Прэм’ер-міністар беларускага ўраду з 1990 па 1994 гады Вячаслаў Кебіч ухваляе адстаўку ранейшага кіраўніцтва і зычыць посьпехаў новаму ўраду.
Што да прызначэньня на ключавыя пасады новых кіраўнікоў, спадар Кебіч выказаў такую думку:
«Я іх яшчэ добра ня вывучыў. Але, у любым выпадку, шмат прыйшло маладых, узмацніўся фінансавы бок ураду, то бок прыйшлі людзі, зьвязаныя з эканомікай. Так што пажадаем новаму ўраду посьпехаў у новым 2015-м цяжкім годзе. Звышцяжкі ён будзе. Па-першае, гэта зьвязана з Расеяй, па-другое, з сусьветным крызісам, па-трэцяе, з Украінай...»
Карэспандэнтка: «Але ж і самі таксама прычыніліся?»
Кебіч (сьмяецца): «Давайце пакінем гэтае пытаньне без адказу».
Цяпер ужо былы кіраўнік ураду Міхаіл Мясьніковіч з 1990 па 1994 гады быў першым намесьнікам Вячаслава Кебіча. На пытаньне, як спадар Кебіч ацэньвае працу Мясьніковіча, колішні начальнік адказаў так:
«Наламаць дроваў ён пасьпеў. Вельмі сьпяшаўся, таму і пасьпеў».
Што да прызначэньня новым кіраўніком Нацыянальнага банку Паўла Калаўра, экс-прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч кажа:
«Гэтага чалавека я вельмі добра ведаю. Па-першае, гэта мой зямляк. Па-другое, гэта найбуйнейшы адмысловец у банкаўскай сфэры. Тут пападаньне проста ў дзясятку».