У Менску даволі шмат крамаў з шыльдамі на беларускай мове. Аднак ці сустракаецца родная мова ўнутры такіх крамаў? І ці прысутнічае беларуская мова ў расейскамоўных і замежных крамах?
1. «Мой модны кут»
Самая беларускамоўная крама, якую я ўбачыла, – гэта «Мой модны кут». Яна на трэцім паверсе гандлёвага цэнтру «Маскоўска-Венскі», павільён № 333. Уласьнік крамы жаночага адзеньня спадар Валеры Есіпёнак з ахвотай размаўляе па-беларуску са сваімі пакупнікамі. Дарэчы, сьвядомыя пакупнікі могуць набыць рэчы са зьніжкай да 10%. Валеры – часты госьць «АртСядзібы», офіс якой – на чацьвёртым паверсе. Ён далучыўся да акцыі #беларуская стужка, павесіў на ўваходных дзьвярах рэклямку ад «АртСядзібы» і стужку зь беларускім арнамэнтам.
Што сапраўды зьдзівіла мяне, дык гэта тое, што на вітрынах, побач з замежнымі брэндамі, ляжаць кнігі па беларускай гісторыі і мове. Навідавоку – «Беларусы» Яўхіма Карскага, «Гедзімін (1316–1341). Каралеўства Літвы і Русі» Алеся Краўцэвіча, «Расійска-беларускі слоўнік» Сьцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, «Дзесяць бітваў» Міхася Чарняўскага.
Спадар Валеры – добры знаўца гісторыі. У гэтым я ўпэўнілася цягам шматлікіх размоў зь ім. Думаю, неўзабаве ў краму можна будзе хадзіць як на экскурсію ў гістарычны музэй. Валеры падзяліўся са мною, што хоча стварыць галерэю партрэтаў жанчын Беларусі. Уяўляеце, якая цудоўная атрымаецца вандроўка ў гісторыю? Можна будзе сумяшчаць шопінг і асьвету.
Па ўсім відаць, што ўласьнікі крамы, Валеры і яго жонка Алёна, – людзі неабыякавыя да беларускай мовы, культуры. Суполка «Мой модны кут» у сацыяльнай сетцы «ВКОНТАКТЕ» цалкам вядзецца на роднай мове. Пачытайце, як мілагучна гучыць:
«Вітаем спадарства на нашай старонцы! Прапануем Вам, мілыя спадарыні, наблізіцца да высокай сусьветнай моды, вартай беларускай прыгажуні, прапанаваўшы вядомае якаснае адзеньне ў Менску».
Як тут утрымацца, каб чаго не купіць? Тым больш што нават табліца памераў – на беларускай мове.
Акрамя інфармацыі пра адзеньне і зьніжкі, у суполцы vk.com/mmkut можна знайсьці запісы пра беларускіх паэтаў, іх фатаздымкі, вершы. Тут жа і віншаваньні са сьвятамі, напісаныя па-беларуску.
2. «Сэканд Хэнд»
Прыемна заходзіць у сеткі крамаў адзеньня «Сэканд Хэнд». У самой краме інфармацыя пра зьніжкі напісаная на роднай мове: «З 25 лістапада зьніжкі. Запрашаем!», «Любая рэч па 10 тысяч». Аднак ня ўсе пакупнікі разумеюць назвы месяцаў па-беларуску, патлумачыла прадавец Вольга. Нядаўна ёй даводзілася тлумачыць, што такое «сьнежань». Самі прадаўцы па-беларуску не размаўляюць, аднак мову разумеюць добра, таму ветліва адказваюць на пытаньні.
Крама мае беларускамоўны слоган «Мы робім лепшае даступным», і нават сайт second-hand.by зроблены на роднай мове: навіны, адрасы крамаў, графік распродажаў і многае іншае. Некаторыя з удзячных пакупнікоў пакідаюць свае ўражаньні ў электроннай «Кнізе водгукаў» па-беларуску.
У Менску працуе дзевяць крамаў «Сэканд Хэнд». Плянуецца адкрыцьцё яшчэ трох.
3. «MART INN»
Добра размаўляе з пакупнікамі па-беларуску замежная сетка прадуктовых крамаў «MART INN», якая належыць літоўцу Гінтарасу. Адметнасьць гэтай крамы ў тым, што беларуская мова сустракае пакупнікоў зь дзьвярэй, на якіх можна прачытаць: «Калі ласка, карыстайцеся кошыкам», «Магазіны абсталяваны сыстэмай відэаназіраньня», «Магазін ахоўваецца» і інш. Унутры крамы практычна ўсе надпісы – на роднай мове, за выключэньнем цэньнікаў, дзе інфармацыя пра тавар даецца па-расейску. Адміністратар крамы патлумачыла: такая моўная палітыка крамаў зьвязаная з тым, што ўладальнік – патрыёт сваёй мовы і краіны, і, адпаведна, паважае мову той краіны, дзе мае свой бізнэс.
Што тычыцца саміх пакупнікоў, то да беларускай мовы яны ставяцца вельмі добра. «Па фатаздымках мову будзеце вучыць?» – пацікавіўся ў мяне мужчына, які зьвярнуў увагу на тое, што я фатаграфую беларускамоўныя надпісы. Пакупнік лічыць, што будзе добра, калі ўсюды будуць пісаць па-беларуску: «Ня ўмеем размаўляць, дык хоць бы чыталі!»
Пачытаць на роднай мове можна і на сайце крамы martinn.by. На беларускай мове тут можна знайсьці апытанку, інфармацыю пра акцыі. Слоган крамы «Гэта выгадна!» на сайце напісаны па-расейску, а на касавых чэках – па-беларуску.
З надыходам халадоў у «MART INN» пачалі прадаваць рыдлёўкі для расчысткі сьнегу. «Ня ўсе пакупнікі ведаюць значэньне слова «рыдлёўка», даводзілася шмат разоў тлумачыць, – распавяла адміністратар. – Хоць тая рыдлёўка і паказаная на малюнку побач з цэньнікам, а ўсё роўна людзі запытваліся, што гэта такое».
А вывучыць новыя словы ў краме сапраўды можна. Якім чынам, вы думаеце? Праз рэкляму! Чытаю на рэклямным плякаце: патэльня, сатэйнік, коўш, рондаль, прылады для кухні. Чым ня ўрок беларускай мовы?
Крамы «MART INN» ёсьць ня толькі ў Менску, але і ў Берасьці, Калінкавічах, Ваўкавыску, Смаргоні, Гомелі, Бабруйску ды іншых гарадах.
4. «Материк»
Дзе сапраўды не чакала сустрэць беларускую мову, дык гэта ў расейскамоўным будаўнічым гіпэрмаркеце «Материк», што каля станцыі мэтро «Каменная Горка». Крама мае некалькі шыльдаў на беларускай мове: «прылады для шпалер», «для абароны драўніны», «акрылавыя фарбы», «алейныя фарбы», «малюй з фантазіяй».
«На колькі хапіла энтузіязму», – патлумачыла кансультант па працы з кліентамі. Хоць надпісы на беларускай мове зробленыя вялікімі каляровымі літарамі, пакупнікі асаблівай увагі на іх не зьвяртаюць, бо глядзяць адразу на тавар і на кошты. Таму ня дзіва, што на маё пытаньне, ці даспадобы беларуская мова ў аддзеле будаўнічых матэрыялаў, пакупніца, стоячы каля шыльды «малюй з фантазіяй», зьдзіўлена запыталася, дзе я ўбачыла тут беларускую мову.
5. УТУП «Шевком» і ЧП «Ирже-Групп»
Сеткі крамаў УТУП «Шевком» і ЧП «Ирже-Групп» зь беларускамоўнымі шыльдамі «Спажывецкія тавары» ёсьць у падземных пераходах станцыяў мэтро «Каменная Горка», «Кунцаўшчына», «Спартыўная». Уладальнікі крамаў – брат і сястра Яўген Шунейка і Ірына Таболіч.
Адметнасьць «Спажывецкіх тавараў» ад «Шевком» – вонкавае афармленьне шкла беларускімі пэйзажамі: над залатым полем ляціць бусел, а над ім надпісы: «Багацьце роднай зямлі ў кожны дом», «Зроблена для вас у Беларусі».
«Спажывецкія тавары» ад ««Ирже-Групп» аформленыя больш сьціпла. У самой краме можна заўважыць вядомую рэкляму «Зроблена ў Беларусі».
Прадаўцы ў абедзьвюх крамах – расейскамоўныя. Адразу прызналіся, што беларускай мовай не валодаюць, аднак пазытыўна ставяцца да беларускамоўных. Кажуць, што любяць Беларусь, бо гэта іх краіна.
