Першы мужчына: «Перакананы, што зьмены ў Беларусі патрэбныя. Што для гэтага трэба? Каб кожны грамадзянін зразумеў, што гэтая краіна належыць яму. Голас народу выказваецца ня толькі празь бюлетэні, а праз тое, што людзі адстойваюць свой выбар, і ў гэтым пляне неабходна плошча. Я, вядома, ня Ванга, але той тэрмін, які ён назваў — 2050-я гады — не адпавядае рэчаіснасьці, час на зьмены прыйшоў. Было заяўлена: буду кіраваць да 2051 году, нешта такое».
Другі мужчына: «Я лічу, патрэбна абнаўленьне, два тэрміны хапае. Ну, як гаворыцца, да сьмерці будзе. Што пра ўмовы гаварыць? Народ наш цярпіць вельмі доўга, у нас гэтага не адбудзецца, не ўкраінцы мы, будуць цярпець. Ніхто ня верыць гэтым выбарам, галасаваньню, большасьць гарадзенцаў спытайце — людзі ўсё ведаюць і ня любяць».
Першая жанчына: «Не, трэба сьвежыя маладыя розумы. На тых выбарах я нават не галасавала за яго. Вядома, трэба зьмяніць яго. Я лічу, што хопіць, што абавязкова трэба нам іншага прэзыдэнта».
Трэці мужчына: «Ну, пэўна, усе іхнія таварышы, як Назарбаеў той жа, яны пракамуністычна настроеныя ўсе, яны дыктатары, таму яны будуць сядзець, ад нас нічога не залежыць. Яны абгарадзіліся структурамі сілавымі, і народ для іх нічога ня значыць, ён не патрэбны ім зусім. Ня ведаю, хіба нерэальна. Беларускі народ — гэта вам не ўкраінцы, гэта вам не расейцы. Пасадзілі яго на цьвікі, ён і сядзіць, кажа: можа, так і трэба?»
Другая жанчына: «Калі ўвесь сьвет жыве паводле прынцыпу: два тэрміны — і ўсё, — значыць, напэўна, варта. Але думаю, што нерэальна. Але марыць усе могуць».
Трэцяя жанчына: «Яго ўжо даўно трэба гнаць мятлою. Усё! І больш не хачу нават нічога гаварыць. Ужо стаміліся ад такога жыцьця! А што можа памяняцца, калі мы не народ, а быдла?!»
Чацьвёрты мужчына: «Я лічу, што пасьля васьмі гадоў улады ў руках дах пачынае зьяжджаць. Трэба абнаўляць, натуральна. Але я ня бачу ніякіх умоваў і перадумоваў. Пакуль большасьць гэта задавальняе — а большасьць гэта, на жаль, задавальняе, — так і будзе».