Паліцаі, паліцаі, беларускія сыны...
А хіба не беларускія?
Вядома, кожны нацыянальна заклапочаны грамадзянін раз-пораз адчувае спакусу расставіць кропкі над «і» там, дзе ніякіх «і» няма і ніколі не было. У словах «Belarus über alles», напрыклад. Маўляў, і ў НКВД адны жыды працавалі, і паліцаі нашы былі збольшага не беларусы, і «прэзідзент» сумнеўнага паходжаньня, і ўвогуле, ва ўсім заўжды вінаватыя прыхадні, а наш чалавек нікому благога ня зробіць, а асабліва сваім. Наш чалавек — або ахвяра, або герой. Або ў ярме, або на шчыце, або на мэмарыяльнай дошцы, або ў тэлевізары байкі баіць. Колькі зьняслаўленых беларусаў ператварылася пасьля сьмерці ў герояў, вылузаўшыся нарэшце з чужой паліцайскай скуры!
Паліцай — ён і ёсьць паліцай, добрага чалавека паліцаем не назавуць. Словам «паліцай» у Беларусі нікога не пахваліш, дый рэабілітацыі яно не заслугоўвае — але стаўленьне да яго непрыкметна мяняецца.
Здаецца, у наш час ім часьцей за ўсё называюць або даішніка, або замежнага паліцыянта. Пра тых, колішніх паліцаяў другой сусьветнай нагадвае толькі панылае беларускае кіно. Ды які-небудзь раман са школьнай праграмы. З ходу прыгадваецца «Вазьму твой боль» Шамякіна — здаецца, гэта там паліцаі кормяць хлопчыка мёдам, і сала абяцаюць, і з кулямёта даць пастраляць. Ну рыхтык — буржуіны завабліваюць нейкага мальчыша. Паліцаі — яны такія: кроў, сала, мёд і самагонка. У Быкава ў «Знаку бяды» паліцай Каландзёнак — «няўклюда лягчоная, ні хлопец, ні дзеўка — паскуда адна». А яшчэ, кажуць, у Барадуліна быў верш пра тое, як паліцай застрэліў бусьліху. Хто яго ведае, навошта.
Хаця цяпер і школьнік ведае, што ня ўсё было так проста. І з паліцаямі, і з партызанамі.
Цяпер ужо, здаецца, нікому ня трэба даводзіць, што ня кожны так званы беларускі паліцай быў забойцам, рабаўніком, гвалтаўніком, маньякам і наогул д’яблам у чалавечым абліччы, якога невядома як зямля на сабе насіла. Зямля — яна наогул такая, як савецкая модніца: што даюць, тое і носіць. Вось жыхары Міру ўспамінаюць: «У паліцыю немцы людзей забіралі, куды ж чалавек дзенецца ад іх? Тут паліцаі не такія галаварэзы былі, як паказваюць, спакойныя былі, іх і гвалтам забіралі». Хапала, ясная рэч, і галаварэзаў, і рабавалі, і гвалтавалі, былі і маньякі. Гэта пра іхных пасьлядоўнікаў-антысэмітаў, якіх у Беларусі ніколі не бракавала, адзін пісьменьнік справядліва напісаў, што ў іх — «чорная душа паліцая».
І толькі слова «здраднік» у дачыненьні да паліцаяў другой сусьветнай гучыць неяк недарэчна: бо як можна здраджваць чужой дзяржаве, калі яна зьнішчыла тваю? Таму Тлумачальны слоўнік ужо ня можа нічога патлумачыць:
«Паліцай (пагард.) — у час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных раёнах: здраднік зь мясцовага насельніцтва, які служыў у фашысцкай паліцыі».
Паліцай — дзіўнае азначэньне. Вайна даўно скончылася, а гэтым словам карыстаюцца так, быццам мы — партызаны ў лесе, якіх сабралі паслухаць урок палітграматы ад заежджага камісара. Гэтае слова патрэбнае ня толькі пісьменьнікам, каб плесьці сеткі сваіх параўнаньняў. «Паліцай» патрэбны, каб ствараць вобраз пятай калёны. «Паліцай» — слова з актыўнага лексыкону жывых мерцьвякоў. У якіх таксама ёсьць права быць пачутымі.
