Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Міхаіл Жамчужны арыштаваны ў Віцебску ў жніўні гэтага году, аднак дагэтуль бракуе інфармацыі аб прычынах ягонага арышту.
Пра гэта паведамляе 30 кастрычніка сайт «Плятформы».
«Дагэтуль інфармацыі аб прычынах арышту Міхаіла Жамчужнага няшмат. Дакладна вядома, што крымінальная справа адносна яго пачата па частцы 1 артыкула 375 (наўмыснае раскрыцьцё эканамічных, навукова-тэхнічных ці іншых зьвестак, якiя складаюць службовую тайну, асобай, якая мае або мела доступ да гэтых зьвестак). А таксама па частцы 2 артыкула 376 (незаконныя выраб або набыцьцё ў мэтах збыту або збыт спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — паведамляе «Плятформа».
Сябры «Плятформы» дагэтуль ня маюць зьвестак пра тое, у зьвязку з чым Жамчужнаму прад’яўлены такія абвінавачваньні, а ў адваката ўзятая падпіска пра неразгалошваньне.
Міхаіл Жамчужны — колішні асуджаны па эканамічнай справе прадстаўнік «Плятформы» ў Віцебску, а да зьняволеньня — дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, кандыдат тэхнічных навук.
Былы кіраўнік праваабарончай установы «Плятформа-інавэйшн» Андрэй Бандарэнка сёлета ў жніўні быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле артыкула аб злосным хуліганстве. Праваабаронца на судзе прызнаў сваю віну часткова, але з такім прысудам не пагадзіўся і абскардзіў яго ў Менскім гарадзкім судзе. Калегія Менскага гарсуду пакінула прысуд бязь зьменаў. У апошнім слове на судзе Бандарэнка казаў пра магчымую правакацыю спэцслужбаў, але не адмаўляў і таго, што «сваімі дзеяньнямі гэтаму дапамог»".