Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія мытнікі выяжджаюць на «кропкавую праверку» на мяжу з Расеяй


Прэсавая служба Віцебскай мытні абвяргае інфармацыю пра чэргі на беларуска-расейскай мяжы.

«Па стане на ўчора чэргаў на беларуска-расейскім участку мяжы не было. Калі беларускія мытнікі і выяжджаюць для кропкавай праверкі, то затрымка транспарту адбываецца на 5–10 хвілінаў для высьвятленьня абставінаў сьледаваньня і дакумэнтаў», — заявіла Свабодзе прадстаўніца Віцебскай мытні.

Учора расейскія СМІ паведамлялі пра 15-кілямэтровыя чэргі на трасе М1 і заяўлялі, што Беларусь узнавіла мытны дагляд на мяжы з Расеяй. Раней паведамлялася, што беларускія ўлады пачалі татальную праверку грузавікоў, якія перасякаюць ў абодва кірункі расейска-беларускую мяжу.

Мяркуючы па паведамленьнях на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі, праверкам падвяргаюцца ня толькі грузавыя, але і легкавыя аўтамабілі. Так, беларускія мытнікі распавялі, што канфіскавалі незадэкляраваныя ювэлірныя вырабы ў грамадзяніна Казахстана, які рухаўся на Porshe Cayenne.

У сацыяльных сетках зьявіліся сьведчаньні відавочцаў, якія сьцьвярджаюць, што ў сувязі з праверкамі чэргі на пунктах пропуску з расейскага боку расьцягнуліся на некалькі кілямэтраў. Прадстаўнік беларускай мытні пацьвердзіў факт правядзеньня мытных праверак. Паводле яго слоў, праверка аднаго аўтамабіля займае да дзесяці хвілінаў.

Мытныя пасты на межах Расеі, Беларусі і Казахстану спынілі працу 1 ліпеня 2011 года ў сувязі са стварэньнем Мытнага саюзу. Пасьля таго як Расея ў жніўні 2014 ўвяла прадуктовыя антысанкцыі супраць краінаў ЭЗ, ЗША і некаторых іншых дзяржаў, Масква неаднаразова абвінавачвала Беларусь у рээкспарце забароненых прадуктаў, а таксама ў ілжывым транзыце іх у Казахстан, калі на справе увезеныя прадукты «раствараліся» на тэрыторыі Расеі.

«Фэдэральная мытная служба Расеі пацьвярджае, што беларускія калегі ўзнавілі сваю працу, — заявіла Радыё Свабода супрацоўніца прэсавай службы ФМС РФ Алена Грач. — З расейскага боку кантроль на мяжы не адбываецца». Даваць больш падрабязную інфармацыю прэс-служба ФМС Расеі пакуль адмаўляецца. Пацьвердзіць ці абвергнуць наяўнасьць чэргаў на беларуска-расейскай мяжы яны таксама ня могуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG