У Гомельскай карціннай галерэі 10 студзеня зрабілі мантаж экспазыцыі фотакарцін французкага журналіста Мішэля Рэно.
Ён ня быў супрацоўнікам часопіса Charlie Hebdo, але ў момант тэракту апынуўся ў рэдакцыі, паколькі прынёс карыкатурысту Жану Кабю яго малюнкі.
Мішэль Рэно стаў адной з 12 ахвяр крывавай расправы. Зь Беларусьсю і Гомелем журналіста зьвязаў лёс. Ён ажаніўся з гамяльчанкай і ў 2008 годзе ў Гомелі прайшла першая яго персанальная выстава. У 2009 годзе тут Рэно прадставіў выставу «Падарожжа вакол сьвету ў 80 фотаздымках».
Перад адкрыцьцём пасьмяротнай выставы францускага журналіста Людміла Шымбалёва, дырэктар галерэі, распавяла:
«Вельмі сьветлы быў чалавек. Ён езьдзіў па сьвеце і знаходзіў нават у самых складаных карцінах вайны, голаду, галечы — іскрынку любові і прыгажосьці. Гэта страшна, калі забіваюць такіх добрых людзей. Ён падарыў гомельскай галерэі 10 сваіх прац: „Дарога з Маракеша. 1985 год“, „На высьпе Ява. Інданэзія. 1994“, „Ровар і аўтобус. Віетнам“ і іншыя. Яны скажуць пра яго больш, чым словы».
10 мастацкіх работ Мішэля Рэно — гэта дзясятак гісторый, якія расказаныя чалавекам пра людзей. Адкрыцьцё выставы, на якой можна будзе ўбачыць гэтыя працы, адбудзецца 11 студзеня.