Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Пузыня, музыка, які абудзіў сурму


Уладзімер Пузыня
Уладзімер Пузыня

26.2.1949, в. Суцін, Любанскі раён — 18.9.2012, Менск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.

Магчыма, ён выратаваў мне жыцьцё.

Увесну 1991-га, пасьля крывавай карнай акцыі савецкіх войскаў каля Віленскага тэлецэнтру, я разам з Уладзімерам прыехаў у блякадную Літву на вечарыну салідарнасьці з суседзямі, што першымі вырываліся з камуністычнай імпэрыі. Па дарозе да гары Гедыміна мы ўбачылі наперадзе вайсковы патруль. Я безразважна зьняў з пляча Пузыні ягоную знакамітую сурму і, стаўшы на калена, навёў інструмэнт на патрульных. Тыя ўскінулі аўтаматы. Гэтак жа імгненна мой спадарожнік штурхнуў мяне на газон і прыкрыў сваім целам...

Такіх, як Уладзімер Пузыня, неба пасылае на зямлю тады, калі трэба зьдзейсьніць нешта ўнікальнае і непаўторнае — зьвязаць парваныя ніці, не дазволіць перапыніцца традыцыі.

Ён, нашчадак вядомага шляхецкага роду, у 1970-я бярэцца за аднаўленьне нашых старажытных музычных інструмэнтаў, якія ўжо, здавалася б, канулі ў Лету. Дзякуючы яму ў Беларусі зноў загучалі ліры, жалейкі, чаротца, згаданы ў Радзівілаўскім летапісе ХІІІ стагодзьдзя хорум, які высушваецца з гарбуза.

У 1981 годзе газэта «Літаратура і мастацтва» паведаміла, што Пузыня вярнуў да жыцьця турыны рог, або сурму. Тую самую сурму, голас якой цягам стагодзьдзяў клікаў ваяроў-ліцьвінаў на бітву.

Малады паэт Алег Мінкін адгукнуўся на навіну славутым вершам «Сурма», што потым даў назоў ягонай першай кнізе, якой зачытвалася адраджэнская моладзь:

Прарочыце вы крыкам хіжым, тлумным
Засільле вечнай сьцюжы і зімы,
Ды скрозь ваш гвалт мне чуцен звон забыты
Званоў Сафіі і прызыўна-сумны,
Працяглы сьпеў абуджанай сурмы.

Ад канца 1980-х, здаецца, кожная агульнанацыянальная дэмакратычная ўрачыстасьць пачыналася з выступу Ўладзімера Пузыні, які пяшчотна падносіў да вуснаў сваю неразлучную сяброўку. Яго сурма гучала і на разьвітаньні з Васілём Быкавым...

Створаная Пузынем у Менскім інстытуце культуры лябараторыя адраджэньня і вырабу народных інструмэнтаў «Беларуская хатка» сталася месцам паломніцтва маладых музыкаў. Тут бывалі хлопцы зь цяперашняга праслаўленага гурту «Стары Ольса». Вядомы кожнаму беларусу «Палац» дагэтуль грае на адмыслова створаных для яго Пузынем ліры і жалейцы.

Калі б мая воля, я ўзнагародзіў бы Пузыню самымі высокімі дзяржаўнымі адзнакамі. Чаго варты адзін толькі ягоны даробак у справе адраджэньня нашага дударскага мастацтва! На пачатку свайго шляху Пузыня заставаўся адзіным жывым майстрам, які вырабляў гэты сымбалічны для Беларусі інструмэнт, а цяпер беларускія фэсты дудароў вядомыя па ўсім сьвеце.

Вікіпэдыя называе Ўладзімера Пузыню музыкам і майстрам-рэстаўратарам. Але сказаць, што ён даваў другое жыцьцё забытым інструмэнтам, — толькі частка праўды.

Ён аднаўляў беларускую душу.

XS
SM
MD
LG