Ужо нейкі час Басман раздумваў пра некаторыя здарэньні са сваёй маладосьці, здарэньні без працягу, якія рэзка абарваліся, пра твары без імёнаў, мімалётныя сустрэчы. Усё гэта належала далёкай мінуўшчыне, але паколькі гэтыя кароткія эпізоды ня зьвязваліся з пазьнейшым жыцьцём, яны заставаліся ў падвешаным стане, у вечным цяпер. Ён не перастане задаваць сабе пытаньні, але й ніколі не атрымае адказаў. Гэтыя аскялепкі памяці назаўжды застануцца для яго загадкамі. Ён пачаў складаць сьпіс, спрабуючы ўсё ж знайсьці нейкі зыходны пункт: дату, назву месца, прозьвішча, якое пішацца немаведама як. Купіў нататнік у вокладцы з чорнай штучнай скуры і ўвесь час насіў яго за пазухай свайго пінжака, каб у любы момант запісаць пробліск успаміну, перш чым ён зноў занурыцца ў цемру. Яму здавалася, што ён раскладвае пасьянс.
Ён паступова ўзнаўляў хаду падзеяў, але часам яго даймала шкадаваньне: чаму ён выбраў гэткі шлях, а ня іншы? Чаму ён дазволіў кануць у безназоўнае нейкаму абліччу ці нейкай постаці, даме ў дзівотнай футравай шапцы або той іншай з сабачкам на павадку?Пры думцы аб тым, што магло адбыцца, але так і не адбылося, у яго кружылася галава.
Аскялепкі ўспамінаў адносіліся да таго часу, калі наша жыцьцё апынаецца на ростанях, калі перад намі адкрываецца столькі дарог, што цяжка выбраць адну. Запісы запаўнялі ягоны нататнік, нагадваючы яму артыкул пра цёмную матэрыю, які ён напісаў для астранамічнага часопісу. За сапраўднымі здарэньнямі і знаёмымі тварамі ён выразна адчуваў прысутнасьць цёмнай матэрыі: кароткія сустрэчы, прапушчаныя спатканьні, страчаныя лісты, забытыя імёны і нумары тэлефонаў, якія засталіся ў згубленым старым дзёньніку, і ўсе тыя незнаёмыя твары, каля якіх праходзіш, нават іх не заўважаючы. Цёмнай матэрыі ў жыцьці, як і ў астраноміі, значна больш, чым матэрыі бачнай. Яна бясконцая. У ягоным нататніку адлюстраваліся толькі некаторыя слабыя пробліскі мігценьня на дне гэтай цемені. (...)
Ёсьць людзі, якія ўжо пасьля адной-дзьвюх такіх фразаў беспамылкова вызначаюць іхнага аўтара. Гэтак мог напісаць толькі ён, і ніхто іншы. Таму што для гэтых людзей літаратура падзяляецца на дзьве часткі, больш-менш паводле наступнага прынцыпу: ёсьць пісьменьнікі, і ёсьць Патрык Мадыяно. Вышэй працытаваны фрагмэнт — пачатак раману Мадыяно «Далягляд» (L’Horizon, 2010).
Я разумею, што сёлетняе рашэньне швэдзкіх акадэмікаў — прысудзіць Нобэлеўскую прэмію па літаратуры францускаму аўтару Патрыку Мадыяно — зьбянтэжыла вялікі гурт чытачоў ва ўсім сьвеце, нават і тых, што чытаюць ня толькі фэнтэзі, дэтэктывы і жаночыя раманы, але і нешта мацнейшае. Хто ён такі? Яшчэ адзін нобэль паводле палітычнага ці нацыянальнага ключа, а не паводле літаратурнай вартасьці?
Нічога падобнага. Патрык Мадыяно — адзін з найзначнейшых пісьменьнікаў сусьветнай літаратуры, «Пруст сучаснасьці», як яго называюць францускія і міжнародныя крытыкі. Справа хутчэй у тым, што Мадыяно — чалавек неверагоднай сьціпласьці, які, зачыніўшыся ў сваёй парыскай кватэры, прысьвяціў сябе поўнасьцю пісьменьніцкаму занятку і ня дбае ні пра рэкляму, ні пра тое, хто яго чытае і чаму.
