Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адаб’ецца на Казахстане скандал паміж Беларусьсю і Расеяй?


Беларусь выставіла мытныя пасты на мяжы з Расеяй. Экспэрты прагназуюць, як гэтыя меры могуць адбіцца на Казахстане, трэцім удзельніку Мытнага зьвязу.

Казахстанскія экспэрты тлумачаць прычыны аднаўленьня мытнага кантролю паміж Беларусьсю і Расеяй і выказваюць здагадкі, як гэта можа адбіцца на Казахстане.

Расул Жумалы, палітоляг:

— Гэта узважанае, абгрунтаванае рашэньне кіраўніцтва Беларусі. У сапраўднасьці Мытны саюз — гэта міждзяржаўная арганізацыя, створаная толькі ў інтарэсах Расеі. Гэты крок уладаў Беларусі цалкам абгрунтаванае рашэньне, мэтай якога зьяўляецца абарона нацыянальных, стратэгічных, эканамічных і гандлёвых інтарэсаў дзяржавы.

Па-мойму, Казахстан таксама даўно павінен быў узяцца за гэтае пытаньне. Відавочна, што інтарэсы Казахстана пацярпяць, калі ён і далей будзе дзейнічаць па ўказцы Расеі і залежаць ад яе. Чым раней мы ўсьвядомім рэчаіснасьць, тым лепш гэта будзе і для народу, і для ўладаў. Аднак не магу сказаць, што цяпер у нас дастаткова для гэтага разуменьня і сілы волі. Таму што Казахстан сутыкаецца са стратамі і аказваецца ў неспрыяльнай сытуацыі не апошнія адзін-два месяцы, а ўвесь час, што знаходзіцца ў Мытным саюзе.

Сяргей Дуванаў, незалежны журналіст:

— Па-мойму, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін павінен знайсьці кампраміснае рашэньне гэтага пытаньня. Я не лічу, што гэта складаны крок з боку Менску. Менск абараняе свае правы. У цэлым Астана таксама ня цалкам задаволеная сытуацыяй, якая склалася. Магчыма, на нейкім дыпляматычным узроўні вядуцца перамовы. Калі палітыкі не прыйдуць да нейкай агульнай згоды, то цалкам верагодна, што гэта перарасьце ў складаную праблему. Такія ж санкцыі могуць быць прыняты і ў дачыненьні да Казахстана. Таму што ў некаторых галінах якасьць казахстанскіх тавараў не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Жамбыл Ахметбекаў, дэпутат парлямэнту:

— Аднаўленьне мытнага кантролю на мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю — правільнае рашэньне, асабліва пасьля ўзаемных абвінавачваньняў у кантрабандзе тавараў. Па-мойму, гэта часовыя меры. Гэта ніяк не адаб’ецца на Казахстане.

Магбат Спан, эканаміст:

— Нягледзячы на дасягнуты кансэнсус паміж дзяржавамі, Расея многія пытаньні вырашае ў сваіх інтарэсах, не ўзгадняючы гэта з партнэрамі. Многія расейскія кіраўнікі забываюць, што Казахстан таксама зьяўляецца незалежнай дзяржавай. Вядома, маштаб эканомікі Казахстана значна меншы, аднак заўтра ўсё можа зьмяніцца.

Нэаімпэрскае мысьленьне Расеі можа зьнішчыць такі праект, як Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС), у якога ёсьць будучыня. Пры добрых умовах празь некалькі гадоў ЭАЭС можа стаць альтэрнатывай Эўрапейскаму саюзу або стаць яго канкурэнтам. Калі гэтага ня здарыцца, то ЭАЭС чакае лёс Савецкага Саюзу.

Дасым Сатпаеў, палітоляг:

— Узаемаадносіны Расеі і Беларусі нагадваюць адносіны паміж суседзямі па камунальнай кватэры. Яны ўвесь час сварацца з-за нязначных праблем. З гэтай пазыцыі Казахстан у адкрытай форме на канфлікт з Расеяй ня пойдзе. Калі ўзьнікае нейкая сытуацыя, то Астана імкнецца ня пакрыўдзіць свайго паўночнага суседа. Падобна на тое, што тут Казахстан, як звычайна, «паставіцца з разуменьнем», і прэзыдэнт Назарбаеў выступіць у ролі пасярэдніка.

У 2011 годзе Расея, Казахстан і Беларусь падпісалі пагадненьне аб стварэньні Мытнага саюзу. Апошнім часам расейскі бок увёў шэраг санкцый супраць увозу беларускіх тавараў, забараніў імпарт многіх відаў мясной прадукцыі як не адпаведным санітарным нормам. Аляксандар Лукашэнка 27 лістапада абяцаў «адрэагаваць», калі ўведзеныя Расеяй абмежаваньні на пастаўкі беларускага харчаваньня ня будуць адмененыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG