Сапраўдныя беларускія інтэлігенты вешаюцца толькі на слуцкіх паясах. Гэта манкурт які-небудзь можа дазволіць сабе сьмерць ад расейскіх тавараў і іншага куртатага імпарту — нацыянальны сьвядомы грамадзянін мусіць ведаць і шанаваць сваю гісторыю. Але аўтэнтычны слуцкі пояс цяпер паспалітаму чалавеку дастаць цяжка. Таму беларуская інтэлігенцыя жыве, як нічога-ніякага — а разам зь ёй жыве Беларусь. Клічнік. Воплескі.
Вось і галоўны знаўца слуцкіх паясоў, а таксама ўсяго на сьвеце, заявіў ня так даўно з экранаў тэлевізараў, што слуцкі пояс мусіць быць дома ў кожнай беларускай сям’і. Цяпер ясна, да чаго ён хіліў.
Да прыгажосьці, вядома ж.
...Ісьцінная прыгажосьць заўжды бессэнсоўная. Дакладней, яе сэнс — толькі ў ёй самой. Яна цуд, а цуд зьява самадастатковая — кожны цуд супраціўляецца і зьнікае, калі да яго пачынаюць падыходзіць утылітарна. Гэта заўважыў яшчэ Максім Багдановіч, аўтар славутага верша пра беларускі трыкатаж:
«У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты, ткаць залатыя паясы»,
напісаў ён: то бок паясы ствараюцца дзеля чагосьці, што не выконвае ніякай сацыяльнай функцыі, ня служыць ні грамадзтву, ні адраджэньню, ні нацыянальнай ідэі. Проста нейкая абстрактная краса, панская забаўка, гульня ў Пэрсію. Тыя кабеты, якія за пару жабрацкіх мільёнаў і без сацпакета працуюць на гэтым сумнеўным сумесным прадпрыемстве, унутрана пратэстуюць супраць такога падыходу да каштоўных матэрыялаў. Праўда, слуцкія ткачыхі — не ліёнскія ткачы, пратэст выяўляецца спантанна, клясавая сьвядомасьць у ткачых кволая, але нават яны супраць фармалізму і дэкадансу.
І тчэ, забыўшыся, рука... Яна і цяпер любіць забыцца — і паставіць на службу грамадзтву і радзіме тое, што служыць каму-кольвечы па сваёй прыродзе ня можа.
Але ці належыць гэтая разумная і рацыянальная рука жанчыне?
Багдановіча папракаюць, што ён усё паблытаў: ткаць такія паясы некалі маглі толькі мужчыны. Толькі мужчына здольны правільна прыгатаваць шашлык з бараніны і слуцкі пояс. А яшчэ ў ягоным вершы крыху бянтэжаць горы, гэтая неад’емная частка айчыннага краявіду: горы, між якіх відаць нават нейкую рэчку... Цалкам сабе Каўказ. Што будэт, што будэт — слюцкі пояс із тэбя будэт. Што да дакладнасьці, дык паэтам ніколі нельга верыць на іхнае чыстае крынічнае слова. Але мы ж іх не для таго чытаем — верш Багдановіча сам па сабе ня меншы цуд за слуцкі пояс. Таму ня будзем браць прыклад з ткачых і ткаць замест багдановіцкай чыстай красы васількі праўдападабенства.
Слуцкі пояс — гэта чорны пояс Беларусі па эстэтычным каратэ. Зь ім можна спакойна выходзіць у цёмную ноч гісторыі і не баяцца сутычак з забыцьцём — народ, які быў здольны на такое, непераможны.
Цікавыя мэтамарфозы адбываюцца з рэчамі — і слуцкія паясы не выключэньне. Ад пачатку насіць такі пояс было адзнакаю крутасьці яго ўладальніка. Як мець належнай маркі мэрсэдэс, тоўсты залаты ланцуг і малінавы пінжак у ліхія дзевяностыя. Гэта потым ужо да пояса пачалі ставіцца як да мастацтва. Свае дзевяностыя былі ў кожным стагодзьдзі.