Уласьнікі «Спажывецкіх тавараў» – Яўген і Ірына, менчукі. Абое зьдзівіліся майму пытаньню, чаму для назвы крамаў выбралі беларускую мову: «Таму што ў Беларусі жывем!» – пачула адказ. Ірына расказала, што вучылася ў звычайнай школе, дзе родная мова выкладалася разы два на тыдзень. Аднак у памяці жанчыны застаўся брат яе сяброўкі, які паўсюль і з усімі размаўляў толькі па-беларуску. «Таму што па-іншаму ён проста ня ўмеў», – шчыра дадала Ірына. – «У тыя часы, гадоў 30 таму, пачуць беларускую мову – гэта была выключная рэдкасьць».
6. adlifta.by
Ёсьць беларускамоўныя крамы і ў інтэрнэце. Праект adlifta.by прапануе “адзеньне для ліфтаў”. Асноўная паслуга, якую аказваюць хлопцы – стваральнікі такога незвычайнага бізнэсу, – рэкляма на дзьвярах ліфтаў у жылых дамах ды бізнэс-цэнтрах.
Патэлефанавала па пазначаным на сайце нумары. Мікалай Ханін, пачуўшы маю беларускую мову, таксама перайшоў на яе. Прызнаўся, што ён, як і яго сябра па бізнэсу Андрэй Дубіна, размаўляе па-беларуску даволі даўно. Таму ў хлопцаў не ўзьнікала пытаньня, на якой мове прапаноўваць паслугі. Мікалай кажа, што мова не ўплывае на продаж паслугаў – хутчэй, на замовы ўплывае якасьць выкананьня паслугаў.
«Спачатку на сайце adlifta.by інфармацыя была напісаная на тарашкевіцы. Аднак давялося адмовіцца ад такога напісаньня, бо маглі адпудзіць кліентаў», – расказаў Мікалай.
Спытала ў Мікалая, што выклікала ў яго цікавасьць да беларускай мовы. «Вучуся на факультэце міжнародных адносін. Калі быў на другім курсе, то маці падаравала мне на Новы год кнігу па гісторыі Беларусі. Яна вельмі захапіла мяне. А пасьля падумаў: якая можа быць любоў да гісторыі, калі не любіць родную мову? Так пачаў размаўляць па-беларуску. Пасьля гісторыі зьвярнуў увагу на беларускую музыку. Проста закахаўся ў гурт «Рэлікт», які ўпершыню пачуў на фэстывалі «Камяніца». Яшчэ давялося многа павандраваць па Беларусі, бо вучуся на аддзяленьні мэнэджмэнту ў сфэры турызму. Наша краіна вельмі прыгожая!»
7. cesliary.by
Беларушчынай уразіў сайт cesliary.by, на якім можна замовіць мэблю і цясьлярскія працы ў Менску. Мэблевы бізнэс належыць індывідуальнаму прадпрымальніку Зьмітру Дашкевічу.
«Беларуская мова – гэта мова для жыцьця. Абраў яе гадоў 15 таму. Ёсьць яшчэ такая прымаўка: «Ня верны мове – ня верны ва ўсім», – расказаў Зьміцер. Таму і ня дзіўна, што cesliary.by – цалкам беларускамоўны сайт.
Дарэчы, на стартавай старонцы, у верхнім правым куце, кідаецца ў вочы радок зь Бібліі: «І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку» (Каласянам 3:23). Па ўсім бачна, што «Цесьляры» бездакорна працуюць па біблейскім прынцыпе.
Побач з сур’ёзнасьцю ёсьць на сайце і добры беларускі гумар, калі справа тычыцца коштавай палітыкі: «Беларускамоўным кліентам дзейнічае адмысловая акцыя – надбаўка 20% на разьвіцьцё беларускай мовы!! Расейскамоўным кліентам прапановы яшчэ больш прывабныя – 40% надбаўкі на разьвіцьцё беларускай гаворкі ліцьвінскага краю!!».
Асабліва мне спадабаўся заклік падтрымаць Бацькаўшчыну: «Людцы добрыя, дзеці зямлі маткі маёй! НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ ШАНЕЦ ПАДТРЫМАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДРАДЖЭНЬНЕ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ!».
Зьміцер патлумачыў, што рэкляма «Цесьляроў» часта зьяўляецца ў «Нашай ніве», якую чытаюць людзі дасьведчаныя, якія ўсё разумеюць. Таму такі заклік цалкам апраўданы, бо аўдыторыя кліентаў склалася адпаведная.
Тыя, хто яшчэ толькі вывучае беларускую мову, могуць выкарыстоўваць сайт cesliary.by як мэблевы слоўнічак.
Марына Яўсейчык
для Радыё Свабода
Фота аўтара
Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.
Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com