Неяк давялося пазнаёміцца зь цікавым дасьледаваньнем: у беларусаў, якія нарадзіліся ў 20-30 гадах мінулага стагодзьдзя, запыталіся пра тое, кім былі для іх унутраныя і зьнешнія ворагі і сябры ў паваенны час і каго б яны назвалі такімі цяпер.
У лік сяброў паваеннай эпохі прадказальна трапілі Сталін, франтавікі, партызаны, камсамольцы, піянэры-героі і выкрывальнікі варожых змоваў. Цяперашнія сябры — улада, прэзыдэнт, камуністы, франтавікі, партызаны, БРСМ.
Ворагі паваеннай эпохі: кулакі, шпіёны, шкоднікі, бандыты, здраднікі, паліцаі, калябаранты, замежныя агенты. Сучасныя ворагі Беларусі: апазыцыя, замежныя агенты, паліцаі, калябаранты.
Вынікі трохі пужаюць — як грукат прыклада ў дзьверы сярод ночы.
Мінула паўстагодзьдзя, а партызаны застаюцца ў сьпісе сяброў. А ў сьпісе ворагаў, як і раней — агенты замежных выведак і яны, нашыя загадкавыя паліцаі.
Як быццам нічога не адбылося, як быццам гэтыя людзі ўсё яшчэ жывуць у 1945-м і дзень пры дні ладзяць свой «суд у Слабадзе».
Такое адчуваньне, што размова ідзе пра нейкія касты, якія немагчыма пакінуць. Што ўвесь гэты час беларусы жылі ў розных, ізаляваных адна ад адной, групах, і ў адной нараджаліся партызаны, а ў другой паліцаі, і ніхто іншы нарадзіцца проста ня мог.
Безумоўна, клясычны выпадак выкарыстаньня вобразу паліцая дзеля зьнішчэньня — спроба дыскрэдытацыі Зянона Пазьняка ў позьнесавецкі, дый ня толькі ў позьнесавецкі час. Кілераў з тых, хто гэтым займаўся, ня выйшла. А хто выйшаў? Напэўна, палітыкі і журналісты.
Забыць такое цяжка. Хлусьню паўтаралі ўсе навокал: суседзі, настаўнікі, сваякі, сябры, сябры сяброў і знаёмыя суседзяў, хлусьня была на ўлётках, якія нехта кідаў у паштовыя скрыні, хлусьня чулася па радыё і жыла ў чэргах і на аўтобусных прыпынках.
«У Пазьняка бацька быў паліцай».
«Які бацька? Дзед!» — пярэчылі маладзейшыя.
«І дзед, і бацька, і сын, і сам ён быў па-лі-цай», — аўтарытэтна гаварыў які-небудзь інтэлігентны мужчына ў дублёнцы і адварочваўся.
Прысутныя спачатку горача падхоплівалі, але праз хвіліну замаўкалі. Усё ж гэта было ўжо занадта. Але ўпэўненасьць сядзела моцная: ну хаця б нехта ў гэтага бэнээфаўца ды пасьпеў пабыць паліцаем. А як інакш?
Я спрачаўся зь імі ледзь не да бойкі. Яны толькі сьмяяліся: малады яшчэ. Дзе ты мог паліцаяў бачыць?
І праўда — дзе?
Давялося самому прымераць паліцаеву шкуру.
Сярод азначэньняў, якія выкарыстоўваліся ў дзевяностых гадах для беларускамоўных, было і такое. Папраўдзе кажучы, ня самае распаўсюджанае — у параўнаньні зь несьмяротным «бэнээфавец» і прыгожым «фашыст». Беларускамоўная моладзь тых гадоў — наогул нейкія ўнукі паліцаяў. Некалі нават была ідэя сабраць такі гурт — і сьпяваць у ім паліцайскія песьні пад паліцайскую музыку. Хорам, як і належыць героям літаратурных твораў.