Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзьнік, якога лічаць махляром і ашуканцам


Расея і Беларусь працягваюць абвінавачваць адно аднаго ў несумленным вядзеньні бізнэсу.

Масква падазрае саюзьніка ў падмане — кантрабандзе, рээкспарце і няісным транзыце. Менск спасылаецца на перадузятае стаўленьне да ўсяго, што «зроблена ў Беларусі», і парушэньне дамоўленасьцяў аб свабодным перамяшчэньні тавараў у межах Мытнага саюзу. Чым скончыцца чарговае супрацьстаяньне на гандлёвым фронце?

Тыдзень таму «Рассельгаснагляд» забараніў доступ на расейскі рынак амаль двум дзясяткам прадпрыемстваў, знайшоўшы ў прадукцыі антыбіётыкі і шкодныя мікраарганізмы. Беларускі бок спадзяецца бліжэйшымі днямі аднавіць пастаўкі ў Расею мясных і малочных тавараў, аднак у такой пэрспэктыве сумняваецца Расея. Самы апошні прыклад — спыненьне сёньня смаленскімі кантралёрамі 14 тонаў нарвэскай сёмгі, якую спрабавалі ўвезьці па беларускіх таварных накладных.

Напярэдадні ў інтэрвію агенцтву РБК рэзка выказаўся на адрас беларускіх калегаў кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт. Паводле яго, Беларусь — асноўная краіна «прыкрыцьця» для санкцыйных тавараў з Эўразьвязу, доступ якім забаронены паводле прадуктовага эмбарга:

«Пра садавіну і гародніну нават гаварыць ня хочацца — гэта ўвогуле рээкспарт. Ведаеце, якая прадукцыя цяпер найбольш папулярная на эўрапейскіх картанажных фабрыках? Немаркіраваныя скрыні. І мы павінны прааналізаваць, адкуль гэтыя немаркіраваныя скрыні. Папрасілі нашых беларускіх калегаў зь імі разам пастаяць на мяжы, тыдзень-два. Нам адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ў іх спэцыялісты добра падрыхтаваныя. Асабліва, як аказалася, па мясе яны падрыхтаваныя. І па расьліннай прадукцыі, відавочна, таксама. Сёньня можна прагназаваць, што такога кшталту пастаўкі садавіны і гародніны могуць быць у 1,5-2 разы большыя, чым нават па мясе».

Паводле Данкверта, у ведамства бракуе пэрсаналу, каб выяўляць усю падазроную прадукцыю, якая ўвозіцца зь Беларусі. Але нават шасьці пастоў на асноўных магістралях дастаткова, каб канстатаваць: сытуацыя надзвычайная. Чыноўнік заявіў, што імпартэры старанна пазьбягаюць інспэктараў «Рассельгаснагляду», але іх усё роўна адлоўліваюць, у тым ліку на этапе рэалізацыі. І прывёў красамоўны прыклад: прайшлі больш за 200 фураў зь мясам нібыта бразыльскага паходжаньня. Беларускія мытнікі ніводную машыну не праверылі, інакш убачылі б галяндзкія і польскія этыкеткі. Усе 226 машынаў былі прапушчаны ў Казахстан, але ёсьць падставы меркаваць, што да адрасата не даехала ніводная.

Беларускі бок адкідае ўсе абвінавачаньні ў наўмысных злоўжываньнях. У прыватнасьці, кіраўніцтва Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня запэўнівае, што мясная і малочная прадукцыя адпавядае ўсім санітарным патрабаваньням, перапрацоўка імпартаванай сыравіны на мясцовых камбінатах узгодненая з Масквой, а транзыт празь Беларусь у трэція краіны — клопат якраз не беларускі. Між тым, лічаць чыноўнікі, спробы Расеі перакінуць свае праблемы на іншых дорага абыходзяцца беларускаму бюджэту: як заявіў першы намесьнік міністра галіновага ведамства Леанід Марыніч, з-за неспрыяльнай сытуацыі Беларусь траціць дзясяткі мільёнаў даляраў:

Недаатрымаем па экспарце, калі надалей так будзе разьвівацца сытуацыя і не адчыніцца расейскі рынак для нашых прадпрыемстваў, каля 100 мільёнаў даляраў

«Недаатрымаем па экспарце, калі надалей так будзе разьвівацца сытуацыя і не адчыніцца расейскі рынак для нашых прадпрыемстваў, каля 100 мільёнаў даляраў. На дадзены момант мы чуем толькі абяцаньні з расейскага боку, што пытаньне ўрэгулюецца. Але калі канкрэтна — нават ня ведаем. Дасягнутыя дамоўленасьці, што 1 сьнежня прыедуць спэцыялісты расейскіх вэтэрынарных службаў і тут у нас, у Менску, на нашай пляцоўцы, будуць праведзеныя перамовы. Прынамсі мы спадзяемся, што аснова ўсіх прэтэнзіяў будзе зьнятая ў працэсе гэтых самых перамоваў».