Як і свае дваццатыя.
Што агульнага, напрыклад, паміж слуцкім поясам і Слуцкім паўстаньнем? Ня толькі тое, што імі можна ганарыцца без дадатковых тлумачэньняў і лішніх агаворак: гэта ўсё нашае. Як уладальнік слуцкага пояса некалі імкнуўся паказаць незвычайным узорам на ім і залатой ніткай, што, маўляў, вось я які, сам сабе пан, іншых такіх няма — так і збройны чын у цяперашняй цукровай сталіцы імкнуўся давесьці сьвету: мы самі сабе паны. І іншых такіх няма. Ці атрымалася? Хто яго ведае. Кожны пояс з калекцыі Радзівілаў быў унікальны — а ці можна лічыць унікальным істоту зь беларускім пашпартам, якая, адпачываючы на курортах, з гатоўнасьцю заяўляе, што яна «із Рассіі»? Ёсьць і такія беларусы. Сам бачыў.
Хаця што да нашага — тут усё ня так проста. Кажуць, нашых паясоў багата ў польскіх, расейскіх і украінскіх музэях. Ніхто не зьбіраецца іх аддаваць. Кажуць, на вуліцы знайшлі. Што ўпала — тое прапала. Разьвязаўся. Лепей трэба было завязваць.
Тое, што слуцкі пояс можна сьмела запісваць у нацыянальныя цуды, даказвае гісторыя з Мулявіным — беларусам, які, адпачываючы на курортах, мог сьмела казаць усім, што ён «із Рассіі», і ніхто яго за гэта дагэтуль не папракне, нават вечна жывая беларуская інтэлігенцыя. Некалі гэты чалавек пачуў згаданы верш Багдановіча і так пранікся беларушчынай, што напісаў на той верш песьню. Праўда, ансамбль свой ён назваў ня «Слуцкія ткачыхі», а «Песьняры». Можа, і дарэмна.
Магчыма, з гэтага і пайшоў звычай падпяразваць слуцкімі паясамі схуднелую нацыянальную сьвядомасьць. Цуды наогул могуць моцна ўплываць на сьвядомасьць. І тут няма розьніцы паміж чарадзейнай беларускай самагонкай і дзівоснымі залатымі ўзорамі на старой тканіне — і адно, і другое абуджаюць ірацыянальныя пачуцьці, на якіх трымаецца сьвет.
Але ці можна з музэйных экспанатаў збудаваць сабе сёньня? Або будучыню? Пытаньне адкрытае — як дзьверцы старой шафы. У ёй цікава пакорпацца, нават калі ты не краязнаўца і не беларускі інтэлігент. Але жыць у ёй ня стане нават ён. Там цёмна і пыльна, там пахне малітвамі і сродкам ад молі. Там ляжаць кнігі, у якія можна толькі верыць, але якія немагчыма чытаць — празь недахоп сьвятла.
Камусьці слуцкія паясы даюць адчуваньне гордасьці за нацыю. І выклікаюць у гэтага кагосьці таемнае жаданьне лічыць сябе шляхтаю. Але век на двары ўжо даўно не шляхецкі. Ня трэба завязваць паясамі вочы — у продкаў такі спосаб не карыстаўся посьпехам. Гэта век нарэшце разбураных герархій — ганарыцца цяпер можна толькі свабодай, а калі яе няма — слуцкія паясы не дапамогуць, нават калі абвешацца імі з галавы да ног і завязаць на марскі вузел.
Значэньне слуцкага пояса наогул ня ў тым, што ім зручна і бясьпечна ганарыцца ў гэтыя цёмныя часы. А ў тым, што нашы людзі, як высьветлілася, заўжды былі здольныя на стварэньне чыстай, «панскай» красы. Яны не заўжды ставіліся да прыгажосьці так утылітарна, як сёньня. Рэч не ў крыві і не ў традыцыях — а ў таленце. І толькі ў ім. Слуцкі ён, рагачоўскі або менскі, якая розьніца.