можа быць калёнія ў Віцебску, Воршы ці Горках, якія ўжо маюць досьвед утрыманьня палітвязьняў. Гэтак, у Горках трымалі Зьмітра Дашкевіча і Васіля Парфянкова, у Віцебскай калёніі адбывалі пакараньне Аляксандар Казулін і Андрэй Гайдукоў, у Воршы ў 90-я гады сядзеў Васіль Старавойтаў.
«Куды пашлюць дакладна, гадаць ня буду і падаваць заяву з просьбай накіраваць мужа ў нейкую пэўную калёнію не зьбіраюся, бо падазраю, што адмыслова туды не накіруюць. Куды пашлюць, там і будзе, няма асаблівай розьніцы», — сказала Свабодзе Валерыя Хоціна.
Мікалай Дзядок павінен быў вызваліцца на пачатку сакавіка. Актывіст адбыў 4,5 года зьняволеньня за нібыта хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, чаго на судзе не прызнаў, а пазьней адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Палову тэрміну Мікалая Дзядка трымалі ў «крытай» турме як злоснага парушальніка рэжыму.