Сярэдняя пэнсія ў Беларусі ў 2015 годзе складзе 2 мільёны 883 тысячы рублёў.
Менавіта гэтую лічбу назвала сёньня міністар сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі Марыяна Шчоткіна на паседжаньні Палаты прадстаўнікоў.
Яна сказала, што 9,9 працэнта ўсяго валавога ўнутранага прадукту Беларусі ідзе на выплаты пэнсіяў. Асноўная іх крыніца — гэта абавязковыя страхавыя ўнёскі, якія складаюць 94 працэнты напаўненьня пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны.
Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў удакладніць у міністра Шчоткінай, наколькі павялічыцца мяркуемая пэнсія у 2015 годзе ў параўнаньні зь 2014 годам. Марыяна Шчоткіна адказала:
«Гэтую лічбу можна вылічыць, але мы ў сваіх разьліках сыходзім зь іншага крытэру — мяркуемага заробку на 2015 год, бо менавіта гэты паказьнік зьяўляецца базавым пры разьліку памеры пэнсіі».
Сярэдняя пэнсія ў жніўні 2014 года складала 2 мільёны 542,3 тысячы рублёў.
У 2015 годзе ў Беларусі адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары.