Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзеньне з Эўропы


Што ні кажы, а беларусам пашанцавала — яны дагэтуль ня ведаюць, у якой частцы сьвету жывуць. А значыць, сюрпрызы для іх яшчэ ня скончыліся — і ня толькі геаграфічныя. А які народ ня любіць сюрпрызаў!..

Нават нявінная шыльда на краме сэканд-гэнд здольная навесьці беларусаў на думкі пра лёс радзімы і выклікаць у каго лютую злосьць, а ў каго — адчуваньне прыемнай унутранай гармоніі зь сьветам.

Тым самым сьветам, у якім мы, як вынікае з шыльдаў, пакуль што кепска арыентуемся.

Узяць хаця б вось такую, на першы погляд, абсалютна нецікавую шыльдачку:

«Адзеньне з Эўропы».

Такія вісяць на сотнях магазінаў па ўсёй краіне. Кожнаму ясна, што беларускім вытворцам у іх і ня пахне. Пахне працёртым на азадку ўсходнім партнэрствам і паношанымі лібэральнымі каштоўнасьцямі, пахне чужым плячом і нянаскім падпашкам. У беларускага вытворцы іншы пах — горды і востры. Беларускі вытворца на вагу не прадаецца і ў пральнай машыне ня тоне. Ён ня можа быць з чужога пляча — толькі з братэрскага. Але калі ўся гэтая раскоша, што прапануе сэканд-гэнд, была зьнятая з эўрапейцаў — хто тады мы? І калі яе, гэтую раскошу, сапраўды прывезьлі з Эўропы — што за кантынэнт мы топчам сваімі ботамі? Азію? Аўстралію? Афрыку? І калі яны эўрапейцы — дык хто мы?

У тым, што беларусы — афрыканцы, ёсьць, вядома, доля праўды. Усё чалавецтва родам з Афрыкі — як усе мы родам зь дзяцінства (дзе, як сьцьвярджаюць навукоўцы, «ля вакна рабіну вясёлы вецер калыхае»). Але нешта ня сходзіцца.

Гэты загадкавы кантынэнт, па якім мы ходзім, завецца «Русскій мір» — скажа аматар паношаных і залатаных ідэяў «велікой росіі». Аднак нават у той Беларусі, якая не адносіць сябе да Эўропы, такія ідэі даўно не папулярныя. Гэты кантынэнт завецца Беларусьсю — скажа патрыёт, аднак нават ён разумее, што ягоная Беларусь, нават калі яе разьдзьмуць сілай любові да памеру XXL, на мацярык не пацягне. Гэты кантынэнт — Атлянтыда, скажа рамантык, але наўрад ці затанулым атлянтам спатрэбіліся б пашытыя ў Банглядэшы нямецкія кашулі і францускія швэдры з Кітаю.

Хто ж мы? І дзе мы? Мы — эўрапейцы, якія пра гэта забыліся. Так бывае. Праблемы з памяцьцю. Таму і шыльды такія — «Адзеньне з Эўропы». Так чалавек, у якога вельмі слабая памяць, разьвешвае па доме паперкі з надпісамі, каб не забыцца, што дзе, і не пераблытаць гарачы прас з прасьцінай. Эўропу можна ўспомніць. Галоўнае — ня даць сябе падмануць фальшывымі ўспамінамі. А такая спакуса сустракае на кожным кроку. Уся сыстэма дзяржаўнай прапаганды і ідэалёгіі ды іншых неэўрапейскіх монстраў працуе з адной мэтай — прадукаваць фальшывыя ўспаміны і ня даць беларусам успомніць нешта важнае. Дзяржава згодная глядзець скрозь пальцы нават на некаторыя нацыяналістычныя забавы. Толькі б тут па-ранейшаму была не-Эўропа.

Эўропа, Эўропа... Нешта знаёмае. Эўропа недзе блізка, падказвае беларусам памяць. Але ня можа быць, каб настолькі. Каб яна была ў нас саміх. Калі паверыць у гэта, трэба ўсё перайначваць, трэба на ўсё паглядзець іншымі вачыма. Ня толькі на тыя дурацкія шыльды сэканд-гэндаў — у якіх, дарэчы, усё роўна гучыць нейкі эўрапейскі выклік мясцоваму забыцьцю: эўрапейскае — значыць, добрае.

Калі ўсьвядоміць сябе эўрапейцамі — высьветліцца, што прысьпеў час адмовіцца ад шмат якіх прыемных звычаяў, якія так цешаць большасьць нашых суайчыньнікаў. Высьветліцца, што замест роднасьці давядзецца наноў вучыцца паважаць роўнасьць і рознасьць. Вучыцца давядзецца шмат — і самым элемэнтарным рэчам: гаварыць, слухаць, бачыць. Памятаць і забываць. Дараваць і талераваць.

Быць эўрапейцам — гэта адказнасьць. Эўропа канчаецца ў Беларусі. Далей — тэрыторыя адвечнага бізантыйскага бізнэсу. Сучасная беларуская дзяржава — гэта адзін з варыянтаў, як Эўропа можа скончыць сваё існаваньне. Не хацелася б. Хацелася б, ясная рэч, іншага: каб і яна, Эўропа, занялася сваімі ўспамінамі. Каб успомніла пра тое, што ёсьць мы — цень Вялікага Княства, на які, канечне, можна накласьці якія-заўгодна контуры, але ж цень будзе падаць, і адмахнуцца ад яго немагчыма.

Мы — жыхары мяжы дзьвюх дзяржаў, як пяецца ў вядомай песьні. Крочым у імжы між застаў. У нейкім сэнсе яно, вядома, так і ёсьць. Калі Эўропу ўспрымаць як дзяржаву — чужую нам, недасяжную, непатрэбную, часам варожую, часьцей абыякавую. Але калі адчуць сябе эўрапейцам — дзяржава застанецца толькі адна — на тым, іншым баку. Можа, гэта адна з прычынаў таго, што беларусы ня надта хочуць пакуль што туды, у Эўропу. Там сам панятак мяжы настолькі зьмяніўся, што беларусаў гэта палохае. Можа, нам проста шкада іх губляць: тую халодную імжу за каўнярамі і тыя памежныя заставы?

Сучаснай беларускай дзяржаве сваіх межаў шкада. І гэта пры тым, што адну зь іх яна растварыла ў салянай кіслаце ўласнай братэрскай любові. Пародыя на Эўразьвяз замест Эўропы.

Межы дзяржавы пад назваю Рэспубліка Беларусь дзіўным чынам адлюстроўваюць характар яе насельнікаў. Тых самых, якія ня ведаюць, дзе яны і хто — але пры гэтым хочуць жыць добра.

Мяжа з Расеяй увасабляе беларускую безабароннасьць, непрыкметнасьць і адкрытасьць. Праўда, адкрытасьць гэтая ў адзін бок — але калі ўсё ў хаце адчыніць, скразьняк пачнецца.

Мяжа з Латвіяй — кароткая, як беларуская памяць.

Мяжа з Украінай — няясная і цьмяная, як беларускія намеры.

Мяжа зь Літвой — любімая народам, як беларуская песьня.

Мяжа з Польшчаю — надзейная, як беларуская хітрасьць.

Існуе і яшчэ мяжа, апошняя. Значна больш непраходная і цяжкаадольная за ўсе названыя. Гэта мяжа паміж самімі беларусамі і іхнай дзяржавай. На ёй панаставілі блёк-пастоў, панацягвалі дроту, набудавалі пунктаў пропуску і мытняў, загрувасьцілі яе шлягбаўмамі. Усе службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, усё як мае быць. Вось толькі працаваць няма для каго. Людзей на гэтай мяжы не відаць. З гэтага боку ніхто за мяжу ня ходзіць, бо ў той дзяржаве, калі шчыра, няма чаго рабіць; з таго, дзяржаўнага боку робяць выгляд, што ніякай мяжы няма. А які бок абраць — ведае толькі твой унутраны памежны сабака.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG