Пра гэта паведамілі на інфалініі цэнтру абслугоўваньня кліентаў МТБанку:
«Гэта абмежаваньне ўжо зьнятае, і цяпер расейскі рубель можна купіць. Прыпыніць апэрацыі — гэта было рашэньне праўленьня банку. Але нам ніякіх падрабязнасьцяў не давалі. Але цяпер ніякіх абмежаваньняў няма: можна свабодна набыць, прадаць, канвэртаваць расейскі рубель».
Пра тое, чым выклікана такая паўза ў працы з расейскім рублём, і якой будзе сытуацыя ў бліжэйшыя дні, ці будзе банк прыпыняць працу з гэтай валютай, на інфалініі банку не паведамілі.
Раней у паведамленьні, апублікаваным удзень на сайце МТБанку, паведамлялася:
«Рашэньнем праўленьня з 12:00 17 сьнежня ЗАТ „МТБанк“ прыпыняе валютна-абменныя апэрацыі з расейскім рублём ва ўсіх касах і пунктах абмену валют банку».
Аднак пазьней гэтая інфармацыі зьнікла з сайту.
У сярэдзіне сьнежня адбыўся рэзкі абвал расейскага рубля з прыкладна 50 да амаль 70 рублёў за даляр, а на піку — да 80. За папярэднія некалькі месяцаў нафта (асноўны расейскі экспартны тавар) і ўсьлед за ёй рубель паступова патаньнелі амаль удвая.
Паслабленьне расейскага рубля выклікала ажыятаж у маскоўскіх крамах. Многія масквічы імкнуцца хутчэй патраціць ашчаджэньні, баючыся ўздыму коштаў на імпартныя тавары з-за падаражэньня даляра і эўра, паведамляе «РИА Новости».