Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР хоча пашырыць дзейнасьць у Беларусі


Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) бачыць магчымасьці для актывізацыі дзейнасьці ў Беларусі. Такое меркаваньне на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам выказаў прадстаўнік Рады дырэктараў ЭБРР Шон Донлан.

"Мы лічым, што ёсьць магчымасьці для пашырэньня нашай дзейнасьці нават ва ўмовах калібравальнага падыходу«,— цытуе прадстаўніка ЭБРР агенцтва БЕЛТА.

Дэлегацыя ЭБРР знаходзіцца з візытам у Беларусі з пяцідзённым візытам, каб выслухаць прапановы беларускага боку і разгледзець іх на пасяджэньні Рады дырэктараў, прызначаным на наступны тыдзень.

У Беларусі з гэтым банкам было шмат супольных сыстэмных праектаў, у тым ліку ў галіне дарожнага будаўніцтва, сувязі, энэргетыкі.

Прэм’ер беларускага ўрада Міхаіл Мясьніковіч выказаў спадзеў, што ЭБРР дапаможа Беларусі ў правядзеньні будучых структурных рэформ, заплянаваных урадам:

«Мяркую, што рэсурсы банка ЭБРР могуць быць добрай дапамогай у рэалізацыі гэтых працэсаў».

Дэлегацыя Рады дырэктараў ЭБРР знаходзіцца ў Беларусі з 22 верасьня. У праграму ўвайшло наведваньне некалькіх гарадоў Беларусі, у тым ліку Смаргоні, Фаніпаля, Баранавічаў, Мінска. Падчас візыту дэлегацыя праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай і рэгіянальнай улады, замежнымі і мясцовымі інвэстарамі, а таксама з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, каб абмеркаваць палітычнае і эканамічнае разьвіцьцё Беларусі.

ЭБРР зьяўляецца буйным інвэстарам у Беларусі. Па стане на 1 верасьня 2014 года банк выдзяліў больш за 1,5 мільярда эўра па 66 праектах. Аб’ём апэрацый ЭБРР у 2013 годзе дасягнуў ўзроўню 255 мільёнаў эўра. Гэтыя сродкі банк накіраваў на падтрымку праектаў мясцовых і замежных інвэстараў у прыватным сэктары Беларусі.

Сёньня а 15-й гадзіне дэлегацыя ЭБРР правядзе прэсавую канфэрэнцыю па выніках свайго візыту, на якой акрэдытаваны карэспандэнт Свабоды. Падрабязнасьці — пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG