Як паведамляе газэта «Известия», абвал рубля справакаваў дэфіцыт наяўнай замежнай валюты ў аддзяленьнях банкаў. «Известия» апыталі топ-30 расейскіх банкаў па актывах і высьветлілі, што крэдытныя арганізацыі ўвялі ліміты на продаж валюты ў адны рукі. Сумы ў $ 10 000 і € 10 000 зь цяжкасьцю можна набыць нават у найбуйнейшых банках, а, напрыклад, у «Альфа-банку» валюту наогул не прадаюць, у «Росбанку» усталяваны ліміт на набыцьцё валюты ў памеры $ 1 000, у Райфайзэнбанку валюту можна закупіць толькі на 100 тыс. рублёў, Сіцібанк прадае валюту толькі сваім кліентам.
1 сьнежня на валютнай сэкцыі Маскоўскай біржы да 13.40 маскоўскага часу курс эўра ўпершыню ў гісторыі прабіў адзнаку 65 рублёў (65,08 рубля). Курс даляра на той жа час — 52,17 рубля. Даляр і эўра ўмацоўваюцца на фоне падзеньня коштаў на нафту ніжэй за ўзровень $ 70 за барэль.