Аляксандр Лукашэнка сваім распараджэньнем вызваліў Натальлю Пяткевіч ад пасады памочніка прэзыдэнта. У афійцыйным паведамленьні сьцьвярджаецца, што адбылося гэта са згоды бакоў.
Радыё Свабода пагутарыла пра асобу Натальлі Пяткевіч з былым начальнікам галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Пласкавіцкім, намесьніцай якога працавала калісьці Натальля Пяткевіч.
— Наколькі верагодна, што звальненьне адбылося са згоды Натальлі Пяткевіч?
— З аднаго боку, у тых, у каго кантракт, уласнага жаданьня не бывае на звальненьне, таму афармляюць, як дамоўленасьць бакоў. Зь іншага, — я думаю, прытамілася яна зноў, як і ў пачатку 2011 году.
— Натальля Пяткевіч мела імідж палітыка новай хвалі, нават арыентаванага на эўрапейскія каштоўнасьці. Наколькі такі вобраз адпавядае рэчаіснасьці?
— Гэта была вялікая памылка. Яна старанная дзяўчына, але не такая, каб нешта вызначаць. Прысутнічала, рабіла тое, што даручалі, але нічога новага ад яе ніколі не зыходзіла. У гэтым я ўпэўнены цалкам. Але яна вельмі старанны выканаўца. І яшчэ яна вельмі любіла быць далучанай да нейкіх высокіх матэрыяў, прысутнічаць любіла пры нечым выдатным.
— Але сама не ініцыявала?
— Яна не творчая асоба. Хай яна даруе, але творчасьць — гэта не яе. Яе — гэта штампаваць тыповыя ўчынкі і дакумэнты, якія адпавядаюць пэўным стандартам. А творчасьць і крэатыўнасьць — гэта не яе рысы. Я не магу сказаць, што яна добрая, хутчэй — непрыемная.
— Яна заўсёды былі згодная з прэзыдэнтам? Працуючы поруч зь ім, не прапаноўвала яму альтэрнатыўную думку?
— Я ня думаю, што можна быць цалкам згодным з прэзыдэнтам. Лукашэнка — асоба, як ён сам кажа, вельмі шматвэктарная. У яго ў адным сказе 28 думак. Ведаю, што яна падзяляла яго думку пра тое, што найбольш выдатныя асобы павінны мець многа грошай. Гэтаксама як і тое, што ўлада павінна быць вельмі жорсткай. Іншыя думкі Лукашэнкі яна не падзяляла ніколі. І менавіта таму ў яе была рэпутацыя лібэрала, тым больш што яна была за абагачэньне.
— Наколькі яна датычная да карупцыйных схем?
— Я ня думаю, што яна мела дачыненьне да нейкіх сур’ёзных карупцыйных мэханізмаў. А тое, што яе першы муж кіраваў лятарэйным бізнэсам, — дык гэта ня самая карупцыйная сфэра дзейнасьці. Ёсьць нашмат больш карупцыйныя.
— Дык можа ёй проста надакучыла праца памочніка кіраўніка дзяржавы?
— Я ўпэўнены, што на дадзены момант так і ёсьць. Яна і так праявіла вялікую цярплівасьць, так доўга прапрацаваўшы з Лукашэнкам. Але я думаю, што гэта не апошні раз, калі яна працуе зь ім. Такія сыходы ў яе ўжо былі, і, я думаю, будуць яшчэ. Таму сьпісваць яе назаўсёды нельга. Яна яшчэ вернецца.
— У іміджавым пляне Лукашэнку было выгодна мець маладую жанчыну ў камандзе...
— У Лукашэнкі няма каманды. У яго толькі прыслуга і толькі такая, якую ён дурыць і выкарыстоўвае. Той, каго Лукашэнка больш ня можа дурыць і выкарыстоўваць, больш зь ім не працуе.
А тое, як часта зьвярталі ў мэдыях увагу як на прыгожую маладую жанчыну, дык гэта толькі таму, што сярод журналістаў шмат маладых хлопцаў. Таму на гэта і зьвяртаецца ўвага. Яна ніколі не была сярод першых. Магчыма, яна сама хацела, каб так думалі, магчыма, яна падтрымлівала гэты імідж. Але гэта няпраўда і ў значнай ступені памылка і паказуха. Зь яе боку — паказуха. З боку маладых журналістаў — памылка. І ўвогуле, Лукашэнка любіць больш маладых дзяўчат. Зусім маладых. А калі яна прыйшла працаваць да яго прэс-сакратаром, яна ўжо не была ў тым узросьце, які прываблівае прэзыдэнта.
Натальлі Пяткевіч цяпер 41 год. Гэта архіўнае фота.
***
У верасьні 2011 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў Натальлю Пяткевіч сваім памочнікам. Раней гэтую пасаду займаў Уладзімер Матвяйчук.
Тады яна вярнулася ў блізкае атачэньне Лукашэнкі пасьля 8 месяцаў няпэўнасьці. На пачатку 2011 году яе адхілілі ад пасады першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, яна заставалася на грамадзкай працы — старшынёй Беларускай фэдэрацыі гарналыжнага спорту і сноўборду.
З 2009 году да сьнежня 2010-га Натальля Пяткевіч працавала першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. У 2001-2004 гадах яна была прэс-сакратаром прэзыдэнта. У 2004-2009 гадах — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.
Пяткевіч 41 год, яна ўваходзіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.
Аляксандар Пласкавіцкі быў звольнены з адміністрацыі Лукашэнкі ў 2000-м годзе, пасьля гэтага ён не застаўся ва ўладных структурах, не далучыўся і да апазыцыі.