У наступным годзе даляр будзе каштаваць 11 300-11 400 беларускіх рублёў. Такі прагноз зрабіла старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова падчас пасяджэньня Савету міністраў 3 кастрычніка.
У выпадку рэзкіх зьменаў на ўсясьветным валютным рынку Нацбанк мае намер гнутка падыходзіць да фармаваньня дынамікі абменнага курсу ў межах, якія забясьпечваюць абмежаваны ўплыў на рост цэнаў.
Інфляцыю ў Беларусі ў 2015 годзе плянуецца ўтрымаць на ўзроўні 12%.
Таксама Ермакова паабяцала ў 2015 годзе жорсткую грашова-крэдытную палітыку.
Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што, каб спраўдзіўся прагноз Ермаковай, спатрэбяцца новыя крэдыты:
«Калі Беларусь атрымае такія ж пазыкі ад Расеі, як і ў гэтым годзе, то гэта магчыма. Але сытуацыя ў Расеі мяняецца ў сувязі з вайной ва Ўкраіне і санкцыямі з боку цывілізаванага сьвету. І таму наўрад ці Расея зможа даць нам вялізныя крэдыты для падтрыманьня сытуацыі. Таму мой прагноз такі, што, хутчэй за ўсё, дэвальвацыя адбудзецца ў памеры 30% цягам наступнага году. І інфляцыя будзе вышэй. Бо плацяжы па зьнешніх пазыках ў наступным годзе — 4 мільярды. Адкуль Беларусь возьме крэдыты для выплаты гэтых зьнешніх даўгоў у такой вялізнай суме — незразумела. Расея абяцала на наступны год толькі 500 мільёнаў даляраў.
Мой прагноз такі, што, хутчэй за ўсё, дэвальвацыя адбудзецца ў памеры 30% цягам наступнага году
Таму трэба будзе ісьці на дэвальвацыю. Бо валютны курс вызначаецца ня толькі збалянсаванасьцю зьнешняга гандлю, але і плацёжнага балянсу. А плацёжны балянс яўна не збалянсаваны. Таму для пагашэньня даўгоў трэба будзе зрабіць значна большую дэвальвацыю. Я ня бачу, адкуль мы можам атрымаць зьнешнія пазыкі. Сама эканоміка знаходзіцца ў крызісным становішчы, таму чакаецца інфляцыя больш за 20%.
Але, магчыма, нехта дасьць гэтыя вялізныя сумы ў 3-4 мільярды. Наступны год — гэта год прэзыдэнцкіх выбараў і, магчыма, Расея будзе ратаваць Лукашэнку, і тады ўсе гэтыя праблемы могуць перайсьці на 2016 год. Але праблемы вялікія».