«Пісьменьнік заўсёды ў сытуацыі вязьня. Калі вы нешта пішаце, вы ня ведаеце свайго чытача, у вас блытаная карціна кніг, якія вы напісалі. Што я сапраўды хацеў бы ведаць, дык гэта чаму яны зрабілі такі гонар мне, выбіраючы мяне сярод іншых», — сказаў Патрык Мадыяно журналістам, якім нарэшце ўдалося знайсьці пісьменьніка пад вечар 9 кастрычніка — дня, калі Швэдзкая Акадэмія Літаратуры ўшанавала яго званьнем нобэлеўскага ляўрэата.
Мадыяно гаворыць менавіта так — блытана, цьмяна, не зусім каб лягічна і не зусім каб граматычна. Таму, мабыць, ён і ня хоча часта паказвацца на публіцы і даваць інтэрвію. Але вось у сваіх кніжках — ён паўстае як адзін з найбольш рафінаваных стылістаў францускай літаратуры. Як я ўжо згадаў, яго называюць «Прустам сучаснасьці». Аднак у адрозьненьне ад Марсэля Пруста Патрык Мадыяно піша карацей — калі мець на ўвазе і даўжыню паасобных сказаў, і аб’ём цэлых кніжак. Раманы Патрыка Мадыяно — да гэтага часу ён апублікаваў іх больш за 20 — пераважна налічваюць 100-150 старонак галімараўскага фармату folio. Стыль Патрыка Мадыяно — просты і празрысты; лексыка — звычайная, такая, якую можа натуральна ўжываць любы чалавек у звычайнай сытуацыі на вуліцы або ў сябе дома на кухні. Але вось пры дапамозе гэтай тэхнічнай прастаты і празрыстасьці ды звычайнасьці пісьменьніку ўдаецца ствараць свой асаблівы сьвет, які ня зблытаеш зь ніякім іншым.
У сёньняшнім сьвеце, дзе патрабуецца выключная сьцісласьць і нешматслоўнасьць, каб данесьці інфармацыю да масавага спажыўца, пра матывы і тэмы творчасьці Патрыка Мадыяно кажуць так: страта ідэнтычнасьці, пачуцьцё віны, памяць і забыцьцё. Усё гэта праўда, але ўсё гэта і занадта складана, каб абмежавацца толькі гэтымі вызначэньнямі. Іх хапае, каб паставіць лайк у фэйсбуку, але не хапае, каб узяць у рукі раман Мадыяно і паспрабаваць яго пачытаць. Ну бо пра такое пішуць сотні і тысячы іншых, праўда?
Патрык Мадыяно нарадзіўся ў прадмесьці Парыжу ў 1945 годзе. Бацька ў яго быў італьянцам (габрэйскага паходжаньня), маці — флямандкай. Бацькі будучага пісьменьніка пазнаёміліся падчас нямецкай акупацыі Парыжу і тады пабраліся шлюбам. Постаць бацькі, калі можна так сказаць, ключавая для творчасьці Патрыка Мадыяно. У пісьменьніка так ніколі й ня склаліся добрыя і даверлівыя адносіны з бацькам. І ў Патрыка Мадыяно на ўсё жыцьцё засталася адна вялікая таямніца — як ягонаму бацьку, габрэю па паходжаньні, удалося выжыць у акупаваным нацыстамі Парыжы, ня носячы нашытай на адзеньне «зоркі Давіда» і ня трапіўшы ў высылку ў канцэнтрацыйны лягер? І чым бацька займаўся падчас акупацыі — быў калябарантам, кантрабандыстам, здаваў іншых габрэяў у гестапа? Траўматычныя сямейныя адносіны паглыбіліся пасьля сьмерці ад леўкеміі дзесяцігадовага брата пісьменьніка, Рудзі, зь якім Патрык быў вельмі блізка зьвязаны. Шэраг сваіх пазьнейшых раманаў Патрык прысьвяціў якраз брату Рудзі, і ў шэрагу зь іх выступае постаць таямнічага і незразумелага бацькі, у адносінах да якога галоўны герой адчувае боязь і цікаўнасьць, захапленьне і агіду, пашану і пагарду адначасова.
Свае першыя тры раманы — «Пляц Зоркі», «Начная варта», «Бульварнае кальцо» — Мадыяно прысьвяціў якраз пэрыяду акупацыі Парыжу, якога ён, зразумела, ня мог помніць. Тым ня менш, у сваёй фармулёўцы швэдзкія акадэмікі напісалі, што Мадыяно атрымлівае прэмію за «мастацтва памяці, пры дапамозе якога ён ажывіў найбольш няўлоўныя чалавечыя лёсы і раскрыў жыцьцё ў сьвеце акупацыі». Калі казаць тут пра памяць акупацыі, то гаворка вядзецца хутчэй пра «генэтычную памяць», чым пра тую, якая, як усе мы верым, месьціцца недзе ў нашай мазгавой кары.
А потым зьявіўся раман «Віла Журба» (Villa Triste, 1975), які паклаў пачатак новаму матыву ў творчасьці Мадыяно — пошуку адказу на пытаньне, што насамрэч стварае ідэнтычнасьць асобы і яе непаўторнасьць (ці, магчыма, паўторнасьць): характар, здольнасьць запамінаць, здольнасьць забываць? Раман, напісаны ад першай асобы пра падзеі 10-гадовай даўнасьці, зьяўляецца першым, вельмі ўдалым для пісьменьніка досьледам фэномэну памяці і забыцьця. У рамане, канешне, прысутнічае і постаць таямнічага бацькі галоўнага героя. «Віла Журба» распавядае гісторыю дваццацігадовага чалавека, які хаваецца ад арміі ў курорце на француска-швайцарскай мяжы. Францыя вядзе вайну ў Альжыры, і пратаганіст раману ня хоча туды патрапіць. У гэтым ёсьць выразны аўтабіяграфічны элемэнт — у сярэдзіне 1960-х Патрык Мадыяно хаваўся ад арміі ў Парыжы. Калісьці, выпадкова сустрэўшы свайго бацьку на вуліцы, Патрык папрасіў у яго грошай, бо быў галодны. Замест таго, каб даць сыну грошы, бацька здаў яго ў паліцыю...
Як мне здаецца, самым дасканалым у мастацкіх адносінах зьяўляецца раман «Вуліца Цёмных Крамак» (Rue des Boutiques Obscures, 1978), за які Мадыяно атрымаў найбольш прэстыжную літаратурную ўзнагароду Францыі — Прэмію Ганкураў. Пабудаваная на схеме дэтэктыву гісторыя паказвае пошук сваёй сапраўднай ідэнтычнасьці чалавекам, які ў маладосьці страціў памяць і «нарадзіўся нанова», пачаўшы працаваць якраз дэтэктывам у прыватным бюро росшуку. Выйшаўшы на пэнсію, галоўны герой пастанавіў заняцца найважнейшым у сваім жыцьці росшукам — хто ён насамрэч, якое ў яго было мінулае перад тым, калі ён страціў памяць? «Вуліца Цёмных Крамак» — вялікі шэдэўр эўрапейскай літаратуры. Калі вы нічога не чыталі з Мадыяно, пачніце якраз з гэтай кнігі. А калі, выпадкам, вы чытаеце і па-беларуску, дык пачніце зь «Вілы Журбы», якая ў беларускім перакладзе зьявілася 15 гадоў таму.