У Маскве адказваюць, што і без таго занадта ляяльна ставяцца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Паводле «Рассельгаснагляду», асобным беларускім малочным і мясным камбінатам доступ на рынак быў зачынены пасьля таго, як на іх адрас было накіравана па 20-30 папярэджаньняў аб недапушчальным узроўні ўтрыманьня шкодных рэчываў. Расейскія экспэрты не выключаюць, што беларуская прадукцыя магла сапсавацца ў выніку павелічэньня долі таннай сыравіны для перапрацоўкі. Так, у ведамстве сьцьвярджаюць, што папярэджвалі беларускіх калегаў пра санітарныя нюансы літоўскага, латыскага і польскага малака, але мінуў месяц, другі, а рэакцыі ніякай.

У сваю чаргу, у Мінсельгасхарчы абвяргаюць падазрэньні ў рэзкім нарошчваньні аб’ёмаў паставак харчоў з сыравіны, закупленай у дзяржавах, на якія распаўсюджваецца расейскае эмбарга. Як запэўніваюць адказныя супрацоўнікі міністэрства, імпартаваная доля для перапрацоўкі — «кропля ў моры». Прыкладам, аб’ём завезенага малака — толькі 2,5-3% ад агульнай колькасьці вырабленага ў Беларусі. Тое самае тычыцца мяса ды астатняга сьпісу.

Да чаго прывядзе пікіроўка саюзьнікаў, якія замест абмеркаваньня праблемы за круглым сталом аддаюць перавагу ўзаемным абвінавачаньням? Спэцыяліст у аграрнай галіне Аляксандар Ярашук лічыць, што Беларусі, якая практычна цалкам залежыць ад расейскага спажыўца, варта быць больш абачлівай:

Знаходзячы сабе дывідэнды за кошт такой вось маны ў эканоміцы, мы губляем значна больш у пляне іміджавым

«Самае прыкрае тое, што калі раптам улады (зрэшты, у што я ня веру, пакуль ля стырна знаходзяцца цяперашнія кіраўнікі) захочуць з чыстага аркуша весьці свае адносіны з Расеяй што датычыцца экспарту прадуктаў харчаваньня, дык проста ўжо ніхто ня будзе верыць. Ня будзе веры, што гэта не мана, што гэта не рээкспарт, што цукар бураковы не перамяшаны з трысьняговым, што малако не завезьлі зь Літвы, з Польшчы, гэтак жа як сьвініну ды ўсё астатняе. Самае дрэннае, што ня можа ўцяміць улада, — трэба думаць не пра аднамомантную выгаду, а пра будучыню. Найбольш каштоўнае для любой краіны — уласны імідж. Знаходзячы сабе дывідэнды за кошт такой вось маны ў эканоміцы, мы губляем значна больш у пляне іміджавым. Таму што ў канчатковым выніку гэта вядзе да значна большых стратаў эканамічных. Проста перастаюць верыць і лічыць, што гэта добрасумленны партнэр, зь якім можна адбудоўваць празрыстыя адносіны, не баючыся, што цябе ў любы момант могуць ашукаць і падставіць».

Як вынікае з афіцыйнай статыстыкі, практычна ўвесь аб’ём беларускага харчовага экспарту арыентаваны на Расею. Цягам студзеня-верасьня на расейскі рынак пастаўлена больш за 98 тысяч тон ялавічыны (ад агульнага паказьніка 101 тысяча тон), 87,8 тысячы тонаў мяса птушкі (ад 88,4 тысяч тон), 9,5 тысяч тонаў сьвініны (ад 9,8 тысяч тон), а таксама амаль уся рэалізаваная за мяжу малочная прадукцыя — 232,5 тысячы тон малака (ад 236,5 тысяч тон).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG