Аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што звальненьне Натальлі Пяткевіч з пасады памочніка прэзыдэнта не магло адбыцца са згоды бакоў.
На думку, экспэрта, уражаньня, што яна стамілася, няма, а тыя пасады, якія яна займала, і яе кар’ера сьведчаць пра тое, што Натальля Пяткевіч — вельмі энэргічная жанчына.
«Мне блізкая вэрсія пра тое, што звальненьне магло быць наступствам скандалу з пранкерам Ваванам, які пажартаваў з Лукашэнкі праз тэлефон. Ёсьць інфармацыя, што менавіта Пяткевіч мела прамое дачыненьне да гэтага званка і кантактавала асабіста з Ваванам. Гэта найбольш верагодная вэрсія. Але ёсьць і іншыя чуткі. Ня выключана, што яна можа зьявіцца на ўрадавай пасадзе, зьвязанай са сфэрай культуры. Яе роля была вельмі яскравая. Менавіта Пяткевіч выконвала ролю негалоснай кантактнай асобы са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Яна вельмі добра асабіста знаёмая з Дэвідам Крамэрам, які ўзначальваў Freedom House. Улічваючы яе ўзрост, я ня думаю, што Лукашэнка ня будзе імкнуцца яе яшчэ дзе-небудзь скарыстаць».