Яшчэ адзін скразны матыў творчасьці Мадыяно — вялікі горад Парыж, ягоныя вуліцы, завулкі, мэбляваныя пакоі і кавярні. У літаратурах з моцнымі традыцыямі існуюць выдатныя кніжкі пра вялікія гарады — «Пецярбург» Андрэя Белага пра аднайменны горад, «Уліс» Джэймса Джойса пра Дублін, «Штрудльгофская лесьвіца» і «Дэманы» Гайміта фон Додэрэра пра Вену, «Бэрлін-Александэрпляц» Альфрэда Дзёбліна пра Бэрлін... Гэтыя кнігі ствараюць міталёгію вялікага гораду ў літаратуры. Сваю міталёгію Парыжу ў шэрагу раманаў — прыкладам, у «Вуліцы Цёмных Крамак», «Зьніклым квартале» (Quartier Perdu, 1984) або «Начным здарэньні (Accident nocturne, 2003) — стварыў і Патрык Мадыяно. Ён ня толькі стварыў міталёгію гэтага гораду, але, калі можна так сказаць, і яго анталёгію, і яго эпістэмалёгію. Я ня быў у Парыжы ні разу, але мне хочацца туды паехаць толькі таму, каб пахадзіць па вуліцах і кварталах, пра якія пісаў Патрык Мадыяно...
Ну але досыць... Атрымалася даўгавата, я ведаю. За апошнія 20 гадоў, бываючы ў розных гарадах і наведваючы кніжныя крамкі пры розных цёмных вулачках, мне ўдалося сабраць 20 раманаў Патрыка Мадыяно. Палову зь іх я ўжо прачытаў. Аднак я цешуся мацней з таго, што палова ўсё яшчэ застаецца непрачытанай.
На заканчэньне хачу прапанаваць яшчэ адзін кавалак прозы Патрыка Мадыяно, перш за ўсё ўсім тым, якія, прачытаўшы гэты мой тэкст, толькі сьцепануць плячыма і зноў занурацца ў фэйсбук :) Гэта фрагмэнт зь «Вілы Журбы», якая ўпершыню па-беларуску зьявілася ў двух выпусках часопіса «Правінцыя» — фантомным выданьні, якое гадоў 10-12 таму ажыцьцявіў ваш аўтар разам зь Сяргеем Шупам зь Вільні, Алесем Аркушам з Полацку і Аляксандрам Максімюком зь Беластоку.
Яе скура мела апалавы водсьвет. Цень лістка клаўся плямай на яе плячо. Часам апускаўся на дзявочы твар, як паўмаска. А часам спаўзаў ніжэй і затыкаў рот. Мне хацелася, каб ніколі не разьвіднела, каб мы зь ёю засталіся тут назаўсёды, скурчаныя на дне глыбокай цішыні ў тым акварыюмным сьвятле. Незадоўга да сьвітаньня я пачуў бразгат дзьвярэй, хуткія крокі недзе пад намі, грукат перавернутай мэблі, потым раскаты сьмеху. Івона спала. Сабака нешта сьніў, глуха зьвягаючы ў рэгулярных прамежках. Я прачыніў дзьверы. У гасьцёўні не было ні душы. Начнік увесь час гарэў, але ягонае сьвятло паблякла, з ружовага зрабілася далікатна зялёнае. Я выйшаў на тэрасу падыхаць сьвежым паветрам. Нікога не было і там, пад кітайскім ліхтаром, які ўсё яшчэ гарэў. Вецер хістаў яго, і па сьцяне прабягалі жаласьлівыя сьцені, некаторыя зь іх нагадвалі чалавечыя постаці. Унізе быў сад. Я спачатку ня мог акрэсьліць паху, які йшоў ад тае расьліннасьці і напаўняў тэрасу. Так, мне й самому цяжка было паверыць, бо адбывалася тое ў Верхняй Савоі, аднак жа я чуў пах язьміну.
Я вярнуўся ў гасьцёўню. Ад начніка далей струменіла бледна-зялёнае млявае сьвятло. Мне падумалася пра мора і пра марожаны напой, які п’юць у сьпёку: мятны д’ябал. Я зноў пачуў сьмех і зьдзівіўся ягонай чысьціні. Ён паходзіў зь нейкага вельмі адлеглага месца, але далятаў імгненна. Я ня мог зразумець, дзе была крыніца таго сьмеху. Сьмех гучаў ўсё больш крышталічна й лёгкакрыла. Яна спала, падаўшыся дапераду, з правай рукой пад шчакою. Сіняваты месячны прамень, які перасякаў кабінэт, асьвятляў куточкі ейных вуснаў, шыю, левы паўзадак і пяту. Прамой стужкай праходзіў празь ейную сьпіну. У мяне перахапіла дыханьне.