«Усе маніпуляцыі, якія адбываліся з курсам цягам апошніх тыдняў, — спроба ўручную намацаць тыя ўзроўні курсаў, па якіх насельніцтва згоднае несьці валюту ў абменьнік і там жа яе набываць. Асноўная праблема была ў тым, што быў уведзены 30-працэнтны збор, і гэта не дазваляла зрабіць адзін курс з двух — афіцыйнага і „чорнага“. Цяпер мы бачым зьніжэньне збору — да 20 працэнтаў, і адначасны рост афіцыйнага курсу. Ідзе збліжэньне курсаў — афіцыйнага і „чорнага“. Гэтаксама было і ў 2011 годзе», — патлумачыў экспэрт.
У панядзелак, 29 сьнежня, на Беларускай валютна-фондавай біржы прайшлі чарговыя таргі. Па іх выніках даляр умацаваўся адразу на 770 рублёў і каштуе цяпер 11800 рублёў, курс эўра вырас на 940 рублёў — да 14380, расейскі рубель вырас з 202,5 да 206 беларускіх рублёў.
Як паведамляе Нацбанк, памер камісійнага збору пры куплі насельніцтвам замежнай валюты з 30 сьнежня будзе паніжаны з 30 да 20 працэнтаў. Такое рашэньне прынята праўленьнем Нацыянальнага банку «з улікам нармалізацыі сытуацыі на фінансавым і валютным рынках рэспублікі».
«Рост афіцыйнага курсу такімі крокамі, як 770 рублёў, азначае дэвальвацыю», — дадаў Сяргей Чалы.