Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта дурное і подлае рашэньне беларускіх уладаў, — Шарамет пра высылку Танкачовай


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Вядомы журналіст Павал Шарамет у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў рашэньне беларускіх уладаў аб высылцы праваабаронцы Алены Танкачовай на тры гады зь Беларусі бяз права вяртаньня. Раней яна была пазбаўленая віду на жыхарства ў Беларусі.

«Ніводзін нармальны чалавек ня можа падтрымаць высылку Алены Танкачовай зь Беларусі. У Беларусі яна пражыла палову свайго жыцьця, нарадзіла дачку, у гэтай краіне яе дачка вырасла. І гэта, канечне, абсалютна бесчалавечнае, дурное і подлае рашэньне беларускіх уладаў. З чым можа быць зьвязаная гэтая высылка, цяжка сказаць, бо такіх подлых учынкаў беларуская ўлада рабіла вельмі многа. Танкачова — адна з тых праваабаронцаў, зь якімі ўладам не ўдалося дамовіцца альбо якіх не ўдалося ўзяць пад кантроль. Таму яе вырашылі такім чынам выключыць зь беларускага палітычнага працэсу. Вядома, ёсьць і іншыя праваабаронцы ў Беларусі, якія непадкупныя і не паддаюцца ціску. Але вось у Танкачовай знайшлі юрыдычна слабое месца, якім і скарысталіся. Была б магчымасьць у беларускіх уладаў, яны б, напрыклад, праваабарончы цэнтар „Вясна“ ў поўным складзе куды-небудзь у Сыбір выслалі б. Такой магчымасьці няма, таму толькі Алеся Бяляцкага арыштавалі. А з Танкачовай — знайшлі нагоду і скарысталіся».

Карэспандэнт: «То бок, калі ўладам трэба расправіцца з чалавекам, які не даспадобы, яны могуць скарыстаць від на жыхарства ці нават грамадзянства...»

Шарамет: «Я зусім не сумняюся, што калі нейкі чалавек надта ўжо дадзявае беларускай уладзе, то яна выкарыстоўвае любы спосаб, каб ад яго пазбавіцца — турма, дэпартацыя ці яшчэ нешта. Танкачова апошнім часам моцна ўплывала на перамоўны працэс беларускіх уладаў з Эўразьвязам і адстойвала пазыцыі праваабаронцаў і тых апазыцыянэраў, якія не гатовыя былі дараваць Лукашэнку ўсе рэпрэсіі, настойвалі на вызваленьні палітвязьняў. Вось яе такім чынам і прыбралі з гэтых перамоваў».

Карэспандэнт: «Вы таксама былі пазбаўлены беларускага грамадзянства. Ці была нейкая спроба вярнуць гэтае грамадзянства і як рэагавалі ўлады?»

Шарамет: «Я быў пазбаўлены грамадзянства, як цяпер ужо зразумела, напярэдадні выбараў 2010 году, бо старшыня КДБ далажыў Лукашэнку пра тое, што я магу браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах як кандыдат. І таму мяне тэрмінова ў 2009 годзе пазбавілі грамадзянства, як толькі мой узрост стаў адпаведны для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Абсалютна дурная была гісторыя, бо ў мяне нават думкі не было браць удзел у нейкіх выбарах. Усе нашы спробы неяк апратэставаць гэтае рашэньне ня мелі посьпеху. Я думаю, што пры цяперашняй беларускай уладзе мне пашпарт ня вернуць. Але радзімы яны мяне ўсё роўна пазбавіць ня могуць. Улада памяняецца, і я, безумоўна, вярну сваё беларускае грамадзянства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG