Ля суду Цэнтральнага раёну Менску затрыманыя журналісты Аляксандар Баразенка, Натальля Валакіда і Сяргей Сацюк-Грабоўскі, а таксама актывіст Ільля Дабратвор.
Паводле папярэдніх зьвестак, іх даставілі ў Ленінскі РУУС.
У судзе Цэнтральнага раёну мае пачацца суд над грамадзкім актывістам Юрыем Рубцовым.
Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да Аляксандра Баразенкі, які разам з астатнімі затрыманымі цяпер у пастарунку:
«Мы знаходзімся ў Ленінскім РУУСе, нас затрымалі ля Цэнтральнага суду Менску падчас працы над асьвятленьнем працэсу над Юрыем Рубцовым. Мы пачалі здымкі. Да нас падышлі каля пяці супрацоўнікаў АМАПу, трое ў цывільным і двое ў форме. Нас затрымалі і даставілі ў пастарунак „для высьвятленьня абставінаў“. Ніякіх абвінавачаньняў нам не прад’явілі, проста забралі праверыць нашы дакумэнты».
Ільлю Дабратвора таксама затрымалі ля суду. Міліцыянтам не спадабалася, што на ім была апранута майка з надпісам «Свабоду палітвязьням».
Журналістаў пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны, праверылі дадзеныя і адпусьцілі.