Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску дзеля пабудовы чарговага гіпэрмаркету зьнішчылі парк ФОТА, ВІДЭА


Парк, які аддзяляў жылы мікрараён ад заводаў і аўтадарогі, быў зьнішчаны, нягледзячы на грамадзкія абмеркаваньні, масавыя пратэсты жыхароў і наяўнасьць непадалёк вольных месцаў.

Парк быў пасаджаны 40 год таму й служыў санітарнай зонай, якая аддзяляла жылыя дамы па вул. Лынькова ад самай загружанай вуліцы гораду — Менскай (яна ж траса на Менск) і прамысловых прадпрыемстваў. Значная частка найбуйнейшых заводаў Бабруйску — гумова-тэхнічных вырабаў, домабудаўнічы, гарбарны, шынны — месьцяцца адразу па іншы бок Менскай вуліцы.

Былы парк у Бабруйску
Былы парк у Бабруйску

І вось частку гэтай санітарнай пасадкі, на рагу вуліц Лынькова й 50 год УЛКСМ, гарадзкія ўлады аддалі пад будаўніцтва гіпэрмаркету Oma (кампаніі «Inproma Group»).

Мінулай восеньню праводзіліся грамадзкія слуханьні, і жыхары раёну пераважнай большасьцю выказаліся супраць высечкі дрэваў і будаўніцтва пад вокнамі гіпэрмаркету.

«Ёсьць жа вялікая пустая пляцоўка перад гарбарным камбінатам, у іншы бок па Менскай яшчэ адна пляцоўка са шматгадовым недабудам — чаму нельга было там будаваць?! — не разумее спадар Міхаіл, жыхар бліжэйшага да высечкі дома.

— Не, яны упёрліся рогам, сюды і ўсё. А ў нас жа крамаў хапае, праз кожныя 20-30 мэтраў крамы. У радыюсе менш за кілямэтар ад новага будаўніцтва сапраўды безьліч самых розных крамаў, Заходні рынак і два гіпэрмаркеты, для будаўніцтва якіх знайшлося месца. А ўлады такія, што прыехаў, паглядзеў і сказаў: «Будзем будаваць, і ўсё». Нашто людзям гвалтам піхаць тое, што ім не патрэбна?

Але гарвыканкам пацьвердзіў свае пляны. Жыхары працягвалі пераконваць забудоўніка і ўлады, дасылаць скаргі аж да кіраўніка дзяржавы. Адзінай дробнай саступкай, якой яны нібыта дамагліся, было прызнаньне ўладамі «мэтазгодным абавязаць забудоўніка перасунуць аб’ект» на пару сотняў мэтраў па Лынькова, дзе пасадка значна радзейшая. Але раптоўна высечка пачалася на раней заплянаваным месцы, і за пару дзён да 10 лютага, на месцы шасьці соцень здаровых прыгожых дрэваў засталіся пні.

Дрэвы пасеклі нават на самым краю аўтатрасы, не пакінулі ніводнага шэрагу.

Прыбіраюць апошнія рэшткі парку
Прыбіраюць апошнія рэшткі парку

— Барбарства, самае сапраўднае! — абураецца пажылая сямейная пара. — Народ і хадзіў і пісаў — нічога. Вырашылі-пастанавілі — так і трэба, да людзей ні граму не прыслухоўваюцца.

Прыбіраюць апошнія рэшткі парку
Прыбіраюць апошнія рэшткі парку

Працоўныя, што секлі апошнія дрэвы, вельмі нэрвова рэагавалі на чалавека з камэрай: «Дрэвы здымай, а ня нас!» Відавочна, наслухаліся ўжо праклёнаў ад мясцовых жыхароў. Тыя ж, пабачыўшы карэспандэнта, хутка падыходзілі прычытаць пра калісьці гэткі зялёны Бабруйск і скардзіцца на свавольства ўладаў.

— Нікога не паслухалі, ўзялі й высеклі такі парк! Дзяржава робіць шкоду для сваіх людзей! Людзі хадзілі на сходы, пісалі Лукашэнку — ніхто нічога не паслухаў, узялі і ўсё выразалі. Вось як нашая дзяржава клапоціцца пра сваіх людзей, як прэзыдэнт клапоціцца пра сваіх выбарнікаў перад выбарамі! Вы ж ня выражыце гэта? — перажывае спадарыня. — Хай усе пачуюць, што ў Бабруйску кажуць пра «роднага» прэзыдэнта.​

Зялёная зона» па новаму
Зялёная зона» па новаму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG