Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Віцебску зноў «жанілі Цярэшку». Фотарэпартаж

Старажытная абрадавая гульня прайшла 17 студзеня ў Віцебску. Яе праводзілі ўжо пяты раз, але яны нязьменна зьбірае вялікую аўдыторыю — як ахвотных пагуляць, так і проста паглядзець. «Жаніцьба Цярэшкі» — абрадавая гульня каляднага цыклю, якая дагэтуль жыве на Віцебшчыне, у прыватнасьці, у Лепельскім раёне. Каб ня страціць унікальную спадчыну нематэрыяльнай культуры, віцебскае аматарскае этнаграфічнае аб’яднаньне «Поўнач» пераймае досьвед старэйшых. Дзякуючы гэтаму, ужо пяты раз у Віцебску «жэняць Цярэшку» — уводзячы ў старажытны абрад новыя элемэнты — гульні і песьні.

На «Жаніцьбу Цярэшкі» традыцыйна зьбіралася моладзь, каб хлопцы й дзяўчаты бліжэй пазнаёміліся паміж сабой, а то й знайшлі сабе пару. Падчас гульняў і скокаў хлопцы і дзяўчаты прыглядаюцца адно да аднаго, вызначаюцца ўзаемныя сымпатыі, а потым наступае сакральны момант — сымбалічнае, жартоўнае вясельле.

Старэйшае пакаленьне таксама ўдзельнічае — весяліцца, танчыць і сьпявае. А потым абірае «бацьку» і «маці», якія сочаць за парадкам правядзеньня абраду «Жаніцьбы Цярэшкі». У Віцебску гуляюць так: «бацька» і «маці» перапісваюць «сыноў» і «дачок», вызначаюць будучыя пары суадносна з жаданьнем і прыхільнасьцямі ўдзельнікаў, а потым выклікаюць імёны «маладых».

Наступны этап — «вясельле»: маладым наліваюць чарку і падносяць хлеб, а потым новая пара танчыць разам з «маці» і «бацькам». Гэтая дзея паўтараецца некалькі разоў, пакуль не «пабяруцца шлюбам» усе ахвотныя. А далей — ізноў скокі, сьпевы і гульні.

У «жывым» абрадзе — да тае пары, пакуль дазваляюць старэйшыя, а ў мясцовым, рэканструяваным усе весяліліся да самага закрыцьця культурніцкай установы «Залатое кола Віцебска «Дзьвіна».

XS
SM
MD
LG